Make Чайф not war

У кожнага з нас сваё разуменьне вайны. Жыць зусім безь яе — усё роўна, што ні разу не заваяваць жанчыну, не выйграць кантракт, не пабіць суперніка ў покер і не вярнуцца дадому стомленым з «сладким чувством победы, с горьким чувством вины». Чайф — яны якраз вярнуліся, нездарма гурт называюць вэтэранамі року. Вэтэраны року не хваляцца сваімі перамогамі, не чапляюць ордэны на грудзі. Яны, хутчэй, сьпяваюць пра побыт, у якім можна знайсьці кайф пасьля таго, як усе бітвы скончыліся. І гэты побыт: «бутылка кефира, полбатона», — а не куля дура, не Груз 200 і не кантузія на ўсю галаву. Калі слухаеш Чайф, адчуваеш, што вайна такі была. Не факт, што ў музыкаў канкрэтна, хутчэй, у грамадзтва ў цэлым.

Калісьці Чайф практычна поўным складам аддавалі доўг радзіме ў памежных войсках. Пасьля вучобы ў Сьвярдлоўскам будаўнічым тэхнікуме ў 1978 годзе будучы саліст Уладзімір Шахрын і гітарыст Уладзімір Бягуноў сышлі служыць на Далёкі Ўсход. Там жа служыў бубнач Валерый Севярын. З таго часу вайсковыя таварышы штогод сьвяткуюць Дзень памежніка. Вярнуцца з вайны такім, каб не кідаць суседу ў галаву кірзавы бот, а шукаць і знайсьці ў душы аранжавы настрой — гэта і ёсьць Чайф.

Іх музыка прымусіць хацець жыць пасьля самага моцнага ўзрушэньня ў жыцьці. У 1997 годзе Уладзімір Шахрын і гітарыст «Чайф» Уладзімір Бягуноў езьдзілі разам з праграмай «Взгляд» у Чачню граць перад дэсантным батальёнам, які толькі выйшаў з бою. Шахрын прызнаваўся прэсе, што запомніў той канцэрт на ўсё жыцьцё: «Уваходзяць хлапчукі, брудныя, з спалоханымі вачыма, не разумеюць, за што зусім нядаўна загінулі іх сябры, і разумееш, што карцінка гэтая зусім іншая, чым у тэлевізары, у выпуску навін. Што ім граць? Сумнае? Ім і так хрэнова. Вясёлае? Ды якая тут весялосьць! І пачынаеш пераацэньваць усе песьні».

У 2011 годзе «Чайф» выступілі перад экіпажам падводнай лодкі «Екацерынбург». Яны сьпявалі песьні, якія больш чым за чвэрць стагодзьдзя сталі сымбалем па-мужчынску сумленнай музыкі. Нават пачуцьці да жанчыны ў іх песьнях выяўленыя скупа, як у старога салдата, які не ведае слоў каханьня.

Пра музыкаў гурта ў побыце вядома тое, што яны любяць вараных ракаў пад піва і тэлевізар падчас футбольнага матчу. Саліст Уладзімір Шахрын сваімі рукамі робіць рамонт у загарадным доме. А яшчэ гурт з 1989 года змагаецца за чысьціню навакольнага асяродзьдзя. «Чайф» зьяўляюцца ідэолягамі музычна-экалягічнага агітпаходу па рацэ Волга «Рок Чыстай Вады». У песьнях «Чайф» ёсьць сяброўства, шчырасьць, рок-н-рол і шчымлівы матыў. Хоць яны часам зусім перастаюць рваць публіцы душу і заяўляюць сумленна і проста: «А мне ўсё пофіг, я з пакосу», — і ў гэтым уся сутнасьць музыкі «Чайф».

«Чайф» выступіць 3-га красавіка ў Палацы спорту, пачатак у 19.00.
Кошты на квіткі ад 150 тыс. рублёў, фан-зона — 370 тыс.
Квіткі па тэлефоне (029) 650 11 33 і на сайце allstars.by, калектыўныя заяўкі ticket@allstars.by, факс: (017) 227 68 23.

11:00, 27/03/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.074 seconds.