Упершыню да калядных сьвятаў выходзіць відэапраект беларускіх музыкаў

­

За тры месяцы плённай працы падрыхтаваны ўнікальны праект — першы беларускі «аганёк» з удзелам рэдкіх гасьцей тэлеэкранаў: N.R.M., IQ48, Neuro Dubel, Indiga, Крамбамбулі, Джамбібума, Палацу, Крамы, Зьмітра Вайцюшкевіча і Віктара Шалкевіча. «Сьнежны завулак 8 альбо Незвычайная сустрэча пад Новы год» — гэта сьвяточная атмасфэра, цудоўная музыка, трапныя жа­рты і віншаваньні вядомых людзей. У навагоднюю ноч паглядзець шоў можна будзе на канале Belsat.

На «Сьнежным завулку 8» чакаюць «незвычайныя сустрэчы» ня толькі з выбітнымі музыкамі, але і з простымі жыхарамі завулку. Давядзецца зазірнуць у вакенца адной хаткі, у якой дзьве кабеты рознага веку сьвяткуюць Новы год традыцыйна — перад тэлеэкранам. Ганна і Лявон Вольскія ў вобразах Сьцяпанаўны і Маргарыты Сьцяпанаўны аздобяць музычныя ролікі трапнымі жартамі і вясёлымі тостамі, якія сьмела можна разьбіраць на цытаты:

«Пасьля такіх роляў галава баліць», — жартуе прадусарка праекту Ганна Вольская.

Павіншуюць гледачоў са сьвятамі вы­бітныя людзі краіны і замежжа — розныя, але аб’яднаныя цёплымі пачуцьцямі да Беларусі і яе жыхароў. Гэта пісьменьнікі і акторы,  спартоўцы, дыпляматы і бізнэсоўцы. Сярод іх — Адам Глёбус, Уладзімір Арлоў, Стэфан Эрыксан, Сьвятлана Зелянкоўская, Юрый Зісер і многія іншыя.

Адмыслова для праекту Лявон Вольскі напісаў аптымістычную кампазыцыю, якую музыкі выканалі разам — «Усё будзе добра». І як у тое не паверыць, калі запіс яе прыпаў на дні самых гарачых дыскусіяў вакол візыту музыкаў да Праляскоўскага?

«Нешта нам дапамагала…»

Гэты праект стаў вынікам сьмелай ідэі Ганны і Лявона Вольскіх: зрабіць сапраўдны беларускі аганёк, зь песьнямі беларускімі, артыстамі любімымі, шампанскім савецкім, салатай Аліўе і віншаваньнямі на роднай мове. Усё гэта — ў іскрыстым сьнезе, агеньчыках і ўсьмешках:

«Проста хацелася сабраць музыкаў разам, запісаць агульную навагоднюю песьню. А то Новы год прыходзіцца сустракаць альбо з расейскай папсой, альбо зь беларускай расейскамоўнай папсой. Некаторыя людзі ўжо ўвогуле не глядзяць тэлевізар у сьвяточную ноч. А ў нас жа столькі прафэсійных музыкаў, якія вымушаныя граць за мяжой», — распавядае Ганна пра пачатак працы над праектам.

Здымкі праходзілі ў Беларусі і, нягледзячы на хваляваньні, без перашкодаў. І самае галоўнае — роўна: усе кавалачкі склаліся ў адзіны цэльны малюнак: і аптымізм арганізатараў, і прафэсіяналізм здымачнай каманды, грымёраў і дэкаратараў, і крэатыўнасьць музыкаў, энтузіязм і ініцыятыўнасьць кожнага ўдзельніка гэтага складанага працэсу.

Варта яшчэ раз адзначыць, што такое шоў здымалася ўпершыню. Таму ад самага пачатку тое было авантурай, якая вылілася ў казку па ўсіх зімовых канонах. З маленькай сьнежкі агульнымі намаганьнямі паступова зьляпіўся вялізарны сьнежны ком. І — рыхтуйцеся! На вас рушыцца лавіна пазытыву і сьвяточнага настрою:

«Такім мусіць быць самае лепшае сьвята. Разам мы рабілі працу, пры тым, у падпольных умовах, якую звычайна робіць цэлы канал. Але за кошт атмасфэры, за кошт нашай веры ў тое, «што ўсё будзе добра», ўсё ­атрымалася.»

Адчуць Новы год на «Сьнежным завулку» можна і да афіцыйнай прэм'еры на Белсаце: днямі на сайце Generation.by зьявіцца болей здымкаў зь месца падзеяў і эксклюзіўнае відэа.

­

Фота Юра Сідун­­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0652 seconds.