Сусьветная фінансавая сталіца можа застацца без супрацоўнікаў
Лёнданскія біржы і фінансавыя карпарацыі могуць застацца без супрацоўнікаў: моладзь ня надта сьпяшаецца ўладкоўвацца на фірмы, якія могуць абанкруціца ў любы момант. Такія несуцяшальныя вынікі падвёў штодзёньнік The Times пасьля аналізу колькасьці жадаючых атрымаць раней надзвычай прэстыжныя месцы брокераў і банкіраў у лёнданскім Сіці.
Раней, каб зьменшыць колькасьць жадаючых атрымаць працу ў адным з буйнейшых цэнтраў бізнэсу ў сьвеце, фінасісты распрацавалі спэцыяльныя экзамэны, якія даюць права акрэдытацыі ў Сіці. Але цяпер, па словах Саймана Кулхэйна (Simon Culhane), выканаўчага дырэктара кампаніі SII, якая адказная за правядзеньне іспытаў, колькасьць заявак на здачу іспыту зьменшылася на трэць і працягвае зьніжацца.
Маладыя спэцыялісты згубілі матывацыю ўладкоўвацца ў Сіці праз фінансавы крызыс. Банкаўскі сэктар вельмі цяжка перажывае наступствы крызысу, што прыводзіць да шматлікіх скарачэньняў набораў на працу. Па папярэдніх падліках, у Сіці ў мінулым годзе ўжо скарацілі 10% працаўнікоў, а ў гэтым скароцяць яшчэ больш.
«Але мы проста адкладаем праблему, праз два гады нам прыйдзецца вырашыць яе, — кажа Сайман Кулхэйн. — Калі крызыс скончыцца і ў нас ня будзе дастатковай колькасьці адукаваных кемлівых супрацоўнікаў, то ў такіх месцах, як Лёндан, могуць узьнікнуць праблемы».
Пакуль попыт на экзамэны SII падтрымліваецца за кошт іншых краін, пераважна Бліжняга Усходу, дзе лічыцца прэстыжным мець акрэдытацыю лёнданскага Сіці. Замежныя калегі брытанскіх студэнтаў памятаюць, што нават у крызысныя часы навуку за плячыма ня носяць.