Ян Маўзэр: дзяўчына з Тальяці перадала мне, што я — геній

Лідэр Mauzer Ян Маўзэр

Лідэр гурта Mauzer Ян Маўзэр разважае пра тое, чаму ня хочуць выступаць у Магілёве, пра будучы альбом, пра фанацкую самадзейнасьць і 14-гадовых музычных экспэртаў, пра тое, чаму сышоў другі вакаліст і якая зараз атмасфэра ў гурце, пра арганізатараў Басовішча і распад Глюкаў. Як магілёвец у магілёўца высьвятляў усе падрабязнасьці Яўген Сідараў.

Пра трансьляцыю песень Mauzer на радыёстанцыях і тэлеканалах і выхад на новыя аўдыторыі

«На А-one нас пакуль што няма, можа быць зьявімся. Пакуль што там ідуць такія размовы: маўляў, так, вы — а%уенные пацаны, а для Беларусі — ўвогуле, але па-беларуску пяеце, а ў нас беларуская мова пакуль што не гучыць... Ня ведаю, па якіх прычынах, можа па камэрцыйных: ім здаецца гэта не выгодным. Але насамрэч у мяне зараз шмат знаёмых дзяўчынак гопніцкага кшталту, 18-19 год, каторыя нас ня чулі, але ведаюць. А яшчэ ёсьць увогуле такія цікавыя дзяўчынкі, каторыя такой музыкі наагул ня чулі, ня бачылі, а потым яны знаходзяцца ў такім, а%уе: столькі камплімэнтаў ніколі не пачуеш ад альтэрнатыўных дзяўчынак».

Пра тое, чаму зачынены ранейшы сайт гурта

«Mauzer.org зачынены, бо калі мы выгналі бубнача Ільлю Касьценіча, ён займаўся сайтам. Ён увогуле займаўся камэрцыйнымі пытаньнямі, фактычна быў дырэктарам, мэнэджэрам гурта. Ён, відавочна, і зачыніў сайт.

Але ёсьць mauzers.org. Ён рэгулярна аднаўляецца, там ёсьць апошнія навіны, так што заходзьце туды — там усё ёсьць. Зараз гурт функцыянуе так, як раней яшчэ не функцыянаваў. Усё будзе яшчэ лепей, маштабней, сур’ёзьней».

Пра будучы другі альбом Mauzer

«Мы прынялі рашэньне нідзе не выдаваць новых песень, таму што палова першага альбома была вядомая па розных складанках, інтэрнэце. Каштоўнасьць ад гэтага зьніжаецца.

Другі альбом мы хочам выдаць узімку. Песьні, каторыя там будуць прысутнічаць, кардынальна адрозьніваюцца ад таго, што было на першым альбоме. Яны сталі больш дарослыя, складаныя, цікавыя. Але афішаваць штосьці мы ня хочам. На канцэртах мы гэтыя песьні граем, а вось запісваць ня хочам.

Тут яшчэ адзін момант ёсьць. Проста трэба ўсё гэта перапісваць пад агульнае гучаньне альбома, эмоцыі зьмяняюцца, а потым чуеш, што вось, мы слухалі дэма-вэрсію і яна была клёвей, чым на альбоме. Нам такога чуць не хочацца. Ёсьць яшчэ фінансавая прычына: гэта ж усе бабак каштуе, нахера проста так марнаваць бабло?! Можна яго, напрыклад, вынюхаць — ну я ня ведаю)))» 

Лідэр Mauzer Ян Маўзэр

Пра тое, куды будзе рухацца гурт у музычным пляне і 14-гадовых экспэртаў

«Мы кірунак свой пазначылі як поп-мэтал. А вось людзі, 14-15-гадовыя, асабліва абазнаныя ў музыцы, якія сруць на форумах, яны нашых песень амаль ня чулі, але акрэсьлілі наш стыль як Корн-94. Гэта абсалютова ня так. Гэта музыка рознаплянавая: там могуць быць рэчытатывы, а можа іх і ня быць, гэта могуць быць сьпевы пра сэкс, а можа — пра рэвалюцыю.

Я існую ў гэтым жыцьці, пішу пра тое, што мяне хвалюе у дадзены момант. У новым альбоме будзе больш сэксуальнай тэматыкі і менш палітыкі. Проста я не гляджу тэлевізар апошнія два гады і мне гэта робіцца по%уй паступова».

Пра Басовiшча-2008, на якім ня было маўзэраў

«Ня было па некалькiх прычынах. Я думаю, афіцыйная прычына у тым, што ніякага новага матэрыялу ў пэрыяд перад Басовішчам намі выдадзена ня было.

