Студэнтку выключаюць з унівэрсытэта за тое, што яна была абраная ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі
Сёньня, 24-га лістапада, Тацяне Хоме, студэнтцы факультэта міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ, прарэктар унівэрсытэта С.В. Шаўрук паведаміў што яе выключаюць з унівэрсытэта. Два тыдні таму яна была абраная ў Праўленьне Саюза нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы ESIB – буйнейшай эўрапейскай студэнцкай арганізацыі, якая займаецца абаронай правоў і інтарэсаў студэнтаў у Эўропе.
Афіцыйнай прычынай выключэньня адміністрацыя ўнівэрсытэта называе тое, што Тацяна прапусьціла 3 дні заняткаў без дазволу дэканата для ўдзелу ў Зьезьдзе ESIB у Францыі, дзе і адбываліся выбары новага кіраўніцтва арганізацыі. Аднак некаторыя супрацоўнікі ўнівэрсытэта ў прыватных размовах кажуць, што патрабаваньне выключыць Тацяну паступіла зь Міністэрства адукацыі па прычыне абраньня Тацяны ў Праўленьне ESIB.
Студэнтку 4 курса факультэта міжнародных эканамічных стасункаў БДЭУ Тацяну Хому, якая зьяўляецца адной зь лепшых студэнтак свайго курса, выклікалі на тэрміновае паседжаньне прафбюро ўнівэрсытэта. Там Тацяне паведамілі, што падрыхтаваны загад аб яе выключэньні з унівэрсытэту.
Афіцыйнай прычынай выключэньня называюць тое, што Тацяна без дазволу ўнівэрсытэта прапусьціла тры дні заняткаў ва ўнівэрсытэце для замежнай вандроўкі. У гэты час Тацяна ўдзельнічала ў паседжаньні 49-га Зьезда ESIB, які праходзіў у Францыі. Акрамя таго Тацяне паведамілі, што інфармацыя пра тое, што беларускую студэнтку абралі ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі праз электронныя СМІ патрапіла ў Міністэрства адукацыі, якое было абуранае такой падзеяй і запатрабавала ад рэктара ўнівэрсытэта выключыць гэту студэнтку.
Як тлумачыць Тацяна Хома:
“Да таго, як мяне выклікалі на паседжаньне прафбюро я мела размову ў кабінэце намесьцніка дэкана з чалавекам, які прадставіўся прадстаўніком выхаваўчага аддзелу, аднак прозьвішча вырашыў не называць. Ён запытваўся пра вандроўку ў Францыю, маю мэту там і арганізацыю ESIB агулам: фінансаваньне, палітычная пазыцыя адносна Беларусі. Ня раз падкрэсьліў, як дрэнна я зрабіла, што не паведаміла ў дэканат загадзя. Тое ж я і пачула ад прарэктара па міжнароднай супрацы спадара Шаўрука, які мне распавядаў пра тое, як з амбасадаў тэлефануюць і прапануюць прыехаць па цынкавыя труны. Маючы на ўвазе, што ўнівэр нясе за мяне адказнасьць, а ў Францыі на той момант была такая складаная сытуацыя...
Я прадаставіла ў дэканат тлумачальную запіску, дзе выклала аб’ектыўныя прычыны свайго хуткага ад’езду і немагчымасьці паведаміць у дэканат у час. Тым ня менш мяне проста абурае такі падыход унівэра да выхаваўчай працы. Я ня веру, што выключэньне ёсьць дзейсны мэтад выхаваньня.”
Дзейная Старшыня Праўленьня ESIB Ваня Івошавіч разам зь іншымі Сябрамі Праўленьня арганізацыі зьвяртаюцца ў Савет Эўропы, Эўрапарлямэнт і іншыя эўрапейскія структуры, у тым ліку ў Эўрапейскую Асацыяцыю Ўнівэрсітэтаў, у якую уваходзіць Беларускі Дзяржаўны Эканамічны Унівэрсытэт. Звароты накіраваныя на тое, каб гэтыя структуры ўмяшаліся ў сытуацыю з раптоўным і абсурдным выключэньнем Тацяны Хомы.
Тацяна за тры з паловай гады навучаньня ва ўнівэрсытэце паказала сябе як арганізаваная, разумная і актыўная студэнтка, удзельніца навуковых канфэрэнцыяў і конкурсаў, сябра студэнцкага савета факультэта. Усе сэсіі яна заўсёды здае толькі на выдатныя і добрыя адзнакі, і дагэтуль ніколі ня мела ні папярэджаньняў, ні вымоваў з боку дэканату. Тым больш ўражваюць радыкальныя меры прынятыя адносна студэнткі.
Загад аб выключэньні ўжо падрыхтаваны, але Тацяна будзе працягваць змаганьне за права навучацца ў Беларусі нават калі справа дойдзе да суда. Заўтра яна мае намер сустрэцца з рэктарам БДЭУ сп. Шымавым. Нагадаем, што згодна дзейнай інструкцыі Міністэрства адукацыі Беларусі выключэньне студэнта за пропускі заняткаў можа быць толькі пры ўмове сыстэматычнасьці парушэньняў. Практычна гэта азначае, што без вымовы за пропускі нельга выключаць студэнтаў. Гэта магчыма толькі пасьля другой вымовы.
Тацяна Хома таксама адзначыла, што рашэньне рэктарату ніяк не паўплывае на ейнае сяброўства ў Праўленьні ESIB.