Гурту «Джамбібум» — 5 год: «Мы заўсёды былі больш тусоўкай»

 Джамбібум

Этна-ф’южн гурт «Джамбібум» сьвяткуе 5 год. За плячыма два альбомы і ўдзел у безьлічы фэстываляў у Беларусі і за мяжой. Кіраўнік і вакалістка гурта Наста Хмель распавяла Generation.bY пра пяцігадовую эвалюцыю гурта, пошукі ўласнага стылю й патрэбных людзей, пра выступы ў дурдоме і вайсковай частцы МУС, пра тое, што музыка «Джамбібум» — гэта салата з маянэзнаю запраўкай зь беларускай песьні.

«Мы заўсёды былі больш такой тусоўкай»

— Якім быў «Джамбібум» 5 год таму і што зьмянілася зараз?

— Калі мы пачыналі граць, я нават ня думала, што гэта разаўецца да такога. Хоць я і атрымала харавую адукацыю, мне яшчэ вельмі падабаюцца барабаны, розныя рытмы. Я вырашыла гэта спалучыць у гурце.

Напачатку «Джамбібум» быў гэткім навучальным калектывам. Запрашаліся проста ўсе жадаючыя. Мы не рабілі ніякага адбору на прадмет валоданьня музычнымі здольнасьцямі. Таму і зьмены былі ў складзе такія, што камусьці не падабалася, хтосьці сыходзіў, а хтосьці прыходзіў.

Мы пачыналі з самай простай элемэнтаршчыны, бо вучыліся сьпяваць і граць на барабанах усе літаральна з нуля. Таму ўсё, што зараз чуеце ў нашым выкананьні, мы навучыліся рабіць самі. Я проста сыходзіла з таго, што кожны мае, што сказаць у музыцы. Як-небудзь на свой лад. І гэта мела сэнс, бо літаральна праз паўгады нашага існаваньня мы ўжо неяк так праніклі на фэстываль Юр’я, дзе зайгралі толькі з адной песьняй. Яна неяк так усім спадабалася, што я зразумела, што ўсё ж такі ў гэтым прымітывізме нашым штосьці ёсьць: можна працаваць далей. І вось мы і працавалі. І гэта атрымалівалася, як атрымлівалася. Не было такой мэты зрабіць калектыў, які напрыклад, будзе стаяць побач з нашымі аўтарытэтнымі гуртамі. Мы заўсёды былі больш такой тусоўкай.

Толькі вось зараз пачаліся запрашэньні на больш сур’ёзныя пляцоўкі. І мы ўжо стараемся дапасавацца да гэтага, як можам. Ужо спрабуем сапраўды ня столькі тусавацца і нейкі прыкол для сябе ў гэтым знаходзіць, колькі шчыра працаваць, бо мы адчуваем адказнасьць перад людзьмі, якія прыходзяць нас слухаць.

— Вас заўважна паменела, — зазначаю я, бо чакала пабачыць 7 удзельнікаў гурта.

— Зараз нам акурат 5 год і нас засталося толькі 5: Арцём Быстрік, Груша, я, Аня Доўгаполава і Лёха Васіленка.

Пачыналі мы з хобі праекту, а зараз мы ўсе з адукацыяй і досьведам. Цяжка знайсьці чалавека-энтузіяста, які хоча нешта рабіць, прысьвячаць свой час нейкаму праекту, а не проста працаваць за грошы. Энтузіяст нічога ня ўмее, але хоча. А той, хто ўмее, той ужо ня хоча працаваць як энтузіяст. Часамі трапляюцца такія, якія ўмеюць добра граць і згодныя за ідэю працаваць. Гэта — вельмі каштоўныя кадры.

— У вас зараз якраз такія кадры — атрымліваюць ня шмат, але граюць добра й шчыра?

— У нас — такія. Мы атрымліваем шмат, але ня грошай, а іншых каштоўных рэчаў. Мы шмат вандруем, знаёмімся з рознымі людзьмі. У нас такая тусоўка, што нам ніколі ня сумна: цікавыя выступы, праца на студыі… Карацей, грошы — гэта так — адна з мэтаў.

Склад гурта ня першы раз мяняецца?

— Не, ня першы, але спадзяюся, што апошні.

Столькі людзей у гурце было. Няцяжка іх было арганізоўваць?

— З аднаго боку гэта было добра, што шмат людзей. Калі хтосьці ня можа прыйсьці, дык заўсёды хто-небудзь зьбярэцца. Але, з другога боку, калі пачынаюцца выступы на сцэне, то дзе-небудзь у Польшчы на вялікім фэстывалі гэта яшчэ рэальна — падгучыць 12 чалавекаў. А ў нас заўсёды гэта была такая праблема, што прыходзілася, напрыклад, тром чалавекам у адзін мікрафон сьпяваць. Ну гэта несур’ёзна, і я зразумела, што альбо трэба ўкладаць вялікія грошы, каб купіць свой апарат зь мікрафонам для кожнага, альбо скараціць колькасьць удзельнікаў, што мы і зрабілі. А на вялікі канцэрт заўжды можна запрасіць кагосьці яшчэ разам пайграць. А так — калі вандраваць, так зручней езьдзіць. Мы ўсе ўпяцёх і ў машыну ўлезем:)


«Джамбібум» на прэзэнтацыі альбому IQ48 «Героі» 

 «Джамбібум» — асноўны занятак для ўдзельнікаў гурта?

