Рэктар БДЭУ Шымаў запрошаны на канфэрэнцыю ў Вену, дзе навучаецца выключаная ім у 2005 годзе студэнтка Тацяна Хома

28 сакавіка «знакаміты» рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэта У.М. Шымаў прыедзе ў Вену, каб паўдзельнічаць у канфэрэнцыі «Беларусь у Эўропе: Эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялёг». Якраз у Вене зараз жыве і выключаная ім Тацяна Хома, якая нягледзячы на некалькі судоў не была адноўленая ў БДЭУ і ў выніку пагадзілася на прапанову працягнуць адукацыю ў Венскім унівэрсытэце пры падтрымцы прыватнай аўстрыйскай кампаніі.

Як удзельнік канфэрэнцыі ў Вене, рэктар Шымаў атрымае магчымасьць наведаць адну з прыгажэйшых сталіцаў Эўропы, будзе жыць у добрым гатэлі, атрымае ганарар за свой выступ, яго зводзяць у опэру, дадуць дарагія падарункі. ­

Эканамічная канфэрэнцыя пройдзе 27–29 сакавіка ў Вене (Аўстрыя). У ёй прымуць удзел прадстаўнікі аўстрыйскага ўраду і кампаніяў, а таксама цэлы шэраг выступоўцаў зь Беларусі.


Фотаздымак У.М. Шымава з сайту БДЭУ

Сярод запрошаных выступоўцаў таксама рэктар БДЭУ — Уладзімер Шымаў, які некалі займаў пасаду міністра эканомікі РБ. На пасадзе рэктара ён вядомы сваім імкненьнем як мага болей выслужыцца перад кіраўніцтвам краіны за кошт грамадзка-актыўных студэнтаў. Самым гучным выпадкам стала адлічэньне студэнткі-выдатніцы Тацяны Хомы ў лістападзе 2005-га года па прычыне «выезду за мяжу без дазволу рэктара» на зьезд буйнейшага эўрапейскага студэнцкага зьвязу, дзе яна была абраная ў кіраўніцтва гэтай арганізацыі.


Тацяна Хома перад адлічэньнем з БДЭУ у 2005г. Фота Юры Сідуна.

Пазьней стала зразумела, што адлічэньне Тацяны было своеасаблівым пасылам да беларускіх студэнтаў напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2006-га года. Гэта быў паказальны прыклад — за грамадзкую дзейнасьць будуць адлічаць, добрыя адзнакі і адказнае навучаньне ня стануць гэтаму перашкодай.

Каб запужаць студэнтаў, Шымаў ня грэбаваў дапамогай прадстаўнікоў КДБ, якія выклікалі на размовы студэнтаў, якія вучыліся альбо жылі разам з Тацянай у інтэрнаце, а таксама іншых грамадзка-актыўных студэнтаў. Не рэагаваў рэктар і на звароты эўрапейскіх адукацыйных структураў спыніць парушэньні правоў студэнтаў і аднавіць незаконна выключаную студэнтку. Як вынік — БДЭУ быў выключаны з Эўрапейскай асацыяцыі ўнівэрсытэтаў. Некалькі судоў, празь якія прайшла Тацяна, так і не аднавілі яе. А прадстаўнік унівэрсытэта заявіў у судзе, што студэнтку не адновяць нават на платнае аддзяленьне БДЭУ.

Празь некалькі месяцаў, калі адбыліся прэзыдэнцкія выбары 2006 года і сакавіцкія хваляваньні з акцыямі пратэсту і сотні студэнтаў былі затрыманыя і асуджаныя на суткі, яны былі перад пагрозай адлічэньня. У дачыненьні іх рэктар Шымаў, як і іншыя рэктары беларускіх унівэрсытэтаў, выкарыстаў ганебную практыку з савецкага мінулага. Студэнтаў прымушалі прылюдна пакаяцца за тое, што яны ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, прызнаць памылковасьць сваіх дзеяньняў, фактычна пайсьці на змову з уласным сумленьнем. За гэта абяцалі не выключаць іх з унівэрсытэтаў. 

Да гэтай канфэрэнцыі Тацяна Хома і Шымаў сустракаліся толькі аднойчы — у дзень выключэньня, калі рэктар выклікаў яе, каб запытацца, чаму яму на факс прыходзяць дзесяткі лістоў пратэсту ад эўрапейскіх арганізацыяў.

Выступ Шымава на канфэрэнцыі Belarus in Europe: Economic Cooperation and Political Dialogue заплянаваны на 28 сакавіка ў першай палове дня. 

Па нашай інфармацыі, арганізатары канфэрэнцыі зараз у тэрміновым парадку шукаюць больш падрабязную інфармацыю пра прафэсара Шымава. А аўстрыйскія студэнты сустрэнуць рэктара БДЭУ Шымава акцыяй пратэсту.

vojur 18:27, 27/03/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0801 seconds.