Фэст «Слухай сюды!» прайшоў у клюбе «Арэна»

Фэст альтэрнатыўнай музыкі «Слухай сюды-2!», што прайшоў 10 сакавіка, добра ўліўся ў агульнае веснавое абуджэньне беларускага музычнага жыцьця. Пра тое, як гэта было ў словах і фотаздымках — далей у матэрыяле.

Ахвотнікам адпачыць з добрай музыкай зараз прыходзіцца, як звычайна бывае вясной, нават выбіраць куды схадзіць, а ня проста ірвацца за квіткамі на доўгачаканую музычную імпрэзу.

Першы канцэрт «Слухай сюды-1!» адбыўся ў сакавіку мінулага году. У ім бралі ўдзел «Usplёsk», «Крок», «Зьмяя», «Partyzone», «Глюкі», «Tav.Mauzer» і «:B:N:», апошнія закрывалі і сёлетні фэст сваім выступам.

У гэтым годзе вядучымі канцэрту былі Воля Кузьміч, якая працягнула добрую традыцыю мадэраваньня канцэрту з пазытыўным мэсыджам яшчэ з «Басовішча 2006» і Паша Дэкста, які вырашыў рэглямэнтаваць паводзіны слухачоў і ўжо ў першыя хвіліны канцэрту зачытаў правілы :). Некаторыя зь якіх, дарэчы, да радасьці вялікай колькасьці прысутных час ад часу парушаліся, але да беспарадкаў прывесьці ніяк не змаглі б :). 

Распачаў чатырохгадзінны фэст суботнім сакавіцкім вечарам гурт Абшар.

Эстафэту альтэрнатыўна-музычнага настрою перанялі пераможцы фэсту «Басовішча» розных гадоў і ў розных намінацыях :B:N:, S.D.M. і Тарпач

Выступ гурта Тарпач быў эфэктным. Нават больш эпатажным падаўся і вобраз вакалісткі, што прыцягнуў да сябе позіркі ня толькі мужчынскіх вачэй.

IQ48 пачалі з запальваючага дыялёга з аўдыторыяй, на які атрымалі адпаведны фідбэк. «Здаровыя лосі» спакойна ўсядзець за аплочанымі столікамі народу ў залі не давалі. IQ48 паведамілі пра запуск свайго новага сайта iq48.net і прэзэнтавалі песьню пра Менск. Што тут казаць: хто ведае IQ48, таму апісваць іх выступ ня трэба, а хто ня ведае - набывайце хутчэй дыск і айда на канцэрты! Адарваўшыся пад неверагодна пазытыўныя сьпевы айк’юшнікаў, частка гледачоў адпачывала ў час выступу наступных камандаў.

«Слухай сюды-2!» вясной 2007 завяршыўся выступам бярозаўскага гурта :B:N: і разьвітальнымі словамі і пажаданьнямі ад вядучай «самай гарачай вясны ў нашым жыцьці і ў жыцьці нашай краіны».

Глядзіце таксама:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0754 seconds.