Стыпэндыяльная праграма DAAD - падрабязны агляд

Германская служба акадэмічных абменаў DAAD, парады і ўражаньні супрацоўнікаў DAAD і стыпэндыятаў, дасягальнасьць замежных стажыровак і разьбіцьцё стэрэатыпаў - усё ў артыкуле. А 2 кастрычніка адбудзецца прэзэнтацыя праграмы з удзелам лектараў і супрацоўнікаў DAAD. 

За апошні час сярод беларускага студэнцтва ўзрасла цікаўнасьць да замежных стыпэндыяльных праграмаў. І колькасьць праграмаў для беларусаў таксама расьце. Зразумела, што ня кожны сярэднестатыстычны беларускі студэнт мае магчымасьць дазволіць за свае сродкі правесьці сэмэстар, два ў Германіі, Італіі ці Англіі. Таму нашыя студэнты прыкладаюць ўсе свае намаганьні, веды і ініцыятыўнасьць, каб выйграць стыпэндыю на навучаньне за мяжой. Магчымасьць атрымаць стыпэндыі на навучаньне ў Германіі прапануе і DAAD.

З ГІСТОРЫІ

DAAD – Германская служба акадэмічных абменаў – даволі старая арганізацыя. У 1925 годзе ў Гайдэльбэргу была заснаваная “Акадэмічная служба абменаў”. Першы час гэта быў абмен толькі паміж нямецкімі і амэрыканскімі студэнтамі. Падчас Другой сусьветнай вайны дзейнасьць DAAD была спынена.

У 1950 годзе была створана Германская служба акадэмічных абменаў. Фінансуецца яна пераважна дзяржавай.

З 1989 года свае праграмы Германская служба акадэмічных абменаў распаўсюдзіла і на краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

DAAD знаходзіцца ў Боне і зьяўляецца самай вялікай нямецкай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае вышэйшыя навучальныя ўстановы Германіі, якія аказваюць судзеяньне разьвіцьцю акадэмічных стасункаў з замежнымі ВНУ.

DAAD У БЕЛАРУСІ

З 1994 года DAAD і ў Бедарусі, а з кастрычніка 2003 DAAD мае свой офіс пры БНТУ, кіруе якім выкладчыца Керсьцін Мюльлер

Першасныя мэты ў Беларусі – гэта падтрымка нямецкіх і беларускіх маладых навукоўцаў, а таксама жаданьне дапамагчы ў разьвіцьці эфэктыўнай структуры ўнівэрсітэцкай адукацыі, падтрымка германістыкі на высокім ўзроўні. 

Ёсьць памылковае меркаваньне, што стыпэндыі DAAD разьлічаны выключна на германістаў. Насамрэч DAAD прапануе стыпэндыі для студэнтаў, асьпірантаў, выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў розных спэцыяльнасьцяў. Для беларусаў  існуюць наступныя праграмы.

  • Навукова-дасьледніцкія стыпэндыі для асьпірантаў і маладых навукоўцаў
  • Стыпэндыі пасьлядыплёмнай адукацыі для выпускнікоў ВНУ любой спэцыяльнасьці
  • Навуковыя стажыроўкі для навукоўцаў і выкладчыкаў ВНУ
  • Паўторныя запрашэньні для былых гадавых стыпэндыятаў DAAD
  • Стыпэндыі пасьлядыплёмнага навучаньня для выпускнікоў ВНУ творчых спэцыяльнасьцяў
  • Сэмэстравыя стыпэндыі для студэнтаў германістаў-філёлягаў
  • Летнія курсы для студэнтыў усіх спэцыяльнасьцяў
  • Гадавыя стыпэндыі ERP для студэнтаў эканамічных спэцыяльнасьцяў
  • Азнаямляльныя вандроўкі студэнцкіх групаў у Нямеччыну
  • Праграма DAAD “Стыпэндыі імя Лейбніца”
  • Праграма для маладых юрыстаў
  • Міжнародная праграма для журналістаў
  • Спэцыяльныя праграмы 

З 1993 па 2005 год стыпэндыі атрымалі 2600 беларусаў. Акрамя таго DAAD падтрымоўвае 13 праграмаў міжунівэрсытэцкай каапэрацыі і міжфакультэтнае супрацоўніцтва ў галіне германістыкі паміж унівэрсытэтамі г. Бохума і БДУ.

У межах праграмы “Экспрат нямецкай адукацыі” DAAD паўплывала адкрыцьцю ў 2002 годзе пры БДУ курса тэхнічнай інфарматыкі. 

