Яшчэ адна дзяўчына-падлетак адправілася ў кругасьветку на яхце

Яхта 16-гадовай амэрыканкі Эббі Сандэрлэнд адплыла ў нядзелю з Лос-Анджэлесу. Эббі прэтэндуе на тытул наймаладзейшага мараплаўца, які калі-небудзь зьдзяйсьняў кругасьветную вандроўку на яхце. Між іншым, недзе ў Атлянтыцы ўжо трэці месяц знаходзіцца іншая маладая скаральніца акіяну — аднагодка Эббі аўстралійка Джэсыка Ўотсан.

 

Амэрыканка плянуе пераплыць тры акіяны і безьлічы мораў за паўгады і ўжо напачатку лета вярнуцца ў родны яхт-клюб. Увесь гэты час Эббі правядзе ў адзіноце, але зможа камунікаваць з бацькам, які ўласнымі рукамі пабудаваў яхту для дзяўчынкі, і астатнім сьветам праз сатэліт.

Дзякуючы сатэліту Эббі зможа знаёміцца з прыгодамі 16-гадовай аўстралійкі Джэсыкі Ўотсан, якая з канца кастрычніка змагаецца са штормамі, таксама спрабуючы абагнуць Зямлю ў адзіночным плаваньні на яхце. Ва ўласным блогу Джэсыка нядаўна распавяла аб тым, як яна абагнула мыс Горн і чаго ёй больш за ўсё не хапае ў плаваньні (сяброў, магчымасьці вольна перасоўвацца і добрага кубка кавы).


Аўстралійка Джэсыка Ўотсан у плаваньні ўжо больш за 100 дзён. Ззаду застаўся мыс Горн.

Як і Джэсыка, Эббі паклапацілася аб інфармацыйнай падтрымцы вандроўкі і заснавала блог, дзе ў рэжыме рэальнага часу можна пабачыць месцазнаходжаньне адважнай дзяўчыны.

У мінулым годзе спроба 13-гадовай галяндкі Лоры Дэкер абысьці вакол сьвету на яхце скончылася судом, які забараніў плаваньне з-за надта юнага ўзросту дзяўчыны. Тытул самага маладога яхтсмэна, які зьдзейсьніў кругасьветнае плаваньне, пакуль што трымае 17-гадовы школьнік зь Вялікабрытаніі Майк Пэрам.

Паводле AP

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.