Прэзэнтацыя альбому «Mauzerа» пераўтварылася ў прэзэнтацыю альбому «Сьцяны»

Sciana

У пятніцу 26 лютага ў клюбе «Рэактар» мусіла адбыцца менская прэзэнтацыя альбому «Porna» магілёўскага гурта «Mauzer». Аднак «Рэактар» адрываўся пад іншыя гурты, сьціпла пазначаныя маленькімі літарамі на афішах з рэклямай канцэрту. «Mauzer» адыграў толькі кароткую акустычную праграму ў стылі бардаўскіх канцэртаў.

Mauzer

За некалькі дзён да менскай прэзэнтацыі у гурце «Mauzer» ранейшыя непаразуменьні перарасьлі ў развод з падзелам маёмасьці. Ад каманды засталося два чалавекі, і ў такім складзе гурт здолеў выступіць ў «Рэактары» толькі з акустычнай праграмай, якая была тым ня менш добра сустрэтая большай часткай прыхільнікаў. Скептычная ж частка наведнікаў пятнічнага канцэрту напрыканцы выступу «Маўзэра» пачала патрабаваць абяцанае «порна» хаця б у выглядзе нагі лідэра «Маўзэраў»:

«Па-ка-жы пе-ра-лом!
Пе-ра-лом па-ка-жы!»

— весела скандавала група хлопцаў, намякаючы на тое, што першыя тлумачэньні Янкі Маўзэра, пра тое, чаму канцэрт будзе акустычным, беспадстаўныя.

Лідэр «Маўзэраў», які папярэдне паміж песьнямі чытаў вершы зь нецэнзурнымі словамі пра розныя часткі цела, сваю нагу не агаліў. Аднак зусім праігнараваць настойлівыя патрабаваньні ня здолеў і прапанаваў чамусьці аматарам пераломаў глядзець БТ: 

«Хто хоча ўбачыць пералом — таму трэба на БТ», — заявіў Янка перад зыходам са сцэны «Рэактара». 

Публіка, якая была добра разагрэтая перад выступам «Маўзэра» магілёўскім гуртом Akute і чакала слэму, атрымала яго ўрэшце. 

Akute

Берасьцейцы з гурта «Сьцяна» зь першых акордаў трапілі ў настрой залі і надалей удала кіравалі ім. Папярэдне ў прэс-рэлізах пра прэзэнтацыю альбому «Porna» гурта «Mauzer» пазначалася, што «Сьцяна» таксама прэзэнтуе свой новы альбом «Кропка вяртаньня» ў межах канцэрту. Але фактычна ж гэты вечар атрымаўся прэзэнтацыяй новага альбому берасьцейцаў пры ўдзеле Akute і на фоне акустычных экспэрымэнтаў парэшткаў гурта Mauzer.

Глядзіце таксама ў фотаблогу Generation.bY тры фотарэпартажы з канцэрту:


vojur 22:39, 28/02/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0596 seconds.