Разам дзецям

Шмат мы робім добрых спраў? Студэнтка трэцяга курсу біяфаку Паліна аддае на добрыя справы немалую частку жыцьця. Яна стала ініцыятарам кам’юніці «Разам дзецям», якое актыўна дапамагае дзіцячым інтэрнатам. Нематэрыяльна, але з душой. Пра захапляльныя і нялёгкія будні валянтэрства на Беларусі, калі табе супрацьстаяць ня толькі непахісныя дзіцячыя хваробы, але і неразуменьне маладафронтаўцаў, Паліна распавяла Generation.bY.

Тры гады таму першакурсьніца Паліна задумалася пра дзяцей. Не, заводзіць іх было яшчэ ранавата, але вось дапамагчы дзетдомаўцам і час, і схільнасьці дазвалялі. Цяпер вакол яе віруе кам’юніці такіх жа як яна, маладых і неабыякавых, а паміж справамі зьяўляюцца думкі пра афіцыйную рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня:

«Я проста хацела чым-небудзь сябе заняць на першым курсе ўнівэрсытэту, — кажа Паліна, —  бо дрэнна разумела, што я хачу рабіць далей. У пэўны момант, калі я зразумела, што дзяцей не баюся, знайшла праз livejournal дзяўчынку, якая езьдзіла да хворых на анкалёгію дзяцей ў Бараўлянах пад Менскам».

Пасьля Паліна выйшла на такіх жа, як і яна, студэнтаў, якія дапамагалі дзіцячаму дому ў Ждановічах. І далучылася да іх. Паступова прыйшла ўпэўненасьць, што і гэтай невялікай кампаніяй можна нешта зрабіць.

«Мы займаемся валянтэрствам — нематэрыяльнай дапамогаю. Спачатку гэта былі проста паездкі да дзяцей: мы бавілі зь імі час, займаліся ў меру сваіх магчымасьцяў і ведаў. Цяпер мы спрабуем яшчэ і нешта цікавае да іх данесьці: ладзім разьвіваючыя праграмы, вандроўкі па Беларусі, спрабуем раскрыць перад імі розныя магчымасьці».

«Я не лічу, што дзеці ў такіх месцах нейкія там дрэнныя. Проста яны за сваё 10-гадовае жыцьцё бачылі значна больш, чым некаторыя за 25. І бачылі ж не самае лепшае».

«Бо дзяцінства — гэта клясна»

Зараз валянтэрства займае добрую частку Палінінага жыцьця, а ў дзіцячыя дамы рэгулярна выяжджае каманда зь дзесятак чалавек.

«Ёсьць людзі, якія зьезьдзяць з намі адзін раз і пасьля могуць зьнікнуць. Але такіх, якія б зусім зьнікалі, не было. Бывае, да нас далучаюцца творчыя людзі: мастакі, фатографы, музыкі. Прыклад — канцэрт у дзіцячым доме ў Станькава, дзе гралі гурты Рэха і Сонечны Сахалін. Дарэчы, яны спадабаліся дзецям», — з задавальненьнем распавядае Паліна пра нядаўнюю імпрэзу.

«Часта з намі прыязджаюць фатографы, робяць дзіцячыя здымкі. Так дзеці атрымліваюць свае фота — ўласная рэч, а гэта для іх важна».

Па сьлядох такіх выездаў Паліна ініцыюе фотавыставы «Нашыя дзеці», куды трапляюць здымкі момантаў жыцьця выхаванцаў дзіцячых дамоў. У пачатку лета ў кавярні «Стары Менск» адчынілася ўжо другая такая выстава:

«Сёлета галоўная тэма — выключны пазытыў, бо дзяцінства — гэта клясна. Ёсьць тое, чаму можна радавацца, і можна вучыцца гэтай радасьці ў дзяцей. Мы арганізуем выставы, бо хочам заахвоціць людзей далучацца да нас, аб’ядноваўцца і рабіць добрую справу разам».

Няма дзяцей — няма праблем

На першы погляд, усё ў гэтых чувакоў ціп-топ: цікавая натхняльная справа, падтрымка і цікаўнасьць грамадзтва. І недахопу ў новых валянтэрах няма. Але ў дзяржавы ўласны падыход да праблемы дзіцячых дамоў. Дакладней, выхад.

«Існуе праграма 2015. Да 2015 году колькасьць дзіцячых дамоў павінная быць зьведзеная да мінімуму, у далейшых плянах поўная ліквідацыя падобных устаноў. Такі загад прэзыдэнта. Аднойчы, калі мы прыехалі ў адзін дзіцячы дом, нам сказалі, што ў іх няма дзяцей узросту, зь якім мы працуем. Актыўна спрабуюць маленькіх дзяцей вяртаць у сем’і».

«Але не магчыма, каб дзіцячыя дамы засталіся без дзяцей», — з сумам кажа Паліна.

Бывае, што перад чарговай паездкай у дзіцячую ўстанову ў валянтэраў паўстае праблема ўзаемаразуменьня з адміністрацыямі гэтых устаноў:

«Вельмі часта чуем ад кіраўніцтва: «А навошта вы да нас едзеце? Нам гэта ня трэба!» Так можна адбіць жаданьне кудысьці езьдзіць. Але цяпер праблем менш, бо ёсьць пэўныя кантакты ў дзіцячых дамах».

 

Паняткі «валянтэрства, добраахвотная дапамога», якія стаяць у падмурку грамадзянскіх супольнасьцяў у іншых краінах, зусім не папулярныя, незнаёмыя ў нас. Але людзей, якія хочуць займацца дапамогай, у тым ліку і дзецям, становіцца болей. Справа ў тым, што не заўжды такія людзі добра знаёмыя з патрэбамі адрасантаў дапамогі:

«Нядаўна нам прапаноўвалі супрацу датчане. Хацелі праводзіць адукацыйныя сэмінары па ВІЧ. Але гэта ня вельмі актуальна для дзяцей з ДЦП, якія і хадзіць ня могуць».

Паліна прыгадвае спробы палітычнай арганізацыі «Малады фронт» кантактаваць зь дзіцячымі дамамі. У дзіцячыя дамы актывісты арганізацыі прывозілі кніжкі на беларускай мове, сустракаліся з выхаванцамі ўстаноў. На думку Паліны, гэта былі піяр-акцыі без асаблівага посьпеху:

«Дзеці складана разумеюць беларускую мову. Трэба іх зацікавіць, усё тлумачыць, а то яны нават слухаць ня будуць. А на каго была разьлічаная праграма „фронта“, я не зразумела. Прыехалі — адфоткаліся, і нават не спыталі, якія кнігі патрэбныя дзецям. Таму я вельмі крытычна стаўлюся да іх спробаў дапамогі дзіцячым інтэрнатам».

Справа, прызнаецца Паліна, захоплівае. Але на пытаньне, ці існуе магчымасьць таго, што ў будучым возьме на выхаваньне дзіцё з прытулку, яна адказвае няпэўнае: «жыцьцё пакажа».

Больш інфармацыю пра кам’юніці, а таксама час і накірунак бліжэйшых выездаў у дзіцячыя дамы можна даведацца праз суполку my_dzieciam.

Фота Аляксандра Васюковіча

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0654 seconds.