Віцебскі Beatles-фэстываль ператворыцца ў адзін вялікі канцэрт

Арганізатары віцебскага Beatles-фэстывалю "Ob-la-ki, Ob-la-ka" абвясьцілі пра зьмены у праграме. У прыватнасьці, адменены паказ мюзікла «бітламанам». Усе астатнія мерапрыемствы адбудуцца, хіба зь некаторымі карэктывамі.

«Прычыны толькі эканамічныя і ўсім зразумелыя. Але ўсё ж у гэты няпросты час мы хочам падтрымаць людзей хваляй пазытыва, якая зыходзіць ад гэтай музыкі. Праграма максымальна захаваная, прычым у больш даступным для публікі выглядзе», — aдзначыў ініцыятар фэстывалю, старшыня Віцебскага Beatles-клуба Гарык Аганджанян.

Акрамя адмены «Бітламаніі» галоўнай карэктываў стане аб'яднаньне сольнага канцэрту гурта «Акварыум» і Beatles-канцэрта ў адно вялікае шоў, якое адбудзецца 18 чэрвеня ў віцебскім Летнім Амфітэатры. У 22.00, як і планавалася, на сцэну выйдзе Барыс Грабеншчыкоў са сваім калектывам і адыграе паўнавартаснае выступленьне з двума аддзяленьнямі. Затым, прыкладна ў гадзіну ночы, пачнецца Beatles-канцэрт з удзелам трыб'ют-гуртоў The Apples (Беларусь), Flat (Беларусь) і іншых.

Уваход на гэта мерапрыемства будзе ажыцьцяўляцца па квітках на канцэрт «Акварыума» (20-120 тыс.).

Таксама захаваная праграма гарадзкіх мерапрыемстваў. 17 і 18 чэрвеня гледачоў чакаюць велапрабегі, катаньне на цеплаходзе з жывой музыкай Beatles, адкрыцьцё беларускай Abbey Road, флэш-мобы, а таксама вячэрнія канцэрты ў клубе «Чердачок».Падрабязная праграма апублікаваная на сайце www.beatles.by

Нагадаем, што фэстываль прымеркаваны да дня нараджэньня Пола Макартні. Квіткі можна набыць у канцэртных касах Віцебска, а таксама на сайце www.ticketpro.by.

Інфалінія: (029) 710 22 22.

14:59, 10/06/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0573 seconds.