Самаарганізацыя праз дваровы футбол

Каманда энтузіястаў, якія называюць сябе супольнасьцю «Забей», ужо некалькі гадоў запар ладзіць па ўсёй Беларусі турнір па футболе сярод дваровых камандаў, спрыяючы самаарганізацыі маладых людзей ад Берасьця да Наваполацку, па ходу даносячы да падлеткаў інфармацыю пра беларускіх герояў: Вітаўта і Дзеда Талаша, Эмілію Плятэр і Казімера Малевіча. На выходных у Менску адбыўся фінал гульняў, які вызначыў лепшую зборную сэзону 2011 году.

дваровы футбол

Турнір Пасыянарыяў — так завецца спаборніцтва дваровых футбольных камандаў, што з 2006 году ладзіцца на адкрытых пляцоўках буйных гарадоў. У гэтым ён годзе зацікавіў каманды зь дзесяткаў беларускіх гарадоў. Сярод іх Баранавічы, Вілейка, Маладзечна, Жодзіна, Берасьце, Віцебск, Бабруйскі і іншыя. Гульні турніру доўжацца меней за стандартныя 90 хвілін, удзельнікі, магчыма, не заўжды маюць належную спартовую форму, а турніры праходзяць не на найлешпых пляцоўках. Затое сёлета ў арганізатараў атрымалася прыцягнуць да турніру болей за 600 чалавек.

Як гэта — ладзіць дваровы футбольны турнір у беларускіх рэаліях, мы распыталі ў яго арганізатараў.

«Спачатку вы ў футбол гуляеце, а потым у мэтро ўзрываеце»

Любая грамадзкая дзейнасьць у Беларусі мае пагрозу сутыкнуцца зь нечаканымі перашкодамі з боку кіраўнікоў самых розных узроўняў: ад мэра да школьнага фізрука. Апошні аднойчы нават сарваў гульню, што мела адбывацца на весну ў Берасьці:

«Мабыць натхнёны выбухам ў Менску, дзяжурны фізрук адной са школьных футбольных пляцовак Берасьця сказаў, што калі цяпер не пакінем поле, то ён выкліча АМАП. А на разьвітаньне дадаў: „Спачатку вы ў футбол гуляеце, а потым у мэтро ўзрываеце“. Мы дагэтуль спрабуем расшыфраваць лёгіку яго мэсэджу»,- кажуць арганізатары спаборніцтваў.

Але галоўная праблема, зь якой найчасьцей сутыкаюцца арганізатары турніру — інфармацыйны вакуўм. Па словах аднаго са стваральнікаў турніру Пасыянарыяў Міхася Волчака, беларускія медыі ня надта цікавяцца падзеямі дваровага футболу. Хаця мэты дый геаграфія турніру даволі значныя.

«Турнір — гэта болей за дзесятак гарадоў, сотні людзей. Мы лічым, што вартыя ўвагі грамадзкасьці», — кажа Міхась.

Вітаўт і Дзед Талаш як прыклады самаарганізаваўшыхся герояў

«Наша галоўная мэта — паказаць моладзі на прыкладзе масавай гульні, што самаарганізацыя — гэта рэальна і нескладана. Бо менавіта празь яе самаарганізуючыся пасыянарыі — героі нашай гісторыі — зьдзяйсьнялі свае ўчынкі і подзьвігі. Праз такія турніры мы спрыяем аўтаноміі на нізавым узроўні і самаарганізацыі, разьвіцьцю ініцыятывы ў гарадзкіх дварах».

«Вядома, каманды-ўдзельніцы маюць шанец заявіць пра сябе ня толькі ў сваім двары, але і на ўсю краіну. Яшчэ мы спадзяемся, што хваля перайманьня прынцыпаў турніру рэгіёнамі паглыбіцца і дваровы футбол ад „Забей“ пакрые Беларусь».

На гэтых выходных скончыўся чарговы сэзон турніру. У фінальнай гульні, якая адбылася на звычайным дваровым полі на ўскрайку Менску, перамагла каманда «Меркурый» з Бабруйску. На другім месцы — каманда зь Менску, на трэцім — барысаўскія «Вікінгі».

На восень арганізатары заплянавалі новую падзею — турнір Нефармалаў. Празь яго супольнасьць «Забей» паспрабуе сабраць як мага болей іншых нефармальных футбольных турніраў.

«Гэта будзе нерэальны рух!», — абяцае Міхась.

Яшчэ: Фотарэпартаж зь фіналу турніру па дваровым футболе
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.