З 2001 года беларускія ВНУ могуць браць ўдзел ў праграме імя Леанарда Эйлера - прадастаўленьне стыпэндый для правядзеньня дасьледваньняў у Беларусі.

Зь лютага 2004 года ў бюро DAAD можна здаць іспыт на валоданьне нямецкай мовыTesDaF. Дадзены тэст адна з ўмоваў паступленьня ў ВНУ Германіі.

ПАРАДЫ ЛЕКТАРАЎ І ЎРАЖАНЬНІ СТЫПЭНДЫЯТАЎ 

Супрацоўнік інфармацыйнага бюро DAAD Зьміцер Колышкін распавёў studenty.by пра конкурс у мінулым годзе і якія праграмы карыстаюцца асаблівым попытам. 

Зьміцер: “У мінулым годзе было пададзена 440 заявак на ўсе праграмы акрамя групавых вандровак, стыпэндыі атрымалі 101 чалавека. Асаблівая цікаўнасьць сярод студэнтаў да летніх курсаў. Гэта магчымасьць зьезьдзіць на 3-4 тыдні летам ў Германію. Цікавяцца таксама праграмай атрыманьня эўрапейскага дыплёма Master – гэта пасьлядыплёмная адукацыя.

На сёньняшні дзень па ўсім сьвеце налічваецца каля 500 лектараў і 13 прадстаўніцтваў DAAD  за мяжой. 

У гэтым годзе ў беларускіх ВНУ DAAD прадстаўляюць Андзі Хойзінгер у МДЛУ і БДУ, Андрэ Бём у БДУ, Райко Лазончык – зь лютага ў ГрДУ і Ціна Вюншманн у БрДУ. Усе выкладчыкі праводзяць заняткі, кансультацыі па пытаньнях атрыманьня стыпэндый DAAD і магчымасьцях навучаньня ў ВНУ Германіі. 

У гэты панядзелак, 2 кастрычніка, у межах Нямецкага тыдня адбудзецца Дзень DAAD: 10.30 –12.00 – БДУ, гістарычны факультэт, актавая заля.

Супрацоўнікі і лектары DAAD будуць прэзэнтоўваць праграмы DAAD і адказваць на пытаньні. Праз studenty.by Зьміцер Колышкін дае парады студэнтам, якія жадаюць падаць заяўкі ў гэтым годзе.

Зьміцер: “Пры напісаньні матывацыі па абранай праграме добра абдумвайце, навошта патрэбна Вам гэтая стыпэндыя, што Вы чакаеце ад навучаньня ў Германіі, чаму гэта нельга зрабіць у Беларусі і як Вы зьбіраецеся выкарыстоўваць набытыя веды на радзіме. Ня трэба “ліць вады”. Калі ў Вас узьнікнуць пытаньні, то ўсе супрацоўнікі бюро радыя будуць Вам дапамагчы. Жадаем посьпехаў”.

Інфармацыйнае бюро DAAD знаходзіцаа па адрасе: БНТУ, будынак 11а, пакой 101, праспэкт Незалежнасьці, 65, Менск, а ў інтэрнэце - www.ic-daad.bntu.by.

Арцём Пугачоў у мінулым годзе быў стыпэндыятам DAAD. Ён выйграў гадавую стыпэндыю ERP для студэнтаў эканамічных спэцыяльнасьцей.

Арцём: “Час у Германіі правёў цікава. Праграмы DAAD пашыраюць сьветапогляд. Акрамя таго стыпэндыяты DAAD нават неяк адрозьніваюцца ад іншых стыпэндыятаў. Калі ты кажаш, што стыпэндыят DAAD, то ўсе з гонарам паглядаюць на цябе. Вельмі багаты культурны абмен. Але на маю думку, мэта праграмы супярэчаць таму, што стаіць ў яе апісаньні на паперы. Новага для сябе менавіта ў эканамічных ведах вынес я няшмат. Што спадабалася, дык гэта тое, што ўсе прадметы прафэсійна арыентаваныя і наглядныя. Цікавым быў курс “Фінансы”.

Наагул праграма DAAD не адзіная стыпэндыяльная праграма для беларусаў. Хаця і ня кожная фундацыя мае асабістае прадстаўніцтва ў нашай краіне. Варта ня толькі чакаць моманту, калі выкладчык зойдзе ў аудыторыю і распавядзе пра адну з такіх праграмаў, але і пачаць шукаць самастойна. Ва ўсім сьвеце досьвед міжнароднай адукацыі вітаецца. І пакуль мы маладыя і “лёгкія на пад’ём” трэба такія магчымасьці рэалізоўваць!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.