Радаслаў Дамброўскі пра падрыхтоўку Басовішча-2008: плянуем бясплатныя візы гледачам

Да штогадовага фэстывалю музыкі маладой Беларусі Басовішча застаецца 44 дні. Праграма фэсту амаль сфармаваная, завяршаюцца перамовы пра бясплатныя візы гледачам, новае журы прыступіла да праслухоўваньня заявак на конкурс. Праўда, сёлета маладыя гурты могуць і ня выступіць у Беларусі, бо традыцыйны адборачны канцэрт можа не адбыцца. Пра ход падрыхтоўкі Басовішча-2008 распавёў у інтэрвію Generation.bY старшыня БАС Радэк Дамброўскі.


Непасрэдная арганізацыя фэсту кладзецца на плечы сябраў БАС, а найперш на старшыню арганізацыі – Радаслава Дамброўскага. Як кажуць самі басаўцы, для іх сьвята Басовішча наступае пасьля фэсту, калі нарэшце можна адпачыць. На гэтым здымку стомлены Радэк падчас Басовішча 2007.

Праграма Басовішча 2008 

Фармаваньне праграмы фэстывалю ідзе ў самым разгары. Калі мы скантактаваліся з Радэкам, ён якраз перамаўляў з гуртамі наконт умоваў удзелу ў Басовішчы. Сёлета фэстываль пройдзе ў два дні 18-19 ліпеня традыцыйна ў мястэчку Грудэк (Польшча, недалёка ад беларускай мяжы).

Якая сёлета чакаецца праграма, хто пацьвердзіў удзел, з кім вядуцца перамовы, каго хацелі б запрасіць?

«Згоду дала ўжо «Крама», 5set5 (Польшча), Rima (Польшча), Pomidor/off. Дарэчы, Памідораў адначасова будзе й вядучым фэстывалю — правераным ужо. Самы лепшы вядучы, лепшага ня ведаю пакуль што — такі мабыць не нарадзіўся:) Будзе ён таксама ў журы. Можа нехта скажа, што гэта Памідорава фэстываль, але гэта застаецца Басовішча.

Таксама перамовы вядуцца з NRM, Zet, «Крамбамбуляй», WZ-Orkiestra, з «Палацам», Neuro Dubel, Flit (Украіна) і іншымі. Думаю, усё высьветліцца цягам двух дзён, бо застаюцца толькі фінансавыя пытаньні, каб дакладна скласьці праграму».

Конкурсная частка фэстывалю

Басовішча як фэстываль музыкі маладой Беларусі традыцыйна мае конкурсную частку, пераможцы якой атрымліваюць разнастайныя прызы, галоўны зь якіх — запіс альбому на прафэсійнай студыі ў Польшчы. Штогод БАС фармуе склад журы з выбітных людзей у музычнай сфэры. Рэкорднымі па колькасьці сябраў журы былі 2006 і 2007 гады. Сёлета ў журы пяць чалавек. Затое асаблівасьцю складу журы гэтага году зьяўляецца ўдзел у ім беларускага блогера Slaver. Усе пяцёра беларусаў будуць журыць і непасрэдна на Басовішчы ў Польшчы. Там у склад журы далучацца асобы з польскага боку пад традыцыйным патранатам мастака Леона Тарасэвіча.

Склад журы беларускай часткі Басовішча 2008:

Музыкі Аляксандар Памідораў (праект Pomidor/off) і Ігар Варашкевіч (гурт «Крама»), музычны журналіст Сяргей Будкін, музычны блогер Slaver і дырэктар гуказапісвальнай студыі «Осмас» Павал Юрцэвіч.

 

Яшчэ раней Радэк тлумачыў, што сёлета ня будзе адборачнага канцэрту ў Беларусі пад назовам «Адборышча», якое было прыдуманае і праведзенае камандай Studenty.by (зараз — Generation.bY) у 2006 годзе, бо ў гэтым годзе з адборачнага канцэрту не плянуецца вялікай падзеі. Арганізацыяй канцэрту зараз займаецца кіраўнік БМА Віталь Супрановіч. Але ці пройдзе сам канцэрт, пакуль невядома.

«Магчыма, што ўдзельнікі Басовішча ў Польшчы будуць адабраныя па заяўках (дэма-запісы). Бо арганізатар у Беларусі, які браўся за канцэрт, мае нейкія праблемы ў дамоўленасьцях, таму пакуль невядома ці адбудзецца канцэрт у Беларусі», — распавядае Радаслаў.

А як будзе адбывацца сыстэма адбору гуртоў? Так як і ў апошнія гады, калі журы з удзельнікаў адборачнага канцэрту ў Менску абірае 10 лепшых камандаў, якія і едуць змагацца далей на фэст у Польшчу?

