18 год таму пачалося падзеньне Бэрлінскай сьцяны

9 лістапада 1989 году пачалося падзеньне Бэрлінскай сьцяны. Для многіх з нас гэта адна зь першых Топ-навінаў, якая запомнілася ў дзяцінстве. Пазьней адбыўся імклівы распад СССР і Беларусь аднавіла незалежнасьць. Найноўшая гісторыя замільгацела па блакітных экранах старых тэлевізараў зь неверагоднай хуткасьцю. Нам пашчасьціла даросьлець у гэты дзіўны час. Але папярэдняе пакаленьне 28 год жыло ў Эўропе, дзе існавалі дзьве Нямеччыны.

 

Цяпер існуе адзіная Федэратыўнай рэспубліка Германія. Былая сталіца Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі Бэрлін ад 1990 стаў агульнай сталіцай немцаў. Амаль 3,4-мільённы горад вабіць і заварожвае мультыкультуралізмам, свабоднай, нефармальнай гарадзкой атмасфэрай, багатым культурным жыцьцём і, канешне, сваёй незвычайнай гістарычнай спадчынай.

Перадгісторыя мураванай «нямецка-нямецкай» мяжы 

Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны Нямеччына была падзеленая на акупацыйныя зоны, якія кантраляваліся саюзнымі краінамі ЗША, СССР, Вялікабрытаніяй і Францыяй. У сваю чаргу, Бэрлін, як былая сталіца Нямецкага Рэйха, быў таксама падзелены на 4 сэктары.

23 траўня 1949 з трох акупацыйных зонаў (амэрыканскай, францускай, брытанскай) была заснаваная ФРГ, а 7 кастрычніка гэтага ж года на савецкай зоне ўзьнікла ГДР. Адбыўся таксама і адміністрацыйны падзел Бэрліна на Ўсходні і Заходні. Усходні Бэрлін ГДР аб’явіла сваёй сталіцай.

На сучаснае разуменьне, стасункі паміж дзьвюма нямецкімі краінамі былі падобныя на стасункі памежных краінаў: асобны ўрад, уласная палітычная ідэалёгія і эканамічнае разьвіцьцё, дзяржаўныя межы і памежнікі…

Але да пабудовы сьцяны жыхары абодвух «Бэрлінаў» ня мелі перашкодаў у перамяшчэньні. Так, распаўсюджаным было жыць ва Ўсходнім Бэрліне, а працаваць у Заходнім, дзе узровень жыцьця і, адпаведна, заробкі былі вышэйшыя. Модніцы з Усходняга Бэрліна таксама мелі магчымасьць набываць у Заходнім Бэрліне адно з істотнейшых вынаходніцтваў жаночага гардэробу — нэйлёнавыя панчохі!

Жыцьцё па супрацьлеглыя бакі Бэрлінскай сьцяны

Па розных статыстычных дадзеных, з ГДР — краіны пад савецкім кіраўніцтвам і з «шматабяцаючай» плянавай эканомікай — у ФРГ пераехала з 1949 да 1962 года (час ад заснаваньня ГДР і да пабудовы Бэрлінскай сьцяны) ад 2 да 3 мільёнаў грамадзянаў ГДР.

Сацыялістычнае кіраўніцтва было незадаволеным палітычнай сытуацыяй і высокай міграцыяй, перад усім адукаваных людзей.

Чуткі аб пабудове ў Бэрліне мураванай дзяржаўнай мяжы былі непадмацаваныя, таму гэтай абсурднай ідэі надавалі мала веры. Будаўніцтва сьцяны пачалося нечакана для простых жыхароў горада ў нядзелю 13 жніўня 1961 года ўначы. Выходны дзень і начны час былі абраныя наўмысна.

З гэтага дня Бэрлін падзялілі ўнутранай сьцяной, якая мела даўжыню 43 кілямэтры. Bernauerstrasse — адна з вуліцаў, дзе сьцяну замянялі жылыя дамы. Да ўзмацненьня мяжы па ўсім Бэрліне жыхары гэтых дамоў ня мелі аніякіх праблемаў: былі грамадзянамі ГДР і жылі ў дамах, якія належалі Усходняму Бэрліну, а ўваход у свой жылы дом мелі на вуліцы, якая належала Заходняму Бэрліну.

З часу мураванай мяжы яны пазбавіліся «выхаду» у Заходні Бэрлін, фактычна суседнюю краіну. Замураваныя дзьверы і вокны ніжэйшых паверхаў не перашкодзілі ўсходнім бэрлінцам у першыя дні з дапамогай гэтых дамоў перабегчы ў Заходні Бэрлін. Але ў хуткім часе, каб пазьбегнуць выпадкаў зьбегаў сваіх грамадзянаў, жыхары гэтых дамоў, а пазьней і памежных раёнаў з усходняга боку былі прымусовы выселеныя.

 

Улічваючы, што Заходні Бэрлін межаваў з ГДР, у наступныя дні сьцяна даўжынёй 112 км была пабудавана і вакол Заходняга Бэрліна. Дакумэнтальныя фільмы і фота паказваюць звычайных людзей са сьлязьмі ў вачох, нерашучасьцю, разгубленасьцю, безвыходнасьцю ў сваіх рухах і позірках, якія стаяць па розныя бакі сьцяны і ня ведаюць, чаго чакаць.

