Варняны — узорнае мястэчка

Калісьці Варняны слылі як адна з найпрыгажэйшых сядзібаў Віленскага краю. Даўні палац сышоў у нябыт, але незвычайны, пабудаваны па агульным грандыёзным пляне гандлёвы і рамесны цэнтар мястэчка захаваўся з 18 ст. Едзем у Варняны спазнаваць сакрэты старажытнага роду Абрамовічаў, сярод якіх вадзіліся і кавалеры «Ганаровага Легіёну», і літаратары, а папярэднічалі ім змоўшчыкі і фальшываманэтчыкі.

«Абрамовічы на Варнянах»

Варняны
Касьцёл сьвятога Юр’я ў Варнянах 

Калісьці Варняны належылі вельмі авантурнаму чалавеку, звалі якога Рыгорам Осьцікам. У свой час ён арганізаваў падпольны манэтны двор, дзе чаканіў фальшывыя грошы і пячаткі. Жаданьне захапіць карону Вялікага княства зьвяло яго з маскоўскім царом Іванам Жахлівым. Але скончыў ён жыцьцё на шыбеніцы, як і большасьць здраднікаў.

Пасьля гэтага выпадку Варняны трапілі да сьмелага і адукаванага… пісьменьніка, які набыў славу ў час вайсковых паходаў караля Стафана Баторыя, — Яна Абрамовіча. Ян скончыў Падуанскі ўнівэрсытэт — самы прэстыжны ў тыя часы ў Эўропе, і вярнуўся назад. Тады шляхта заўжды вярталася дадому пасьля навучаньня, у адрозьненьні ад цяперашніх традыцый.

Абрамовіч зрабіў тут галоўную сваю рэзыдэнцыю, з тых часоў усе прадстаўнікі роду падпісвалі дакумэнты словамі «Абрамовічы на Варнянах». Добрая адукацыя дапамагла яму стаць аўтарам некалькіх кніг, фундаваць выданьне рэлігійнай літаратуры. Ян апекаваўся над галоўным ідэолягам рэфармацыі ў ВКЛ, філёзафам і правазнаўцам Андрэем Воланам.

Варняны
З нэагатычнай вежы, стылізаванай пад вежу-данжон, адкрываецца цудоўны від

Абрамовічаў называюць апалягетамі пратэстантызму. Яшчэ ў 16 ст. яны засноўваюць тут кальвінскі збор, у самыя цяжкія часы ганеньняў на пратэстантызм адстойваюць права існаваньня пратэстантаў у Варнянах, і толькі праз два стагодзьдзі яны адыходзяць ад гэтай канфэсіі.

Два браты, Міхал і Ігнат Абрамовічы ў часы напалеонаўскіх войнаў разам ваявалі на баку французскага імпэратара. Шматлікія яго кампаніі прайшлі яны разам. Але за два гады да Ватэрлоо старэйшы брат Міхал памірае пры загадкавых абставінах. У выніку Ігнат, які пасьпеў нават атрымаць знакаміты ордэн «Ганаровага Легіёну», пераходзіць на бок расейскіх войскаў, што сваякі яму так і не прабачылі.

Варняны
Акрамя самой сядзібы захаваліся некаторыя гаспадарчыя будынкі

Палац Абрамовічаў, які не захаваўся да нашых дзён, адпавядаў значнасьці і багацьцю гэтага роду. Што цікава, багаты і стылёвы інтэр’ер дому моцна кантраставаў зь нязвыкла сьціплым зьнешнім выглядам палаца. Унутраная частка палаца была абстаўленая мэбляй і сямейнымі рэліквіямі, сьцены упрыгожаны творамі мастацтва.

Варняны
Даўнія сьцены

Два з паловай стагодзьдзі валодалі Абрамовічы Варнянамі. Паступова зямля вакол Варнян была распрададзеная, палац руйнаваўся і ўрэшце рэшт, напаўапусьцелы, згарэў напярэдадні 1-й сусьветнай вайны. Рэштку варнянскай сядзібы былі ў 1930-х гадах перададзеныя Віленскаму ўнівэрсытэту.

Беларусь па-італьянску

Але галоўнае ў Варнянах — цэнтар мястэчка, які амаль нязьменным захаваўся з 18 ст., калі насупраць палацу па адзіным праекце была пабудаваная галоўная вуліца — ўнікальны ансамбаль для местачковай Беларусі. Кажуць, што калі Абрамовічы стваралі гэты ансамбаль, яны рабілі тое па прыкладзе італьянскіх гарадоў. Уздоўж парку ўзьвялі два шэрагі аднапавярховых дамоў, дзе жылі рамесьнікі і гандляры.

У гэтых дамах дагэтуль жывуць людзі, бо амаль усе яны захаваліся з тых часоў, акрамя, можа, карчмы на месцы якой стаіць цяпер аранжавага колеру крама. Некалькі новых будынкаў у канцы вуліцы не зусім станоўча ўплываюць на сярэднявечны варнянскі пэйзаж.

Алесь Юркойць, жыхар Варнянаў, мытнік і чалавек, які, падаецца, ведае ўсё аб Абрамовічах і Варнянах, зьвяртае ўвагу на мураваныя сьцены паміж дамамі з арачнымі праездамі ў іх двары. Іх парэшткі, якія яшчэ дзе-нідзе захаваліся, нагадваюць аб агульным лёсе ўсіх дамоў цэнтральнай плошчы мястэчка. Цяпер гісторыкі называюць варнянскую забудову «ўзорнай».

Варняны
Мураваныя сьцены паміж дамамі з арачнымі праездамі ў двары дзе-нідзе захаваліся

Касьцёл сьвятога Юр’я

Агульную архітэктуру плошчы завяршае барочны касьцёл сьвятога Юр’я. Яму, як і астатняй старажытнай забудове мястэчка, больш за два стагодзьдзі. Пасьля ён двойчы дабудоўваўся, зачыняўся пасьля вайны, яго перароблівалі пад дом культуры. Але касьцёл зноў быў адчынены ў 1990 годзе.

Варняны
Алесь Юркойць буйнейшы знаток Варнянаў у сьвеце

Перад уваходам у касьцёл, пад жалезнай плітой, згодна з жаданьнем яго фундатаркі Марыяны Абрамовіч, знаходзіцца яе труна. З пасіўнага дазволу дырэктара і настаўнікаў дзіцячага прытулку, які існаваў у Варнянах у пасьляваенны час, яго выхаванцы разрабавалі склеп і, разламаўшы труны, павыкідалі зь іх нябожчыкаў. Пазьней парэшткі былі сабраныя і перазахаваныя на прыкасьцёльнай зямлі.

Варняны

 

Мапа рэгіёну

Глядзіце Вандроўкі: Астравец на большай мапе

Чытайце пачатак ПраДарожжа па Астравеччыне ў артыкуле «Вяртаньне да вялікай вады: псыхічныя стыхіі Жодзішак».

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Геранёны, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Радзівілмонты, Тракенікі і іншыя.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.