Імя дзіцяці: справа бацькоў або дзяржавы?
У Вэнэсуэле зьбіраюцца забараніць называць дзяцей экстравагантнымі імёнамі. А ў гэтай краіне ёсьць рэгіёны, якія менавіта гэтым і славяцца. Нібыта добрыя, намеры ўрада выклікалі хвалю абурэньня. Тым часам у Беларусі ўсё больш бацькоў называюць немаўлят Дашамі і Палінамі, Уладзікамі і Максамі.
Вось нарадзілася дзіцё ў Вэнэсуэле...
Артыкул 106 праекту Закона аб запісу актаў гарамадзянскага стану Вэнэсуэлы, забараняе рэгістраваць немаўлят з «экстравагантнымі, цяжкімі для вымаўленьня на дзяржаўнай мове імёнамі, або якія ўтрымліваюць слэнг, сьведчаць аб сумнеўным паходжаньні дзіцяці, або робяць няясным пол немаўлят».
Мэта такіх абмежаваньняў, згодна закону, «забясьпечыць збалянсаванае і цэласнае разьвіцьцё дзіця або падлетка».
Прапанова выклікала бурную рэакцыю. Былы міністар па справах сям’і Мэрсэдас Пуліда дэ Брысэньё папярэдзіла, што высновы аб «недарэчнасьці і экстравагантнасьці» імя будуць чыста суб’ектыўнымі і малаўжывальнымі.
Але найбольшае абурэньне праект Закону выклікаў у нафтавым штаце Сулія, што на захадзе Вэнэсуэлы, бо ў гэтай вобласьці бацькі традыцыйна даюць нованароджаным незвычайныя імёны. Жыхары сталіцы штата Маракабіё добра вядомы сваімі імёнамі па ўсёй краіне.
Цягам дзесяцігодзьдзяў было модным называць сваіх дзяцей імёнамі грэцкіх філёзафаў, напрыклад, Сакратамі і Арыстоцелямі. З росквітам нафтавай галіны і прыездам амэрыканскіх, брытанскіх і галяндзкіх бізнэсмэнаў прыйшла мода называць немаўлятак у гонар замежнікаў.
Зрабілі свой унёсак і тэлебачаньне зь кінэматографам: у вэнэсуэльскіх выбарчых сьпісах 10 Супэрмэнаў Гансалесаў.
Дарэчы, і ў Беларусі былі часы, калі дзяцей называлі Ізаўрамі.
Таксама апошнім часам жыхары Суліі і астатніх раёнаў Вэнэсуэлы злучаюць літары імёнаў сваіх бацькоў, і ў выніку атрымоўваецца новае імя.
Праект жа Закону прадугледжвае стварэньне сьпіса 100 найбольш распаўсюджаных у краіне імёнаў: каб іх можна было прапанаваць бацькам у якасьці альтэрнатывы ў момант рэгістрацыі. Сьпіс будзе аднаўляцца штогод.
А вось у Даніі наадварот вітаюцца рэдкія імёны – што заўгодна, галоўнае, каб не падобна на іншых. У гэтай краіне самая простая працэдура зьмены імя – называйся па-новаму хоць штодня.
Па меркаваньні часткі вэнэсуэльскіх сацыёлягаў і палітыкаў, падобныя законы – наўпроставае ўмяшальніцтва ў бацькоўскія справы.
Нарожданыя ў СССР...
Можна толькі паспачуваць «дзецям рэвалюцыі», якіх за савецкім часам бацькі называлі Трактарынамі і Акцябрынамі, Віленамі (ВИЛ – Владимир Ильич Ленин) або Нінелямі (Ленін наадварот). Таксама радуюць Рэвдзіт (рэвалюцыйнае дзіця), Барыкада, Ленініна, Пяцілетка, Стэла.
І ў сувэрэннай Беларусі
Па выніках мінулага году, самымі распаўсюджанымі імёнамі на Беларусі былі Уладзіслаў, Максім, Іван, Данііл, Арцём і Мікіта – сярод хлопчыкаў. І Дар’я, Паліна, Марыя і Ганна – сярод дзяўчынак.
Вяртаюцца і старыя імёны: Захар, Арсеній, Цімафей, Матвей, Варвара, Соф’я, Ул’яна, Васіліса і Арына.
Прыемна, што хоць і паціху, але расьце колькасьць бацькоў, якія даюць сваім дзеткам беларускія імёны. Вельмі папулярнае імя Адэля. Менавіта так назвалі сваю дачушку Вольскія. Спачатку хацелі Аліцыя, але потым падумалі, што будуць дражніць «паліцыя».
Крысьціна Вітушка, Dzietki.org, маленькага сыночка якой клічуць Міронам (на фотцы), распавяла Generation.by пра тэндэнцыі ў беларускамоўным бацькоўскім асяродку.
Дзякуй Богу, зьніклі праблемы з дзяржавай пры рэгістрацыі імёнаў: раней трэба было спраўдзіць, што імя насамрэч існуе:
«Зараз асноўная складанасьць - узгадніць імя са сваякамі, прымусіць іх не называць Адама Антонам ці Дануту Дашай.»
Самымі папулярнымі беларускімі імёнамі зьяўляюцца Дамінік/Дамініка, Ян/Яна, Адам, Злата, Рада.