Маніфэстацыя «Ляпіса Трубяцкога» ў логаве Славянскага базару

Сусьветная прэм’ера праграмы «Маніфэст» гурта «Ляпіс Трубяцкой» у Віцебскім амфітэатры ператварылася ў шоў цырка касьмічных аўтсайдэраў. Але нашумелую «Belarus Freedom» з новага альбому музыкі прасьпяваць так і не рызыкнулі.

«К нам приехал Трубецкой: Он как Элвис, но живой!» — зь першых радкоў новай кампазыцыі «Трубяцкога» афіцыёзная заля „Славянскага базару“ ператварылася ў засяроджаньне сусьветнага антыглябалізму.


Ляпіс Трубяцкой у Віцебску. Фота Алеся Бэзухера.

Наступная кампазыцыя «Капітал» давяршыла пасьпяховы наступ і падхапіла тых небаракаў, што яшчэ ня ўскочылі з крэслаў: запоўненая на дзьве трэці пяцітысячная пляцоўка была ўзятая маланкавым бліцкрыгам.


Ляпіс Трубяцкой у Віцебску. Фота Колі Весялоўскага.

«This is my manifest! I’m number one, I’m the best!»

«Маніфэст» чакаўся толькі ў 2009-м, але музыкі добра папрацавалі гэтым летам у Кіеве, таму прэзэнтацыю дыска атрымалася зладзіць ужо зараз. Маніфэст пераймае моц і цэльнасьць папярэдняга альбому гурта «Капітал».

Кампазыцыя «Маніфэст» ужо выкладзеная на MySpace гурта, а некаторыя зь іншых песень альбому граліся на папярэдніх канцэртах, у тым ліку і 9 траўня ў Менску.

Але расьпіяраны кліп на тэму «Маніфэста» гледачы так і ня ўбачылі. Як патлумачыў фронтмэн гурта Сяргей Міхалок:

«Нашы прыгожыя блакітныя экраны мы ахвяравалі слабым на зрок наведвальнікам фэсту „Дажынкі“, якія змогуць разгледзець на гэтых вялікіх экранах усе цуды вялікага мастацтва, гарнітуры выступоўцаў артыстаў і іх неймаверныя па».

Сам кліп зь Міхалком-палітыкам і ягоным электаратам пабачыць яшчэ будзе шмат магчымасьцяў. Ды й зрэшты, прэзэнтацыя кліпу адклалася — відэамастакі яшчэ ўносяць апошнія праўкі.

Галоўнай інтрыгай прэзэнтацыі альбому была песьня „Belarus Freedom“, якая мае проста рэвалюцыйны патэнцыял. Але песьня не прагучала, што моцна папсавала ўражаньні ад канцэрту: радкі «Сэрца палае, далонь не дрыжыць, ды паляўнічы дамоў бяжыць. Пагоня побач — будзем жыць!»— гэта ружжо, якое нарэшце выпаліла, і хаваць гэта ня мае сэнсу.


Ляпіс Трубяцкой у Віцебску. Фота Колі Весялоўскага.

«Канцэрт нашай Жэсаўскай камбрыгады — гэта сьвята маленькае»

Дзякуючы красамоўству Міхалка пісаць пра „Ляпісаў» вельмі лёгка: дастаткова проста цытаваць яго прэтэндуючыя на нятленнасьць словаблудзтвы.

Маніфэстаў, дэклямацый і дэклярацый на канцэрце хапала: самапрэзэнтаваўшыся «цыркам касьмічных аўтсайдэраў», Сяргей Міхалок старанна падтрымліваў разьдзяўбайска-антыглябалістычны імідж музыкаў псэўдафілязофскімі чатырохрадкоўямі на палітычныя і жыцьцёвыя тэмы. Чаго толькі каштуе ўспамін пра далёкую й родную беларускаму сэрцу Вэнэсуэлу:

«Gracias bailamos, por favor cantamos! — як казаў лепшы сябра беларускіх дзяцей Уга Чавес — любіцель станчыць інтымны танец „полька-калатуха“ пад акампанэмэнт баяніста нумар адзін Беларусі».

Агулам «Ляпісы» цяпер больш выразныя і катэгарычныя. Сышла ў нябыт эпоха «Зялёнавокага таксі» і супрацоўніцтва з гуказапісваючай кампаніяй «Саюз» (для «сядых археолягаў контр-культуры» усё ж прагучалі некаторыя старыя песьні гурта, у тым ліку «Ты кінула»).


Прыхільнікі Ляпіса Трубяцкога ў Віцебску. Фота Алеся Бэзухера.

Усе задаволеныя і ўсе шчасьлівыя

Зараз Міхалок, як адзначае крытык Павал Сьвярдлоў, «бадай адзіная made-in-Belarus рок-зорка, што добра вядомая па праграмах ды кліпах». І гэта «made-in-Belarus», нягледзячы на тур у 16 канцэртаў па Расеі, заўважна адбіваецца на творчасьці гурта.

У новым альбоме дзьве песьні па-беларуску. Адну зь іх — вельмі кранальную «Зорачкі» — «Ляпісы» выканалі апошняй, калі пасьля пятнаццаціхвіліннага скандаваньня залі музыкі нарэшце выйшлі «на біс». Ахоўнікі не пасьпелі стрымаць фэнаў, і натоўп рынуў у раней зачыненую для слухачоў пляцоўку перад сцэнай — пачаўся сапраўдны рок-канцэрт.

Прэзэнтацыя ў логаве «Славянскага базара», нягледзячы на праблемы зь інсталяцыяй і асьвятленьнем, дрэннае надвор’е і роты вайскоўцаў, якімі заткнулі пустыя заднія крэслы, была напоўненая выключна станоўчымі эмоцыямі. Вайскоўцы, дарэчы, пасьля каманды «вольна» таньчылі разам з астатнімі гледачамі.

«Мо наш самадзейны ансамбаль ня вельмі гатовы да выступу на такой публіцы, мо вы троху ачканулі ад марозу. Але ўсе задаволеныя і ўсе шчасьлівыя», — падвёў Міхалок рысу да заканчэньня канцэрта.

Гэта быў першы і апошні выступ гурта ў Беларусі ў межах туру ў падтрымку «Маніфэсту». Наступны беларускі выступ «Ляпісаў» адбудзецца, на жаль, толькі ў 2009 годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.