Расейскі студэнт за абразу ў Сеціве выкладчыкаў выплаціць ім маральныя страты

У Пензе за абразу выкладчыкаў на сайце «pomoyka.pnz.ru» непаўнагадовы студэнт па рашэньні суда мусіць выплаціць па 85 даляраў кожнаму з абражаных.­

Раённы суд гораду Пензы прысудзіў студэнту прыборабудаўнічага каледжу выплаціць кампэнсацыю за маральныя страты ў памеры 2 тысячы расейскіх рублёў (85 даляраў) кожнаму з выкладчыкаў, якіх ён публічна абразіў.

Студэнт разьмясьціў на інтэрнэт сайце «pomoyka.pnz.ru» для вольнага пампаваньня гукавы файл «posvyashyaetsya». У тэксьце «прысьвячэньня» прысутнічала лаянка ў бок выкладчыкаў адной з навучальных установаў Пензы. Выкладчыкі знайшлі гэта абразьлівым для свайго гонару і зьвярнуліся ў міліцыю.

Пасьля гэтага супрацоўнікі аддзелу «К» (кампутаровая міліцыя) прыбралі файл. Студэнт быў затрыманы, а крымінальная справа перададзеная ў суд. 

1 красавіка 2008 студэнт быў прызнаны вінаватым у злачынстве па артыкуле 130 часткі 2 Крымінальнага Кодэксу РФ «Абраза ў публічным выступе, у творы, які публічна дэманструецца альбо ў сродках масавай інфармацыі»

Прысуд — выпраўленчыя працы тэрмінам 6 месяцаў з утрыманьнем 15% заработку. Прысуд умоўны.

Аддзел «К» ня толькі рэагуе на заявы грамадзян, але і самастойна праглядае Сеціва — так, больш года таму супрацоўнікі кампутаровай міліцыі зацікавіліся камэнтаром у жж, пакінутым сыктыўкарскім музыкам Савам Цярэнцьевым.

У выніку была заведзеная першая ў Расеі крымінальная справа за камэнтар у жж — Сава абвінавачваецца за распальваньне сацыяльнай варожасьці ў дачыненьні да міліцыі. Зараз Саве пагражае да двух год зьняволеньня.

У розных навучальных установах Расеі таксама былі выпадкі выключэньня студэнтаў з-за камэнтароў альбо водгукаў, пакінутых у Інтэрнэце: так, за кртыку ў жж канцэрту, арганізаванага студсаветам, быў выключаны студэнт мурманскага каледжу.

SlaDa 15:37, 08/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.