Дзень, калі прыдумалі анімацыю, каб утапіць яе потым у Сене

Са святам усіх фэнаў флэшак, гіфак, мультоў і анімэ! Сёння, 28 кастрычніка, святкуецца Сусветны Дзень Анімацыі. Больш за сто год таму ў 1892 годзе ў Парыжы мастак і вынаходнік Эміль Рэйно склікаў гледачоў на зусім новае відовішча — «аптычны тэатр» з рухомымі карцінкамі, які і паклаў пачатак анімацыі. Хоць адчайны мастак і ўтапіў пасля свой апарат у Сене, але ягоныя вынаходніцтвы ў анімацыі выкарыстоўваюцца і зараз. А дату паказу першага фільма Рэйно Міжнародная асацыяцыя анімацыйнага кіно прызнала Міжнародным днём анімацыі. Generation.by далучаецца да святкавання і адкопвае з архіваў свае мультфільмы і анімаванкі, а таксама інтрыгуе анонсамі.

Вынаходнік анімацыі адчайны Рэйно

Вынаходнік Эміль Рэйно са сваім анімацыйным апаратам 

Эміль Рэйно яшчэ ў 1876-м стварыў апарат з мяккай стужкай, на якую замацоўваў невялікія жэлацінавыя пласцінкі з карцінкамі, якія з дапамогай люстэрка і ліхтарыка адлюстроўваліся на экране. Да таго ж, малады Рэйно стаў першым выкарыстоўваць пастаянную дэкарацыю, малюючы яе асобна ад персанажаў. Ён жа першы сінхранізаваў выяву і гук, прычым саўндтрэкі мастак таксама складаў сам. А потым, удасканаліўшы свой апарат, зрабіў магчымым праглядаць паслядоўнасць з некалькіх малюнкаў як рух.

І нарэшце 28 кастрычніка 1892 году Рэйно прадэманстраваў уражанай публіцы свой першы фільм. Сеанс працягваўся ўсяго 15–20 хвілінаў. Усе свае фільмы настойлівы Рэйно маляваў і мантажаваў сам, часта рыхтуючы для гэтага болей сотні карцінак, наносячы выявы на доўгія стужкі.

Свой першы шэдэўр — «Вакол кабіны» (Autour d’une cabine) Рэйно стварыў у 1895 годзе. Але лёс і прагрэс не далі выбітнаму мастаку раскрыцца напоўніцу. Якраз у гэты час нарадзіўся кінематограф з больш хуткімі ў вытворчасці і больш таннымі кінафільмамі. Адчайны аніматар разбіў свой апарат і ўтапіў яго ў Сене разам з усімі створанымі стужкамі — уцалелі толькі два фільмы.

Мабыць, тады яшчэ Рэйно і не думаў, як разаўецца анімацыя і што многія з механізмаў мультыплікацыі XXI стагодзьдзя будуць браць натхненне з ягоных вынаходніцтваў.

А беларусы?

Але не толькі французы могуць ганарыцца сваім унёскам у мультыплікацыю. За 10 год да першага паказу Рэйном свайго фільма нарадзіўся Ўладзіслаў Старэвіч — беларус, які абагнаў усіх мультыплікатараў свету на некалькі дзесяцігоддзяў — так пра яго пазней скажа Ўолт Дыснэй. Старэвіч у пачатку мінулага стагоддзя першым у свеце пачаў рабіць фільмы ў тэхніцы лялечнай анімацыі — ягонымі героямі былі звычайныя казуркі. І першы ў свеце лялечны мультфільм быў зняты беларусам у 1910 годзе.

P.S. Анімаваны Generation.by

Уявіць сучасны свет без анімацыі ўжо складана, а тым больш Сеціва з анімаванымі банерамі, аватаркамі, мультфільмамі, інтэрактыўнымі паштоўкамі і цэлымі сайтамі. Як і ўявіць Generation.by без анімацыі :) Нават запуск сайту пачынаўся з інтрыгоўнай інтэрактыўнай анімацыі, у якой талісман сайту вожык нахабна спіць у шапку, забіўшы на ўсе справы.

А аднойчы, расчуліўшыся пад Каляды, вожыкі раскрываюць сваю таямніцу ў «Навагодняй праўдзе пра вожыкаў».


І раз пайшла ўжо такая тэма, прыгадаем і самыя першыя крокі ў анімацыі каманды Studenty.by (так называўся Generation.by да рэбрэндынгу ў 2007-м). Студэнцкі мультсерыл «Васілёк» паказвае студэнта, што пазнае радасці інтэрнацкага жыцьця і першыя самастойныя крокі пасля дыплому.

Магчымасці анімацыі невычэрпныя, кожны можа быць і стваральнікам, і героем. Можна нават пабудаваць цэлы горад! Стаць мэрам ці дворнікам :) Серыя інтэрактыўных мультфільмаў «Спальны раён» ужо стала адным з самых адметных анімацыйных праектаў у байнэце, раскрываючы таямніцы душэўных прыгодаў на ўскраінах гораду. А ў арсенале «будаўнікоў» гарадскіх мікрараёнаў не толькі вясёлыя байкі са стварэння праекту, а і шэраг узнагародаў на фестывалі беларускай рэкламы Ad.nak! і Прэмія байнэту 2012. Будоўля «Спальнага раёну» працягваецца, сачыце за экранамі :)

Анімацыя сапраўды як асобны свет. Зацягвае!

Віншуем з самым пазітыўным святам! :)


Ніна Майдас 12:00, 28.10.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0467 seconds.