Менскія ўлады адновяць «Сьцяну Цоя» каля стадыёна «Дынама»

Менгарвыканкам паведаміў актывістам, якія сабралі каля 1990 подпісаў за аднаўленьне «Сьцяны Цоя», што помнік лідару гурта «Кіно» будзе адноўлены на скрыжаваньні вуліц Беларускай і Ўльянаўскай, непадалёк ад стадыёна «Дынама».

Як піша «Белапан», Андрэй Кім атрымаў адказ зь Менгарвыканкаму на дасланыя туды подпісы і лісты ў абарону «Сьцяны Цоя»:

«У панядзелак, 21 сьнежня, на зварот быў атрыманы адказ зь Менгарвыканкама. У ім гаворыцца, што месца для разьмяшчэньня «сьцяны Цоя» ўзгоднена, і ўжо дадзена ўказаньне адміністрацыі Ленінскага раёна Менску на канкрэтным месцы аднавіць гэтую сьцяну».

Паводле яго слоў, сьцяна будзе разьмешчаная ў цэнтры гораду ў сквэры на скрыжаваньні вуліц Беларускай і Ўльянаўскай, непадалёк ад стадыёну «Дынама».

«Мы самі прапанавалі гэта месца, і яно нам вельмі падыходзіць. Гэта месца лепшае за ранейшае», — адзначыў Кім.

Ён спадзяецца, што да наступленьня новага года «сьцяна Цоя» будзе стаяць на новым месцы.

7 Верасьня 2008 году. Прыхільнікі Цоя на месцы былой сьцяны. Фота Юры Сідуна.

7 Верасьня 2008 году. Прыхільнікі Цоя абмяркоўваюць магчымасьці аднаўленьня «Сьцяны» ў іншым месцы. Фота Юры Сідуна.

У пачатку верасьня 2008 году два фрагмэнты «сьцяны Цоя», якія стаялі за будынкам Палацу Рэспублікі ў Менску, былі раптоўна дэмантаваныя у сувязі з будаўніцтвам гэтэлю. Прыхільнікі творчасьці Цоя адразу ж пачалі абмеркаваньне магчымасьцяў аднаўленьня «Сьцяны Цоя» ў іншым месцы горада.

vojur 16:19, 24/12/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0568 seconds.