«Так, непасрэдным адборам гуртоў, якія паедуць на конкурс у Польшчу, займаюцца сябры журы — агучаныя пяць чалавек».

А як ты сам ацэньваеш пададзеныя на конкурс заяўкі ад маладых гуртоў?

«Ацэньваць гурты я не хачу і ў журы сёлета ня буду. Няхай гэта вырашаюць прафэсіяналы. Дарэчы, у гэтым годзе мы вырашылі не запрашаць у журы арганізатараў і партнэраў фэстывалю».

А ці будзе сёлета інтэрнэт-галасаваньне па выбары аднаго гурта, які паедзе на конкурсную частку фэсту па-за рашэньнем беларускага журы?

«Пра гэта мы пакуль не гутарылі. Насамрэч стаіць пытаньне, ці варта наагул рабіць гэтае інтэрнэт-галасаваньне. Для мяне яно й не асабліва важнае, хоць гэта таксама рэкляма фэсту». 

Плянуюцца бясплатныя візы гледачам

Хоць фэст і праходзіць у Польшчы, але заўжды трымае марку самага буйнога беларускага фэсту. Праўда, далучэньне Польшчы ў шэнген ускладніла атрыманьне візаў, а найперш па кішэні адбіваюцца кошты — 60 эўра за візу. Тым больш, турыстычны сэзон у самым разгары, і ня так і проста своечасова атрымаць візу.

Ці плянуецца візавая падтрымка ці зьніжкі на візы гледачам?

«Так, плянуецца. Гэта будзем вырашаць супольна і пры дапамозе Радыё Рацыя і тэлебачаньня BelSat, але канчатковыя перамовы заплянаваныя да канца гэтага тыдня».

Па словах Радэка, калі перамовы наконт візавай падтрымкі пройдуць пасьпяхова, на практыцы сыстэма атрыманьня бясплатных візаў гледачам будзе такая ж, як у 2006 годзе. Будзе адказны чалавек, які будзе зьбіраць дакуманты і рабіць візу. Такім чынам, стаяць у чарзе па візу ня прыйдзецца. 

Ход падрыхтоўкі Басовішча ў гэтым годзе праходзіць значна цішэй, чым у папярэднія два гады. З чым гэта зьвязана, тлумачыць Радэк:

«Прамоцыя фэстывалю залежыць ад журналістаў, якія хочуць пісаць і цікавяцца тэматыкай. Я на гэта не ўплываю. Таксама гэта залежыць ад крэатыву людзей, якія гэтым займаюцца. Калі ў кагосьці ёсьць жаданьне дапамагчы ў прамоцыі фэстывалю, мы гэта вітаем, але ў адных гэта атрымліваецца лепш, у іншых — горш. Але таксама і з боку БАС пакуль не абвяшчалася нейкіх канкрэтных вынікаў з падрыхтоўкі да фэсту, паколькі й ня было пра што асабліва пісаць».

Прамоцыя і канкурэнцыя 

Сёлета Басовішча мае сур’ёзную канкурэнцыю, бо ў суседніх краінах таксама ладзяцца буйныя рок-фэсты з удзелам беларусаў. А візавая сытуацыя зь Літвой і Польшчай аднолькавая — шэнген у кожную зь іх каштуе 60 эўра. Праўда, арганізатары балтыйскага фэстывалю Be2gether таксама вядуць перамовы зь літоўскай амбасадай, каб аблегчыць беларусам магчымасьць патрапіць у Літву. Але Be2gether — камэрцыйны фэстываль і квіток разам зь візай для беларусаў складзе 65 эўра. 

Пра тое, якія можна назваць аргуманты, чаму трэба абіраць Басовішча, мы запыталіся ў Радэка.

«Можна любы беларускі фэстываль назваць канкурэнцыяй для Басовішча, але калі казаць пра be2gether, які мне вельмі падабаецца і на які зноўку зьбіраюся ў гэтым годзе, нельга называць яго беларускім фэстывалем. Там сярод іншых выступаюць таксама беларусы, а Басовішча зьяўляецца цалкам беларускім фэстывалем — гэта важнае адрозьненьне».

Ня лічыць канкурэнцыяй старшыня БАС і беларускі фэст «Права быць сваводным», які пройдзе гэтым летам у Львове, а нават раіць пасьпець на два фэсты, але дадае:

«А яшчэ на Басовішчы болей сюрпрызаў і болей забаваў, таму што Басовішча працягваецца два дні як мінімум».

Такім чынам, арганізатары фэсту завяршаюць складаньне праграмы фэстывалю, 35 гуртоў-удзельнікаў конкурснай часткі чакаюць рашэньня журы, каб пакаваць чамаданы на Басовішча, а гледачы трымаюць пальцы крыжыкам і чакаюць бясплатных візаў.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.