Зьміцер Вайцюшкевіч зьмяніў канцэртны імідж

19 кастрычніка ня было знакамітых канцэртных гарнітураў Зьмітра. Мінімум імправізацый. Лепшыя гіты. Такі «Вайцюшкевіч. Classic». Па-ранейшаму – максымум прыгожых жанчынаў, пошукі адказаў на пытаньні, аніводнага незадаволенага твара і пустога фатэлю.

­

Лета ў Зьмітра выдалася­ працоўным: акрамя мюзыкла «Прарок» Вайцюшкевіч быў заняты падрыхтоўкаю новага альбому «Лірыка» на вершы Генадзя Бураўкіна. Таму перад канцэртам 19 кастрычніка Зьміцер адпачыў, падзагарэў.

Канцэрт Зьміцера Вайцюшкевіча

Праца над «ПраРОКам», відаць, моцна паўплывала на арыентацыю, натуральна, музычную: яшчэ падчас выступу ў «Старым Менску» Зьміцер яўна вызначыўся з накірункам. Цяпер ён – рокер. Як Мік Джагер. Таму альбому на вершы Бураўкіна наканавана быць цяжкім.

А ў пятніцу пад гукі старых-добрых гітоў Зьміцер усклікнуў:

«Людзі! Ну які ж я рокер? Шансонье!»

Канцэрт быў адным зь лепшых за апошнія часы. Хаця, так, здаецца, пішуць амаль пра кожны канцэрт Вайцюшкевіча :)

Не губляючы кантакту з заляю, Зьміцер, аднак, імправізаваў няшмат. Былі выкананыя кампазыцыі з раньніх альбомаў Вайцюшкевіча. Ужо клясыка: «Прыйдзі, мой каханы», «Пані трошкі ў гадах», «Будзе дождж». Выканаць усе замовы гледачоў перашкодзіла толькі абмежаванасьць часу.

Канцэрт Зьміцера Вайцюшкевіча

Асабліва эмацыйна прагучалі кампазыцыі на вершы Маякоўскага. Складаная па выкананьні праграма, насуперак усім хваляваньням, была вельмі цёпла сустрэтая і зразумелая ў Расеі.

Акрамя песень на расейскай мове, прагучала адна зь лепшых кампазыцыяў на мове другой памежнай краіны – «Mowe do ciebe cicho».

Канцэрт Зьміцера Вайцюшкевіча

У залі было шмат выбітных гасьцей. Сярод іншых - швэдзкі консул Стэфан Эрыксан. Для тых, хто раптам не пасьпявае сачыць за творчым жыцьцём Зьмітра Вайцюшкевіча, нагадваем, што ёсьць у яго і шэраг вельмі прыгожых кампазыцый, перакладзеных са швэдзкай мовы.

Нягледзячы на дадзеную магчымасьць папярэдняй замовы кампазыцыяў, нататкі сыпаліся на Зьмітра бясконца. Часам народ не вытрымліваў і выказваў пажаданьні проста ўслых. Нават сьціплая Ксенія Мінчанка – абаяльная скрыпачка WZ-Orkiestra – падарыла дзьве кранальныя кампазыцыі.

Канцэрт Зьміцера Вайцюшкевіча

Галоўным гітом гэтага сэзону стала кампазыцыя «Чувіха». Ужо першыя радкі гэтага шэдэўра выклікаюць небывалую радасьць абодвух палоў:) А Зьміцер пачынае настальгаваць па сёлетняму «Вольнаму паветру».

Прагучаў і працяг бясьмертнай «Я нарадзіўся тут» - «Мірныя людзі». Але менавіта пад альтэрнатыўны гімн «Я нарадзіўся тут» заля ўзьнялася і калектыўна паабяцала застацца «жыць тут».

Натуральна, канец быў бурным – «Бывайце, здаровы». Людзі! Усім, хто за ўсе гэтыя гады калектыўнага сьпеву так і не вывучыў словы гэтай кампазыцыі на верш Адама Русака, прысьвячаецца:

Бывайце здаровы, жывіце багата,
А мы ўжо ж паедзем дадому, дахаты.

У зялёнай дуброве мы начаваць будзем
І вашае ласкі вавек не забудзем.

У вашай гасподзе шырокае поле,
Няхай жа на шчасьце цьвіце ваша доля.

На рэчках на вашых бурлілі каб воды,
Каб плавалі з крыкам гусей карагоды.

Каб жыта ў полі трубою вілося,
Каб сала ў хаце кубламі вялося.

Штодзень у капусьце каб плавала шкварка,
Да шкваркі часінай вялася б і чарка.

Яшчэ вам жадаем прыбытку ў хаце
Ні мала, ні многа - штогод па дзіцяці.

Ня будзем у крыўдзе яшчэ і на тое,
Калі пашанцуе - на год і па двое.

Дарогу ж мы знаем да вас, ягамосьці,
І езьдзіць мы будзем да вас часта ў госьці.

Эй, хто на адведы, эй, хто на радзіны -
Вазіць караваі па дзьве паўасьміны.

Друкуйце і карыстайцеся на здароўе:)

У тых, хто не патрапіў на пятнічны канцэрт у Казу, сапраўды ёсьць падставы для шкадаваньняў. Было здорава. Перад прэзэнтацыяй у сьнежні новай, рокава-лірычнай праграмы можна яшчэ патрапіць 6 лістапада на канцэрт у «Графіці».

Канцэрт Зьміцера Вайцюшкевіча­

А сам Зьміцер зараз рыхтуецца да шэрагу выступаў у Польшчы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0045 seconds.