— Для мяне — так. Я яшчэ працую настаўнікам музыкі і кіраўнік самадзейнасьцяў розных. А Груша наш, напрыклад, прафэсійны вулічны музыкант. Дарэчы, зарабляць на жыцьцё такім чынам у яго атрымліваецца ня горш, чым у нас. Яго заробак параўнальны з заробкам, які плацяць на дзяржаўнай службе ў школе. Аня таксама музыкай займаецца: вакалам, хорам, у школе працуе.

«Дзе мы толькі ня гралі: і ў дурдоме гралі, і ў вайсковай частцы МУС перад будучымі міліцыянэрамі»

— Апошнія пару год заўсёды летам выяжджаем. Вельмі шмат удзельнічаем у розных фэстывалях, канцэртах. Пачыналі мы ўвогуле з таго, што адгукаліся на ўсе прапановы. І таму у нас ёсьць досьвед такіх выступаў… Дзе мы толькі ня гралі: і ў дурдоме гралі, і ў вайсковай частцы МУС перад будучымі міліцыянэрамі. Такім чынам, зараз мы ўжо можам граць, дзе заўгодна. Я лічу, гэта добра.

Які ваш самы моцны бок у музыцы? Вакал?

— Так, бо мы з Аняй найперш харавікі. Мы заўжды сьпяваем шматгалосна. І можна заўважыць, што ў нас сьпяваюць усе, апроч басіста, таму што я прымушаю сьпяваць усіх. Так, як яны могуць. І могуць добра.

— Як ты сама называеш ваш стыль?

— Мне падабаецца фольк-фьюжн. Бо я заўсёды разрываюся паміж фанкам і фолькам. Я вельмі люблю такую музыку — рытмічную, пазытыўную. Фольк-ф’южн — мяшанка ўсяго, што заўгодна, на базе фольку. Можна сказаць, што ў нас салат, які робіцца з розных складнікаў, ну і дадаецца маянэз. Ну вось гэты маянэз як аснова — гэта і ёсьць беларуская песьня, а далей мы ўжо піхаем розныя дадаткі і аздабленьне.

Джамбібум
У лютым 2009 году «Джамбібум» атрымаў ўзнагароду у намінацыі «Прыз замежных экспэртаў» ад сайту Experty.by

— Матэрыялу шмат, але альбомаў толькі два. Чаму?

— Мы першы альбом выдалі ў 2006 годзе. Тады яшчэ было цяжка з-за такога вельмі аматарскага складу яшчэ. Людзі ня ўмелі граць на студыі, бо праца на студыі — гэта ўвогуле асобны род дзейнасьці. А кожная гадзіна запісу каштуе вельмі дорага. Таму мы ня можам сабе дазволіць шмат працаваць на студыі, выдаваць альбом за альбомам.

Джамбібум 
«Джамбібум» на калядным праекце «Сьнежны завулак 8»; аўтар фота Юра Сідун 

Увесь мінулы год мы рабілі «Жавароначкі» і было цяжка, бо трэба было і сродкі для гэтага знаходзіць, і час, каб хадзіць на студыю. Таму гэты год вырашылі такім адпачынкавым зрабіць, назапасіць матэрыялу. І вось зараз яго ўжо зьявілася шмат. А ў наступным годзе будзем тады спрабаваць запісвацца зноў.

— Як адлічваеце дату народзінаў «Джамбібум»?

— Я прыкладна лічу, што дзень нашых народзінаў — гэта дзень таго самага канцэрта, калі мы выступілі з адной песьняй. Гэта дата не стварэньня, а нараджэньня. Гэта было так, як напрыклад дзіця зачынаецца: дзевяць месяцаў яно рыхтуецца выйсьці на сьвет. Вось і ў нас так было: мы зачаліся дзесьці ўвосень 2003 году, а ў 2004 мы выйшлі на салідную сцэну першы раз. І гэта было нашы нараджэньнем. Гэта было акурат у траўні. Таму нам кожны год хочацца зрабіць увесну вялікі канцэрт. І кожны раз мы яго робім.

 

Сьвяткаваньне першага юбілею гурта пройдзе з адмысловым канцэртам 5 траўня а 19:00 у Моладзевым тэатры эстрады (вул. Маскоўская, 18а; ст. м. «Інстытут культуры»). Граюць «Джамбiбум», IQ48, «Гаротнiца», Morfe Acoustic Band, Akana-NHS.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.