Тэлеказка Лявона Вольскага «Аднойчы ў Барахляндыі» зьявілася онлайн (+відэа)

«Тэлеказка здымалася напрыканцы 2009 году, калі ў Беларусі яшчэ была стабільнасьць і курс даляру не даходзіў, нават, да 3000 рублёў», — узгадваюць стваральнікі стужкі. Тады фільм быў паказаны на тэлеканале Белсат, а таксама быў дасяжны невялікім накладам на дысках. Цяпер калядны «Сьнежны завулак 10 альбо Аднойчы ў Барахляндыі» можна праглядзець у Сеціве.

«Аднойчы ў Барахляндыі» — калядная казка, дзе дабро як заўжды змагаецца са злом, а ў прамежках паміж змаганьнем гучаць кампазыцыі Лявона Вольскага, аўтара сцэнару і ідэі фільму. Галоўныя ролі сыгралі і сьпелі Ганна Хітрык, Сьвятлана Зелянкоўская і Алег Гарбуз, а рэжысэрам выступіў Мацей Сабураў. Вось як цяпер прыгадвае здымкі Лявон:

«Гэтую казку мы здымалі два гады таму. На ўвесь працэс пайшло два месяцы. Ад напісаньня першае літары сцэнару і да фінальнага адгляду. Нягледзячы на тагачасную дзікую лібэралізацыю, працаваць давялося ў падпольных умовах — здымалі ўначы (на ўсе здымкі — 7 начэй) у памяшканьні аднаго рыцарскага клюбу, якое, у сваю чаргу, знаходзілася ў памяшканьні аднае дзяржаўна-моладзева-творчае ўстановы. Стасункі з дырэкцыяй установы не дадалі нам жыцьцёвае энэргіі і радасьці існаваньня. Але! Праца кіпела — ноч у ноч. Заўважце, тады яшчэ не было фінансавага крызысу, абвалу, паляваньня на крэдыты… Не было масавых палітзьняволеньняў. То бок, я пісаў сцэнар не пасьля нейкіх падзеяў, а апярэджваючы іх. Нават самому дзіўна.

Зрэшты, праца сцэнарыста, як высьветлілася, вельмі нэрвовая і неспакойная. Бюджэт мізэрны, таму трэба ўвесь час зьмяняць сцэнар — у бок памяншэньня выдаткаў. І гэта неабходна рабіць вельмі хутка — часам, за пару гадзінаў. А ўвогуле, тэлеспэктакль — гэта вельмі цікавая рэч. Бо там шмат усяго — і дыялёгі, і сюжэт, і музыка, і праца з акторамі, і грым, і касьцюмаваньне, і дэкараваньне, і безьліч іншага.

Спадзяюся, не апошні раз. І шчыра дзякую ўсёй нашай брыгадзе — рэжысэру, апэратару, прадусару, асыстэнтам, касьцюмэрам, дэкаратарам і, натуральна, выдатным і звышталенавітым акторам! Асобны рэспэкт Волі Кузьміч за чароўную анімацыю!»

Падрабязьней пра тое, як здымаўся праект і эксклюзіўны фотарэпартаж са здымачнай пляцоўкі — у матэрыяле

15:00, 17/01/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.