Людзі-героі пакаленьня на турніры дваровых камандаў

Ужо некалькі гадоў супольнасьць «Забей» незаўважна ладзіць чэмпіянаты дваровых футбольных каманд з усёй Беларусі, супольна распавядаючы ўдзельнікам пра Эмілію Плятэр і «будуючы новае грамадзтва». На мінулым уікэндзе былі падведзеныя вынікі першага футбольнага сэзону турніру ў новым фармаце.


Фінал Турніру пасіянарыяў. Менск, 2 кастрычніка. Фота zabej.info

Першы сэзон футбольнага Турніру пасіянарыяў, у межах якога сустракаюцца дваровыя каманды з розных гарадоў краіны, завяршыўся ў Менску. Высьветлілася, што самы лепшы дваровы футбол сэзону — у Рэчыцы (менчукі занялі другое месца), а самы галоўны пасіянарый краіны — Марат Казей.

«Праз турнір мы хочам данесьці да яго удзельнікаў і навакольнага сьвету, што ў гісторыі нашай краіны былі людзі, якія верылі ў сваю ідэю, ставілі мэты і дасягалі іх, — кажа адна з арганізатараў турніру Марына. — Такіх людзей-героўя мы называем пасіянарыямі і бярэм зь іх прыклад».

Супольнасьць «Забей» ладзіць чэмпіянат сіламі валантэраў. Літаральна любая дваровыя каманда з той жа Рэчыцы, Наваполацку, Магілёву, Менску і іншых беларускіх гарадоў мае магчымасьць трапіць на турнір. У выніку ўдзельнікі атрымліваюць арганізаваны футбол, а ў дадатак — інфармацыю пра «людзей, якія сваімі ўчынкамі так ці інакш пакінулі сьлед у гісторыі».

У гэтым сэзоне ў «забееўскую» вэрсію такіх людзей папоўнілі Тадэвуш Касьцюшка, Эмілія Плятэр, Канстанцін Каліноўскі, Фелікс Дзяржынскі, Станіслаў Булак-Балаховіч і Марат Казей. Апошні якраз і прадстаў перад фіналістамі ў выглядзе «самага маладога і легендарнага пасіянарыя Беларусі»

На пытаньне пра даволі дзіўны выбар сымбаля для прыкладу цяперашняй моладзі, арганізатары тлумачаць, што «для шмат каго з нашага пакаленьня герояў няма ўвогуле», а Марат Казей, на іх думку, — «малады герой-міт, які сёньня цэліць сваёй гранатай у грамадзтва. Яго можна проціпаставіць сучасным маладым людзям».

Па словах Марыны, шмат хто з удзельнікаў турніру, магчыма, упершыню чуе імёны беларускіх герояў пакаленьня па вэрсіі «Забей», але ставіцца да інфармацыі зь цікаўнасьцю.

У наступным годзе «Забей» працягне свае турніры, робячы «маленькія крокі па дарозе дасягненьня пастаўленай мэты». А мэта суполкі, ні многа ні мала, — «будаўніцтва новага грамадзтва».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0835 seconds.