Тацяну Хому не аднавілі ва ўнівэрсытэце

Тацяна ХомаТрохдзённае паседжаньне суда Тацяны Хома супраць БДЭУ завершылася адмовай. Судзьдзя Заводзкага раёну Менску Ірына Мардовіч адхіліла скаргу студэнткі на рашэньне рэктара аб выключэньні. Сёньня ж прадстаўнік унівэрсытэта, юрысконсульт Віктар Сьпіраў заявіў, што яны здымаюць сваю прапанову Тацяне аб аднаўленьні ў БДЭУ на наступны год на платнай аснове.

Асноўныя спрэчкі ў судзе былі ў тлумачэньні сыстэматычнасьці парушэньня правілаў унутранага распарадку ВНУ студэнтамі. Бо паводле інструкцыі Міністэрства адукацыі выключэньне студэнтаў праз парушэньне правілаў унутранага распарадку можа быць толькі пры ўмове сыстэматычнасьці парушэньняў. Адвакат Тацяны Хома сп. Сапелка тлумачыў, што аднаразовы выезд студэнткі за мяжу ня можна лічыць сыстэматычным.

Прадстаўнік ўнівырсытэта Сьпіраў адстойваў сваё разуменьне сыстэматычнасьці парушэньняў. Зь якога вынікае, што пропуск нават двух заняткаў запар (адзін дзень заняткаў, напрыклад) – гэта ўжо таксама сыстэматычнасьць.

Судзьдзя сп-ня Мардовіч у сваім рашэньні патлумачыла, што наагул ня брала пад увагу аргуманты бакоў, а кіравалася выключна правіламі ўнутранага распадку БДЭУ, паводле якіх студэнты мусяць наведваць заняткі. Такім чынам, згодна зь лёгікай судзьдзі, любы студэнт можа быць выключаны, калі ў яго знойдзецца хоць адна пара прапушчаных заняткаў.   

Заўважым, што пастановы Міністэрства адукацыі па юрыдычнай сіле стаяць вышэй, чым правілы ўнутранага распарадку ВНУ і іншыя ўнутрыўнівэрсытэцкія рашэньні.

Сп. Сьпіраў таксама заявіў, што ён быў абражаны, прачытаўшы ў інтэрнэце на старонцы прыватных дзёньнікаў livejournal, які ён назваў Тацяніным афіцыйным сайтам, інфармацыю, якая яго ганьбіць. І гэтую інфармацыю ён схільны ўспрымаць як абразу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта наагул. З гэтае прычыны ён заявіў, што прапанова, якая нібыта была агучаная студэнтцы рэктарам БДЭУ сп. Шымавым, аднавіцца на платнай аснове, здымаецца. 

Сп. Сьпіраў

У той жа час сп. Сьпіраў у часе суда сам ставіў пад сумнеў інфармацыю ў інтэрнэт, разьмешчаную нават на афіцыйным сайце эканамічнага ўнівэрсытэта.

Тацяна Хома пракамэнтавала studenty.by рашэньне суда.

Т.Х.: Я не магу сказаць, што я надта зьдзіўлена атрымаць такое рашэньне. Мяне ўразіла рашэньне ўнівэрсытэта скасаваць сваю прапанову аб маім аднаўленьні на платную аснову. Але для мяне гэта не зьяўляецца праблемай, бо я ўсё адно не зьбіраюся плаціць грошы гэтаму рэктару. Я не зьбіраюся плаціць камусьці за задавальненьне выключаць студэнтаў.

Тацяна Хома зь сябрамі

Мяне ўражвае аргумэнтацыя юрысконсульта ўнівэрсытэта. У першы дзень суда ён адзначыў, што для ўнівэрсытэта, а значыць і для краіны, няважна, каб студэнт быў пасьпяховым, для яго важна, каб студэнт быў дысцыплінаваным. А дысцыпліна ў нас чым толькі не прапісана, закончваючы дэкрэтам прэзыдэнта. Я не лічу, што дысцыпліна гэта дрэнна. Я лічу, што дысцыпліна ва ўнівэрсытэце ня мусіць нагадваць дысцыпліну ў турме. Асноўным паказчыкам дасягненьняў студэнтаў, а значыць і адукацыйнага працэсу, мусіць быць не дысцыпліна, а веды, якімі валодае студэнт.

Тацяна Хома

Тацяна Хома была выключаная з БДЭУ ў лістападзе 2005 года з фармулёўкай за "самавольны выезд за мяжу", дзе студэнтка правяла 3 дні на Зьезьдзе Нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы ESIB і была абраная ў Праўленьне гэтай арганізацыі. Тацяна была адной зь лепшых студэнтак на факультэце, вучылася амаль заўсёды на “выдатна”, спраўна наведвала заняткі.

Тацяна лічыць сёньняшняе рашэньне суда аб ейным навучаньні ня кропкай, а “коскай с кропкай”. Студэнтка будзе зьвяртацца са скаргай ў гарадзкі суд і нават у вышэйшыя інстанцыі, каб адстойваць сваё права на навучаньне ў Беларусі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.