У Менску зьнесьлі «Сьцяну Цоя»

Сьцяна, прысьвечаная Віктару Цою, болей не існуе ў Менску. На тэрыторыі, дзе яна знаходзілася, плянуецца пабудаваць высокі гатэль. Сучасныя маладыя прыхільнікі «Кіно» абмяркоўваюць магчымасьці стварэньня памятнага знаку ў іншым месцы горада і спадзяюцца на прыхільнае стаўленьне ўладаў.


Падлетак у цішотцы «Кіно» насупраць месца, дзе была «Сьцяна Цоя». Фота Юры Сідуна.

Віктар Цой і яго творчасьць сталі сымбалямі пераменаў для апошняга пакаленьня, народжанага ў СССР. Цяпер тыя падлеткі, што слухалі яго музыку ў 80-х, ужо даўно ня носяць чорную вопратку і фрызуры «пад Цоя», на іх месца аднак прыйшлі новыя. Бо і праз 18 год пасьля сьмерці лідара «Кіно» яго песьні знаходзяць маладых прыхільнікаў.

«Сьцяна Цоя» зьявілася ў Менску як і ў большасьці вялікіх гарадоў былога СССР амаль адразу пасьля сьмерці рок-музыканта. Напачатку «Сьцяна» была вельмі вялікай — яна спантана ўзьнікла на доўгай бэтоннай агароджы вакол будоўлі Палаца Рэспублікі.

Так выглядала «Сьцяна Цоя» у Менск. Фота зь Wkipedia.org

У такім выглядзе «Сьцяна» праіснавала да 1997 году. Тады будоўля ўрэшце была скончаная і агароджу разабралі. З двух плітаў аднак вырашана было зрабіць новую «Сьцяну Цоя», якую перанесьлі за музэй Вялікай Айчыннай Вайны. У гэтым месцы сымбаль адной з самых вялікіх субкультураў на тэрыторыі былога СССР праіснаваў 11 год — да пачатку верасьня 2008.

Падлетак ў балахоне з гербом СССР. Фота Юры Сідуна.

Прыхільнікі Цоя абмяркоўваюць магчымасьці аднаўленьня «Сьцяны» ў іншым месцы. Фота Юры Сідуна.

Менскія прыхільнікі Цоя працягваюць прыходзіць да месца, дзе знаходзілася сьцяна яго памяці.

Нехта разабраў плітку і склаў зь яе надпіс «Цой жив всегда в наших сердцах». Фота Юры Сідуна.

Адноўлена ў 15:06, 08.09.2008

Мінскую “сцяну Цоя” перанясуць у іншае месца

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла начальніца аддзела культуры адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Сьвятлана Яцэвіч. Паводле яе словаў, новае месца для «Сьцяны» пакуль не вызначанае.

«Рэч у тым, што яе плануецца перанесьці. Пакуль падбіраецца новае месца. На сёньняшні дзень яна проста дэмантаваная. У нас было прадпісаньне Мінгарвыканкама. Гэтая «сцяна» ўваходзіць у зону будаўніцтва новай гасцініцы, якая зьявіцца за Палацам Рэспублікі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.