Lennon назаўсёды

Сёньня спаўняецца 26 год з дня забойства знакамітага рок-музыкі, заснавальніка легендарнага гурта “The Beatles”, актора, пісьменьніка Джона Ленана. 8 сьнежня 1980 года ў 10:50 ён быў забіты стрэлам на парозе ўласнага дому.

Забойцу, Марка Чэпмана, прызналі псыхічна хворым і накіравалі на лячэньне ў шпіталь. Калі некалькі год назад ён, прызнаўшы сваю віну, прасіў памілаваньня, заўзятары Ленана далі абяцаньне, што на волі Чэпман не пражыве і дня. Для бяспекі Чэпмана пакінулі ў шпіталі.

Не магчыма ўявіць дваццатае стагодзьдзе без імя Ленана. Калі не было б гэтага чалавека, ці існаваў бы зараз рок? Якой была б сучасная музыка? А ці ведалі б у самых аддаленых кутках Зямлі пра ангельскі Ліверпуль? Яго песьні заўсёды былі напоўненыя болем і надзеяй, а музыка пакідала сьлед загадкавасьці. 

Ленан зьявіўся на сьвет у 1940 годзе, калі пад час бамбардзіроўкі ў яго маці пачаліся датэрміновыя роды. Хлопчыка назвалі Джон Уінстан. Другое імя – ў гонар прэмьер-міністра Ўінстана Чэрчыля, на якога брытанцы складалі надзеі аб хуткім заканчэньні Другой сусьветнай вайны. 

Свой шлях да знакамітасьці Джон Ленан пачаў яшчэ ў 13-гадовым узросьце, граючы ў школьным гурце “The Quarrymen”. Пазьней былі “The Nurk Twins","Long John and The Silver Beatles", "The Silver Beatles". У 1963 годзе да гурта "The Beatles" прыходзіць сусветная слава.

Нават пасьля распаду знакамітай ліверпульскай чацвёркі песьні Ленана і яго жонкі Йоко
не сыходзілі зь першых прыступак гіт-парадаў. 

За свае 40 год жыцьця Джон Ленан пасьпеў выдаць дзесяткі музычных альбомаў, зьняцца ў некалькіх фільмах, напісаць тры кнігі. Ён прымаў удзелы ў шматлікіх акцыях пратэсту супраць войнаў. 

Цела Ленана было крэміравана, а прах захаваны ў таемным месцы, вядомым толькі Йоко. Інакш фанаты ператварылі б магілу на месца паломніцтва.

Сёньня людзі па ўсім сьвеце ўскладуць кветкі, запаляць свьечкі і яшчэ раз узгадаюць легендарнага музыку, геніяльнага чалавека – Джона Ўінстана Ленана

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.