Быстрыца — зямля могілак і сьвятога Аўгустына

Быстрыца

Нават калі вы ня любіце наведваць мясьціны, зьвязаныя з войнамі, Быстрыца мусіць выклікаць інтарэс толькі з-за колькасьці мэмарыялаў, і, адпаведна, салдацкіх костак, пакінутых тут. Едзем у Быстрыцу на бераг Віліі, дзе крывічы калісьці ўзьвялі «паравоз», у лесе жыў цмок, а ў сярэднявеччы праслаўлялі хрысьціянскага бога загадкавыя манахі-аўгустынцы.

Быстрыца — адно з самых старажытных паселішчаў Астравеччыны. Яму болей за 700 гадоў! Раней плынь ракі Віліі, на якой стаіць мястэчка, балы хутчэйшай, рака вузейшая, карацей, месца было ідэальным для пераправы. Таму крывічы разьмясьцілі тут пераправу-перавоз, альбо, як яны казалі, «паравоз».

Манахі ніадкуль

Як і ў суседніх Міхалішках, у Быстрыцы стаяў аўгустынскі кляштар. Заснавалі яго ў 1390 г. з санкцыі самога князя Ягайлы. Аўгустынцы — ордэн загадкавы, бо дакладна ніхто ня ведае, адкуль ён узяўся. Было некалькі груп такіх манаскіх суполак, якія жылі па правілах сьвятога Аўгустына. Але як быў заснаваны гэты ордэн, застаецца загадкай.

Быстрыца

А ў 1523 годзе па загаду караля Жыгімонта I Старога тут зьявіўся касьцёл узвышэньня сьвятога Крыжа. Праз 240 гадоў касьцёл дзякуючы архітэктару з Сылезіі Ёгану Крыштапу Глаўбіцу набыў фасад у стылі «віленскага барока». Пазьней ён пасьпеў трапіць у рукі праваслаўнай царквы, але ў 1918 яго зноў вяртаюць каталікам.

Быстрыца

Зямля магіл

Яшчэ ў часы ВКЛ тут знаходзілася рэзыдэнцыя віленскага ваяводы. А ў стагодзьдзі дваццатым шматлікія войны прайшліся па гэты мясьцінах. Цяпер тут, падаецца, мерцьвякоў, болей, чым жывых жыхароў.

У 1915 нямецкія войскі робяць ля Быстрыцы «Сьвянцянскі прарыў» фронту, у выніку якога нават даходзяць да Менску. Пазьней яны адступілі, але мэмарыял з аднайменнай прарыву назвай у Быстрыцы захаваўся дагэтуль.

Іншая вайсковыя могілкі тычацца ўжо савецка-польскай вайны 1919 году, распачатай па ініцыятыве Польшчы. Тады палякі акупавалі значную частку Беларусі і Ўкраіны, пасьля чаго пачалі закідвалі фэдэралістычныя ідэі, абяцаючы беларусам і ўкраінцам аўтаномію. Але Чырвонае войска здолела прарваць польскі фронт. Дайшлі чырвоныя практычна да Варшавы. Але галоўнакамандуючы польскім войскам Пілсудскі здолеў нанесьці флянгавы ўдар і ўжо палова Беларусі апынаецца пад польскім кіраўніцтвам.

У час адступленьня палякаў вяліся жорсткія абарончыя баі і ля Быстрыцы, дзе яны былі надзвычай крывавымі, загінулі некалькі сотняў чалавек. Палякаў пахавалі побач з касьцёлам. А вось чырвонаармейцы знайшлі супакой на ускрайку цэнтральнага пляцу.

Мэмарыял палякаў зьнішчалі, пасьля зноў аднаўлялі. Пад Быстрыцай загінуў брат прэм’р-міністра БНР Рамана Скірмунта, які на баку палякаў удзельнічаў у абарончым баі. Тут яго і пахавалі.

Цмокаловы

Яшчэ ў быстрыцкіх лясах жыве цмок. Нават два. Першы — на нябёсах, і прылятае ён толькі пасьля дажджу. «Нябеснага цмока» большасьць ведае як вясёлку. Але ў мясцовых жыхароў такога слова няма — толькі цмокі.

Быстрыца

Другі цмок больш загадкавы. Ён умее пераўвасабляцца, а яшчэ, каб жыць, час ад часу высмоктвае сілы з жывых істотаў. «Чырвоная шурпатая скура, у вачах полымя, язык — нiбы лязо, магутныя клыкi, iклы i вострыя даўжэзныя кiпцюры», — так апісвалі загадкавага быстрыцкага цмока сябры таварыства «Этна», што аднойчы зладзілі экспэдыцыю для пошукаў пачвары.

Цмока, што праўда, не знайшлі, але, па іх словах, найсмачнейшых быстрыцкіх дранікаў пакаштавалі.

Як даехаць да Быстрыцы

Ад Астраўца, да якога адсюль 29 км, ходзіць адзін-адзіны аўтобус Астравец-Жарнелі і робіць гэта толькі па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях (выходзіць з Астраўца ў 6:00 і 15:00, з Быстрыцы ў 7:22 і 17:13). У астатнія дні і гадзіны варта спадзявацца толькі на грамадзкі транспарт да ажыўленага скрыжаваньня ў вёсцы Варона (ад яе да Быстрыцы 4 км).

Дабрацца ад папярэдняга пукту нашага астравецкага ПраДарожжа, Міхалішак, вельмі лёгка дзякуючы трасе Р45.

http://www.example.com/Link11 Мапа рэгіёну

Глядзіце Вандроўкі: Астравец на большай мапе

Чытайце пачатак ПраДарожжа па Астравеччыне ў артыкуле «Вяртаньне да вялікай вады: псыхічныя стыхіі Жодзішак». Наступным разам працягнем у Тракеніках!

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Геранёны, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Радзівілмонты і іншыя.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0689 seconds.