«Чайф» едзе ў Менск
На песьнях «Чайф» вырасла некалькі пакаленьняў. Да гэтага часу падлеткі ў пад'езьдзе гарланяць пад гітару «Ой-ё», мужчыны цалуюць дзяўчат пад «Поплачь о нем, пока он живой», турысты ля вогнішча цягнуць хорам: «Не спеши ты нас хоронить». На пытаньне, як «Чайф» напісаў усе гэтыя песьні, Уладзімір Шахрын прызнаваўся, што гэта было, «быццам кран у сабе адчыняеш, і адтуль як з вадаправоду бяжыць». На веснавым канцэрце ў менскім Палацы спорту гурт выканае і гіты, і новыя кампазыцыі.
Нараджэньне гурта адбылося на першым канцэрце. Было гэта ў 1985 годзе ў Сьвярдлоўску, цяпер Екацярынбург. У 80-я «Чайф», па іх ўласным вызначэньні, былі «маладымі і нахабнымі, пазбаўленымі ўсіх шаблёнаў». Іх прасілі ахарактарызаваць сваю музыку, а яны адказвалі, што гэта «чпок-рок» — як кропля партвэйну са шклянкай газіроўкі, якая накрываецца далоньню, зьмешваецца сама сабой, і па выніку дах зносіць. Сутнасьць іх музыкі — у простасьці, ад якой валіць сумленны драйв, і мэлёдыцы, якая рыфмуецца з рэальнай жыцьцём.
Склад гурта не мяняецца з 1996 года: Уладзімір Шахрын (вакал, гітара, губны гармонік), Уладзімір Бягуноў (гітара, бэк-вакал), Вячаслаў Дзьвінін (бас) і Валерый Севярын (ударныя). Кожную вясну музыкі «Чайф» граюць дабрачынныя канцэрты, адпраўляючы ўсе выручаныя сродкі ва ўральскія дзіцячыя дамы і іншыя дабрачынныя арганізацыі. Шахрын і Бягуноў пратэстуюць супраць кропкавай забудовы горада і зьнішчэньня помнікаў у Екацярынбурзе. У 2010 годзе чацьвёра музыкаў «Чайф» атрымалі мэдалі «За заслугі перад Сьвярдлоўскай вобласьцю».
Сваю публіку музыкі называюць «пятым членам калектыву», яны ўсталёўваюць кантакт з заляй адразу, прычым хуткі і жывы. За 25 гадоў «Чайф» выпусьцілі больш 30-ці альбомаў, аб'езьдзілі з канцэртамі тэрыторыю ад Калінінграда да Чукоткі і ператварыліся з рок-гурта ў зьяву.
Канцэрт гурта ў Менску пройдзе 3-га красавіка ў Палацы спорту. Квіткі: ад 150 тыс., фан-зона – 370 тыс. Квіткі па тэлефоне (029) 650 11 33 і на сайце allstars.by, электронныя продажы — у сыстэме ticketpro.by.