А калі па праўдзе, ў мінулым годзе мы класьненька пасраліся з арганізатарамі Басоў, бо лічым, што гэта ўсё было зроблена па-мудакску і з поўнай непавагай да беларускіх музыкаў. Грантавая схема такіх канцэртаў робіць тыпу ласку: а вось вы на%уй нікому тут не патрэбны ў Польшчы, але вось тут выступаеце, таму, што мы вам робім ласку. Гэта нам не падабаецца. Мы хочам выступаць там, дзе нас сапраўды хочуць чуць, дзе мы нікому нічым не былі б абавязаны: дзякуй, што вы нас запрасілі, хаця мы лайно насамрэч. Ну і вось такая пазыцыя арганізатараў нам не падабалася, мы гэта ім выказалі. У выніку ў мінулым годзе мы ледзь выступілі, а ў гэтым самі не захацелі ехаць».

Пра распад «Глюкаў»

«З Глюкамі мы тусілі з Ромам (басіст) і са Стасікам (гітарыст). Мне здаецца, гэта была больш актыўная частка гурта. Я, напрыклад, удзельнічаў у запісе адной песьні. Там заўсёды ў студыі адзін Рома — ён руліў усім працэсам. Астатняй часткі гурта там проста няма. Гэта нармальная сытуацыя, калі такія рэчы хтосьці адзін робіць. Я так думаю, гэта іх міжасабовыя спрэчкі.

Як мне расказваў галоўны распаўсюднік плётак пра Магілёў і магілёўскі рок Віталік Шум, здаецца Лёпа ажаніўся на дзяўчынцы Ромы два гады таму))). І з тых часоў, стасункі паміж Ромам і Лёпам, здаецца, калісьці лепшымі сябрамі, былі толькі на ўзроўні музычным, ну і частку гурта гэта не задавальняла. Гэта іхнія справы.

Мне шкада — я любіў гурт Глюкі. Проста ёсьць шмат добрых музыкаў, але музыкаў, якія пішуць добрыя песьні мала. Вось Глюкі належалі да тых, хто піша добрыя песьні».

Лідэр Mauzer Ян Маўзэр

Пра канфлікты ў гурце пасьля знакавай перамогі маўзэраў на Басовішчы-2005 і куды дзеўся другі вакаліст

«Так, было дахера. У нас пачаліся канфлікты з другім вакалістам. Раптам высьветлілася, што ён сябра БРСМ, што ён мае свае грамадзка-палітычныя погляды, адрозныя ад маіх, а я пісаў тэксты ў гурце і ідэалягічна мацней за ўсё на працэс уплываў. Мы перад песьняй „Гітлер Капут“ казалі, што песьня прысьвячаецца прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь. Песьня не пра гэта, проста у нас быў такі жарт. І перад выступам на Басах мы таксама дамовіліся, што я скажу такую фішку.

А перад наступным канцэртам у Менску Бор мне кажа, што мы дамовіліся гэтую песьню не граць, каб ты перад ёй нешта там не ляпнуў. Мне такая пазыцыя не падабалася. Карацей, Бор проста перажываў за сваю жопу. А я быў чалавек такі адарваны, мне здавалася, што калі ты граеш рок-музыку, гэта павінна быць шчыра. Атрымліваецца, што ён быў няшчыры, бо яму прыходзілася сьпяваць гэтыя песьні, хаця ён меў іншыя погляды на ўсё, што адбываецца вакол.

Потым пачалося так, што ўсе інтэрвію даваў я, Бор перажываў з-за гэтага. Я прапанаваў яму рабіць гэта разам, але ён нешта камплексаваў і адмаўляўся. Мабыць, мне трэба было лепей прасіць: на каленкі стаць — я ня ведаю.

Пазьней перад канцэртам у Арэне ў Менску прыхільнікі скандавалі: Маўзэр! Маўзэр! Янка! Янка! Я разумею, што калі ў гурце два вакаліста, а ведаюць толькі аднаго, другому  крыўдна. Але тое, што адбылося, было лягічным.

Канешне, у любым калектыве ёсьць канфлікты. Зараз у нас вельмі добры калектыў. Нарэшце, наш гурт — нашы асноўныя сябры. Нас аб’ядноўвае ня толькі музыка, мы разам тырчым, разам бухаем». 

Пра фан-клюбы, прыхільніц і прыхільнікаў

«Зараз проста ёсьць інтэрнэт, таму ёсьць такая магчымасьць ствараць фан-клюбы па ўсёй краіне, па ўсім сьвеце. У нас ёсьць старонка на сайце вконтакте.ру — там ёсьць наш фан-клюб. Фан-клюбаў менавіта магілёўскіх, ці менскіх няма. Калі б былі, я б ведаў.

Але сталыя прыхільнікі ёсьць. Ёсьць такія людзі, каторыя асабіста просяць паведамляць ім пра наступныя выступы, каб яны прыяжджалі ў любы куток))), нават за межамі. Мне нават сорамна ім аб гэтым казаць, бо я не ўяўляю колькі на гэта бабла ідзе. Але нам прыемна, канешне.