У самым сваім першасным выглядзе сьцяна была складзена з цагляных блокаў. У знакамітым нямецкім фільме «Der Tunnel», зьнятым па праўдзівых падзеях пабудовы тунэля паміж «двума Бэрлінамі» і пасьпяховых уцёках жыхароў Усходняга Бэрліну, грузавік разбурае як раз такую вось сьцяну.

Такія выпадкі «пераходу» мяжы былі не аднаразовыя. Не магла звычайная сьцяна і ўразіць належным чынам сусьветную супольнасьць. Таму з 1961 па 1989 сьцяна і памежная зона з усходненямецкага боку ўдасканальваліся і перабудоўваліся 4 разы.

Апошні варыянт ужо бэтоннай сьцяны з арматурай вышынёй 3,6 мэтраў захаваўся да падзеньня сьцяны. Памежная зона ГДР у Бэрліне ўяўляла сабой шырокую паласу з шматлікімі перашкодамі для ўцекачоў, аглядальнымі вежамі, міннымі палосамі, агароджамі для транспарту, кантактнымі і сігнальнымі дратамі, узброенымі патрулямі з сабакамі, якім да красавіка 1989 дазвалялася забіваць любога чалавека пры незаконным перасячэньні мяжы.

 

Колькасьць загінуўшых (забітых, загінуўшых ад перашкодаў) пры спробе пераадолець сьцяну дагэтуль дакладна не вызначана. Дакладна вядома пра 133 смяротныя выпадкі, дасьледваньні лёсаў тых, хто пасьпяхова ці непасьпяхова спрабаваў зьбегчы ў ФРГ, вядуцца дагэтуль.

З боку Заходняга Бэрліну любы чалавек мог знаходзіцца непасрэдна каля сьцяны. На захаваных частках Бэрлінскай сьцяны можна дакладна вызначыць цнатліва чысты «усходні» і шматслаісты, размаляваны графіці «заходні» бок. Ня цяжка ўявіць штодзённае жыцьцё ў ГДР. Яно было хіба трошку лепей за жыцьцё ў СССР.

 

Да 1989 года грамадзяне ГДР маглі наведваць ФРГ толькі ў выключных выпадках, у першую чаргу, блізкага сваяцтва. ГДР спрабавала папаўняць свой бюджэт таксама за кошт нешматлікага турызму з ФРГ і не хвалявалася за міграцыю з ФРГ: жаданьня грамадзянаў ФРГ застацца ці перабегчы ў ГДР, натуральна, не ўзьнікала.

Адкрыцьцё межаў

Падзеньне сьцяны адбылося так жа стыхійна, як і яе будаваньне. Але хуткага зьнішчэньня сьцяны і аб’яднаньня Нямеччыны чакалі даўна. Знакам было памякчэньне памежнага рэжыму і паляпшэньне стасункаў паміж двума нямецкімі краінамі.

9 лістапада 1989, таксама ўначы, апасьля паведамленьня паўнамоцнага сакратара ЦК Гюнтэра Шабоўскага аб спрашчэньні перамяшчэньня ў падзеленым Бэрліне, жыхары падзеленага Бэрліна пачалі зьбірацца па абодвух бакох сьцяны і патрабаваць ад памежнікаў, якія ня ведалі пра абвяшчэньне, свайго права на спрошчанае перасячэньня мяжы.

Журналісты паведамлялі пра спантанную раздачу бясплатнага піва ў бліжэйшых да сьцяны кнайпах, бязьмежную радасьць і аптымізм. За такім рашэньнем быў прыняты шэраг сустрэчных эканамічных і палітычных рашэньняў.

Афіцыйны знос сьцяны пачаўся 13 чэрвеня 1990 і скончыўся 30 лістапада 1990.

Гістарычны сымбаль вачыма турыстаў

Як страшэнны сымбаль, у час зносу сьцяну намагаліся поўнасьцю зьнішчыць. Разумнай ідэяй было пакінуць некаторую частку для нашчадкаў. З тых часоў рэшты сьцяны сталі важнай кропкай на турыстычнай мапе.

У цэнтры Бэрліна існуе цэлы комплекс помнікаў, музэяў, архітэктурных пабудоваў, якія нагадваюць пра існаваньне ГДР, ФРГ, Заходняга і Усходняга Бэрліна, Бэрлінскай сьцяны. У цэнтральнай частцы Бэрліна на сваім арыгінальным месцы можна пабачыць фрагмэнты сьцяны, з абабітымі турыстамі на сувэніры плітамі сьцяны. А на вуліцах, дзе сьцяна была зьнесеная, на дарозе можна пабачыць выкладзены брук з датамі існаваньня сьцяны.

На колішнім прапускным пункце Checkpoint Charlie існуе імправізаваны прапускны пункт з дзяўчынай у аўтэнтычнай форме ГДР, якая за грошы ставіць штампы для выезду і ўезду ў ГДР ва ўласныя пашпарты турыстаў. Колішняя мара жыхароў Бэрліну стала сёньня забаваю для турыстаў.

 

Фота з BerlinerMauerOnline ­

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.