MORTAL COMBAT: Музыкі супраць Ды-джэяў

“…Усё гэта пачалося тады, калі сьвет стаў цесным, нібыта пакойчык, для магутнага гука двух музычных лягераў: Ібіцы ды Вудстока – ды-джэяў і музыкаў. Менавіта тады фальш-нотай і скрыпаньнем саскочыўшай грамафонай іголкі прагучала пытаньне: хто лепш, музыкі ці ды-джэі? Жывы гук ці электронная музыка?”

імпазантна апранутыя вядучыя

Параўнаць непараўнальнае – ці атрымалася ў арганізатараў імпрэзы адказаць на гэткае казытлівае пытаньне?

Але – усё па чарзе. 

Вечарам 11 лістапада крама “Музыка”, што на Коласа 39, пераўтварылася ў спэцыфічны рынг – месца сутыкненьня жывых і электронных гукаў. Атмасфэры асабістага спаборніцтва, аднак, не было. Музыкі і ды-джэі па-сяброўску пазіралі адзін на аднаго (ці мо тое наіўна падалося), хаця трымаліся сваімі купкамі.

Першымі на пляцоўцы зьявіліся пад вітаньні “здаровыя лосі…” IQ-48. Як заўсёды – энэргічна, пазытыўна, вельмі так па-жывому. “Марсіяне ўжо тут…”. Настальгія па Адборышчу-Басовішчу… Публіка нават была ня супраць патанчыць пад эратычныя “Таполі”, але ж навокал – скрыпкі й гітары, асабліва не разьвернесься. Адным словам – рэспэкт хлопцам, далі драйву. 

Потым імпазантна апранутыя вядучыя запрасілі суперніка “ласей” – ды-джэя X-Fader. Пакуль той рыхтаваўся, самурай і гейша шукалі прыхільнікаў рытм-энд-блюзу, ці дакладней, прыхільніц. Гэткія знайшліся. X-Fader іхных чаканьняў не падмануў – быў на вышыні, за што і атрымаў напрыканцы адмысловую ўзнагароду. 

Далей прысутныя маглі расслабіцца і памарыць аб сваім пад прыемны жаночы вакал Cherry Vata – гурт, які б няблага выглядаў на клюбнай пляцоўцы нават дзе-небудзь у Амстэрдаме. 

У супернікі ім трапіў ды-джэй [sex.tex]. Побач стаялі хлопцы, якія жыва рэагавалі на электронную частку праграмы. Як дылетант у гэтай сфэры, адразу за іх учапілася. Міхась (дарэчы, сам піша музыку) – упэўніў мяне, што ды-джэі кшталту [sex.tex] і, як я разумею, X-Fader і Мixell – зьмешваюць розныя стылі, у іхных дэках мноства гукаў, якія яны запускаюць жыўцом. Таму тоё ёсьць паўнавартасны творчы працэс.

X-fader

Трэцюю пару з боку жывых бэндаў прадстаўляў гурт DALI. Калісьці музыкі гралі з адной “мэгазоркай”, а зараз, на радасьць прыхільнікам, актыўна заняліся выключна сабой, зьбіраюцца запісвацца – будзем чакаць. Добра прыйшлася на халоднае надвор’е кампазыцыя “Грай гармон”, ну а пад “Рыо-дэ-Жанэйра” восеньскім менскім вечарам толькі і заставалася, што марыць.

Дарэчы, ідэя Mortal Combat належыць вакалісту DALI Віктару Рудэнка – хацелася сябе паказаць і на іншых паглядзець. Па ягоным шчырым прызнаньні, “калі жадаеш, каб цябе паказалі па яшчыку – ствары яшчык сам”. Больш таго, выпадкова супала, што ў Лёндане як раз прайшла аналягічная схватка паміж бэндамі і ды-джэямі.

DALI

Mixell – апошні за вечар ды-джэй, як мне паведамілі, граў прагрэсіў-хаўз. Атрымалася вельмі клясна, па-клюбнаму стылёва і сугучна агульнаму настрою. “Don’t smoke cigarettes, don’t take any drugs” — электронная музыка прапанавала альтэрнатыву. Сам Mixell на прэс-канфэрэнцыі адзначыў, што былі пэўныя цяжкасьці – публіка перш за ўсё прыйшла паслухаць, а ня таньчыць, а тут яшчэ нейкія праблемы з гукам узьніклі. Але ж ды-джэй дагэтуль нічога падобнага на Mortal Combat ня бачыў, і тое было для яго прыемным досьведам.

І ўрэшце рэшт прыйшоў час абвясьціць вынікі гэтай стракатай імпрэзы. Гульня скончылася зь лікам 2:1. Перамаглі IQ-48, DALI, і [sex.tex]. Але тое ёсьць умоўнасьць. Насамрэч – перамог выбар. У музычнай прасторы мейсца хопіць усім, хто робіць сваю справу шчыра й якасна. І тое тычыцца ўсіх шасьцёх удзельнікаў. 

А ў журы былі людзі не выпадковыя, дасьведчаныя і добра вядомыя: Валік Грышко, Ян Бусел, Нік Маторын, Уладзімір Драздоў і спонсар мерапрыемства – генэральны дырэктар Міжнароднага Музычнага Гандлёвага Дому Віктар Каляда

Апошні і паабяцаў, што з Mortal Combat усё толькі пачынаецца. Наступным годам плянуецца правядзеньне рэспубліканскага фэсту-конкурсу, дзе будуць мець шанец паказаць свае вартасьці таленавітыя гурты з усёй сінявокай. Арганізатары наўмысна зрабілі Mortal Combat імпрэзай вольнай, гасьцям, больш таго, нават раздавалі сувэніры на разьвітаньне. Расшчодрыўшыся, спадар Каляда паабяцаў, што і надалей платай за ўваход будзе добры настрой і усьмешка :)

Усе без выключэньня ўдзельнікі суботняга спаборніцтва атрымалі прызы – магчымасьць набыць у краме на пэўную суму розных патрэбных музыкам рэчаў. Чалавек не меркантыльны, я аднак падлічыла, што, прыкладам, гурт IQ-48 зможа разжыцца на цымбалы і трохкутнік (з палачкай). Атрымаўшыя другое мейсца – на маракасы (з натуральнага какосу), шархун і бубеньчыкі…

Спадар Каляда падзяліўся, што апошнім часам прыбыткі кампаніі растуць, а значыцца – музыкі купляюць больш і якасьней. І хто казаў, што музыка ў нас у заняпадзе?

вынікі

Ну і напрыканцы хочацца сказаць банальнае – перамагло сяброўства. Электронная культура Менску разьвіваецца, але тое ня шкодзіць жывым гуртам. Усе мы розныя, усе мы вартыя, усе мы маем магчымасьць выбіраць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0669 seconds.