У гэту нядзелю ў Віцебску пройдзе адзіная ў Беларусі прэзэнтацыя новага альбому «Ляпіса Трубяцкога»

Зь Менску ладзіцца адмысловы аўтобусны тур на канцэрт 14 верасьня, а самі музыкі пасьля прэзэнтацыі новай праграмы ў Віцебску зьбіраюцца ў вялікі «Маніфэст-тур» па Расеі — ужо пацьверджана 16 выступаў гурта. З такім гарачым гастрольным графікам у Менск ляпісы завітаюць хіба што ў наступным годзе.

Ляпіс Трубяцкой
Ляпіс Трубяцкой на «Року за Баброў» у 2007 годзе. Аўтар фота Юра Сідун.

Некалькі песень з новага альбому «Ляпіс Трубяцкой» ужо прэзэнтоўваў менскім прыхільнікам у Палацы Спорту ў траўні. А зараз на апошнім этапе працы знаходзіцца кліп на песьню «Маніфэст», студыйную вэрсію якой ужо можна пачуць на афіцыйным MySpace «Ляпісаў».

Здымкі кліпа праходзілі па Менскам і музыкі адзначаюць, што яны самыя маштабныя за ўсю гісторыю «Ляпіса Трубяцкога». У кліпе задзейнічалі 300 калгасных кароваў, 50 сьвіньняў, а ў розных сцэнах зьняліся яшчэ алені, зайцы, бабры ды яноты. Увесь гэты жывёльны сьвет — электарат «палітыка» Сяргея Міхалка. Інтрыгі дадае рэжысёр кліпа Мацьвей Сабураў: «Я думаю, што фінал відэа не прадбачыць ніхто. Асабліва — паглядзеўшы яго пачатак».

Вялікі сольны канцэрт з прэзэнтацыяй новага альбому «Ляпіса Трубяцкога» пройдзе 14 верасьня ў Летнім амфітэатры Віцебску. Наступны раз трапіць на канцэрт ляпісаў у Беларусі можна будзе хіба што ў наступным годзе.

­Вялікі сольны канцэрт «Ляпіс Трубяцкой» з праграмай «Маніфэст»

  • Калі: 14 верасьня, Летні амфітэатар Віцебску, 18:00
  • Квіткі ад 20 да 50 тысяч у продажы ў Менску і Віцебску. 
  • Даведка і замова па тэл.: (17) 285 71 00, (29) 655 55 96, (33) 655 55 96
  • Расклад цягнікоў да Віцебску зь Менску адмыслова зьмешчаны на сайце lyapis.com
  • Аўтобусны тур на канцэрт зь Менску — linijazvuka.livejournal.com/3754.html
tarka 11:55, 11/09/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0054 seconds.