«Цой жывы - ён проста выйшаў папаліць» альбо мінула 17 год пасьля аўтакатастрофы

15 жніўня 1990 года ён вяртаўся на машыне з возера, з рыбалкі. «Экспэртыза паказала, што Віктар Цой заснуў за рулём, мабыць, з-за ператомленасьці. Сьмерць наступіла імгненна, кіроўца аўтобуса не пацярпеў», – гэтыя сказы вывучылі на памяць тысячы фанатаў «Кіно».

Навіну пра сутыкненьне аўтамабіля «Масквіч-2141», за рулём якога быў Цой, і аўтобуса «Ікарус» паведаміла радыё «Маяк». Тысячы людзей, якія пачулі навіну, былі ў разгубленасьці. Ад адчаю 45 падлеткаў у розных кутках СССР скочылі жыцьцё самагубствам. Яны страцілі куміра, легенду і нават бога.

Імя Віктара Цоя ў канцы 1980-х ведаў кожны. У каго быў магнітафон – была й касэта «Кіно». Цой быў на піку папулярнасьці.

Многія лічаць, што асноўнай прычынай папулярнасьці Цоя стала яго своечасовае зьяўленьне ў патрэбным месцы. У пачатку 80-х Маскву ліхаманіла Алімпіядай, а Ленінград быў горадам андэграўнда. «Кіно» і галоўнага качагара краіны слухалі ўсе – ад панкаў да былых фэнаў «Ласкавага мая». У канцы васьмідзесятых людзі ўжо дыхалі вальней і прагнулі свабодалюбівых ці, як зараз бы сказалі – дзёрзкіх тэкстаў, што і даваў Цой.

Пазьней у адным зь інтэрвію маці Віктара Валянціна Цой скажа:

«Вобраз героя прыдумалі людзі таму, што ім так трэба было.»

«Нам за шчырасьць могуць прабачыць практычна ўсё, і, скажам, недастаткова прафэсійную гульню, і нават недастаткова прафэсійныя вершы. Гэтаму ёсьць маса прыкладаў. Але калі зьнікае шчырасьць – ужо нічога не прабачаюць,» – зь інтэрвію Цоя газэце «АиФ» у 1987 годзе.

Апошнія два гады жыцьця Цой меў неверагодную папулярнасьць, здымаўся ў фільмах, шмат гастраляваў па СССР і замежжы. На восень 1990 у «Кіно» былі заплянаваныя гастролі ў Японіі. Пасьля сьмерці Цоя выйшаў апошні новы альбом – бабіна з запісам была знойдзеная ў багажніку аўтамабіля.

15 жніўня 2002 года ў Латвіі, на 35-м кілямэтры шашы «Слака-Талсі», на месцы гібелі Цоя, быў усталяваны помнік. Сродкі на яго былі сабраныя на дабрачынных канцэртах. Помнік створаны з чорнага мэталу і каменя па адным з фотаздымкаў музыкі. На п’едэстале выбітыя словы з песьні Цоя:

«Смерть стоит того, чтобы жить, а любовь стоит того, чтобы ждать...».

А магіла Віктара Цоя на Багаслоўскіх могілках стала месцам паломніцтва тысяч фанатаў, многія зь якіх дагэтуль 15 жніўня прыходзяць туды, каб узгадаць свайго героя, а 21 чэрвеня – павіншаваць з Днём народзінаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0646 seconds.