Яшчэ мне расказалі такую фішку, што аднаму чалавеку наша музло дапамагло саскочыць. Ён на чымсьці моцна сядзеў. Ня ведаю, так гэта, ці не, але калі так, до гэта супэр-клёва. А яшчэ фішка была, калі мой знаёмы сказаў, што ягоная сяброўка з гораду Тальяці папрасіла перадаць мне, што я — геній. Значыць, беларуская мова зразумела расейцам». 

Лідэр Mauzer Ян Маўзэр

Пра фанацкую самадзейнасьць

«Насьцярожана мы ставімся да такой дзейнасьці… Напрыклад, ёсьць адна дзяўчынка, яна любіць перакладаць нашыя тэксты на расейскую мову. На нашым фан-клюб-сайце гэта выкладзена. Канешне, дзякуй ёй за гэта, але яе пераклады пакідаюць жадаць лепшага.

Шпалеры на працоўны стол робяцца, прычым такімі дастаткова знакамітымі людзьмі.

Песьні, старыя запісы шукаюць, і гэта мне не падабаецца. Нафіга шукаць старыя запісы? Мне сорамна за тое, што было раней. Зь іншага боку — гісторыя.

Яшчэ калі да нас толькі-толькі прыйшоў у гурт Рома Уфо, ён быў тады ня вельмі вопытны, але вельмі актыўны, пісаў розныя фанэры. І вось такая несупэрская фанэра выкладзена ў нэт. Гэта ён зрабіў без санкцыі гурта: проста сам напісаў, сам падпісаў, што гэта Маўзэры. Фанэра на нашу нязробленую песьню, таму і ня зробленую, бо ні тэкст, ні фанэра не падыходзілі адзін да адной. А зараз мне пішуць і пытаюцца, а што гэта за песьня такая?»

Пра пляны на DVD і запісы з канцэртаў

«Зараз зроблены DVD, які будзе мець назву Андэрграўнд акт. Гэта архіўны канцэрт фактычна, таму што таго складу, які удзельнічаў у канцэрце, няма. І мы зараз граем па-іншаму, выглядаем па-іншаму, але для гісторыі было прынята рашэньне гэты канцэрт выдаць. Нешта прыкольнае будзе і па бонусах. Гэты тавар трэба будзе купіць, бо ў Беларусі такога яшчэ ня было».

Лідэр Mauzer Ян Маўзэр

Пра стасункі з «роднай» магілёўскай сцэнай

«Магілёўцы, яны а%уеўшыя такія. Яны такія перакормленыя ўсім, маюць сваё меркаваньне, плоскае і памяркоўнае. Я люблю свой горад, проста мы атрымліваем значна больш асалоды, калі выступаем у іншых гарадах. Мы нават хочам прыняць рашэньне не выступаць у Магілёве ўвогуле.

У Магілеве гэта так: мы выступілі, выклаліся, як маглі, а потым выходзіш у інтэрнэт, а там 14-гадовыя экспэрты ўжо назвалі гэта немодным лайном, параўналі з усім калам, які толькі магчымы. Мы да гэтага не прыслухоўваемся, бо разьбіраемся ў музыцы лепш за іх. Але па-любому нэрвы псуе, таму ўжо не ходзім у інтэрнэт. Мы дзейнічаем па схеме „няма прароку ў сваёй айчыне“. Выступаем з піцерскімі, маскоўскімі вядомымі музыкамі — яны паціскаюць пасьля канцэрта мне руку, кажуць, што гэта, а%уенна, ні на што непадобна. А тут яны такія экспэрты ў музыцы, ім усё вядома, яны гэта бачылі, ім гэта не цікава». 

Лідэр Mauzer Ян Маўзэр

Пра выступы «за дзякуй»

«Я ўжо ня памятаю, калі нам прапаноўвалі выступаць „за добрую справу“. Мы проста думаем, што людзі, якія арганізоўваюць канцэрты, зарабляюць на нас грошы. Зрабіць канцэрт, і напісаць столькі песень, зрабіць тое шоў, якое мы ладзім — гэта рэчы непараўнальныя. І тым не менш яны атрымоўваюць з канцэрта больш грошаў, чым мы.

Рабіць тую справу, якую мы робім, на вельмі высокім узроўні, я лічу, тым больш для Беларусі гэты ўзровень ўвогуле касьмічны, і рабіць яе за бясплатна?! Мы сябе больш паважаем.

Дахера можа быць лёзунгаў, пад якімі б мы выступілі дабрачынна. Гэта павінен быць нейкі маштабны канцэрт, і каб гэта прынесла сапраўдную карысьць. Напрыклад, назьбіраць бабла і выратаваць чалавека — калі ласка, мы гатовы выступіць».

Чаго чакаць ад Mauzer у блізкі і ня вельмі час?

«Карацей, магу сказаць, што мы не зьбіраемся ляцець у космас. Усяго астатняга можаце чакаць!»

Фота: Яўген Сідараў. Уся фотасэсія на сайце аўтара: photo.e-s.bz.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.