Make Чайф not war

У кожнага з нас сваё разуменьне вайны. Жыць зусім безь яе — усё роўна, што ні разу не заваяваць жанчыну, не выйграць кантракт, не пабіць суперніка ў покер і не вярнуцца дадому стомленым з «сладким чувством победы, с горьким чувством вины». Чайф — яны якраз вярнуліся, нездарма гурт называюць вэтэранамі року. Вэтэраны року не хваляцца сваімі перамогамі, не чапляюць ордэны на грудзі. Яны, хутчэй, сьпяваюць пра побыт, у якім можна знайсьці кайф пасьля таго, як усе бітвы скончыліся. І гэты побыт: «бутылка кефира, полбатона», — а не куля дура, не Груз 200 і не кантузія на ўсю галаву. Калі слухаеш Чайф, адчуваеш, што вайна такі была. Не факт, што ў музыкаў канкрэтна, хутчэй, у грамадзтва ў цэлым.
→«Чайф» едзе ў Менск

На песьнях «Чайф» вырасла некалькі пакаленьняў. Да гэтага часу падлеткі ў пад'езьдзе гарланяць пад гітару «Ой-ё», мужчыны цалуюць дзяўчат пад «Поплачь о нем, пока он живой», турысты ля вогнішча цягнуць хорам: «Не спеши ты нас хоронить». На пытаньне, як «Чайф» напісаў усе гэтыя песьні, Уладзімір Шахрын прызнаваўся, што гэта было, «быццам кран у сабе адчыняеш, і адтуль як з вадаправоду бяжыць». На веснавым канцэрце ў менскім Палацы спорту гурт выканае і гіты, і новыя кампазыцыі.
→