Беларускую студэнтку абралі ў кіраўніцтва буйнейшай эўрапейскай студэнцкай арганізацыі

Тацяна ХомаНа гэтых выходных актывістку студэнцкага руху Беларусі Тацьцяну Хома абралі ў кіруючы орган Аб’яднаньня  Нацыянальных Студэнцкіх Зьвязаў Эўропы «ESIB».
У Францыі, ў горадзе Рэймс адбыўся 49-ы зьезд (board-meeting) ESIB, пад час якога прайшлі выбары ў новую Раду арганізацыі, якая яднае мільёны студэнтаў. У выніку, у кіраўніцтва сярод іншых шасьці чалавек ўвайшла беларуская студэнтка, сябра каманды Studenty.by (!), Тацьцяна Хома.

Гэта першы выпадак, калі ў кіруючы ворган такой уплывовай эўрапейскай арганізацыі балятаваўся прэтэндэнт з Усходняй Эўропы. Тым больш прыемна, што за студэнтку зь Беларусі прагаласавалі студэнцкія саюзы бальшыні эўрапейскіх краінаў, у тым ліку Германія, Літва, Вугоршчына, Нарвэгія і іншыя.

Віншуем Тацьцяну з гэтай перамогай, якая вельмі значная ня толькі для беларускага студэнцтва, але і для ўсёй Беларусі! Празь некалькі гадзінаў Тацяна прылятае ў Менск з Парыжу. Адпаведна чакайце ў бліжэйшы час падрабязнага інтэрвію зь ёй пра тое, як адбылася гэта перамога!


Даведка. 
 

Аб’яднаньне нацыянальных студэнцкіх саюзаў Эўропы «ESIB» -- арганізацыя, якая прадстаўляе і абараняе навучальныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурніцкія інтарэсы студэнтаў у Эўропе. На дадзены момант у ESIB 41 арганізацыя зьяўляюцца поўнымі сябрамі, 4 студэнцкія зьвязы зьяўляюцца кандыдатамі на ўступленьне і 2 кансультатыўныя сябры. Усе гэтыя студэнцкія зьвязы прадстаўляюць 10 мільёнаў студэнтаў з 35 эўрапейскіх краінаў.

Адной з асноўных функцыяў ESIB зьяўляецца прадстаўленьне інтарэсаў студэнтаў у іншых структурах эўрапейскага ўзроўню, такіх як Савет Эўропы, Эўрапейская Камісія, Эўрапэйскі Парлямэнт, UNESCO, у нацыянальных урадах і г.д.

ESIB выпрацоўвае і зацьвярджае дакумэнты, у якіх выказваюцца думкі студэнтаў па праблемах адукацыі: роўны доступ да адукацыі, камадыфікацыя адукацыі, Балоньскі працэс (да якога Беларусь, у адрозьненьні ад большасьці эўрапейскіх краінаў, яшчэ не далучылася) і г.д. Таму ESIB зьяўляецца асноўным дарадцам эўрапейскіх структураў ва ўсім, што тычыцца студэнтаў у Эўропе. Беларусь у ESIB з 1997 года прадстаўляе Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў.

Поўная інфармацыя пра ESIB на сайце www.esib.org

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.