Indra
Рок-гурт Indra ўтварыўся ў 2003 годзе ў складзе: Вольга Андрэева – вакал, гітара: Галынскі Андрэй – бас, Сандова Галя – віялянчэль, Кухто Павал – бубны, Шэф Марына – гітара, але асноўныя яго ўдзельнікі знайшлі адзін аднаго яшчэ раней. Ідэя арганізацыі гурта (тады яшчэ без назвы з індыйскай міталёгіі) належыла Марыне Шэф. Узьнікла яна ў яе ў 2001 годзе, калі Марына яшчэ вучылася ў Полацкай нацыянальнай гімназіі.
Праз год Марына знайшла выключную вакалістку Вольгу, а летам 2002 года яны знайшлі сабе хлопца, які ўмеў няблага грукаць на бубнах.
Прайшло больш году да таго, як на сьвяце саракапяцігодзьдзя Наваполацка да іх далучылася віялянчалістка Галя Сандова. Ды так і засталася.
Індрай гурт вырашыў абазвацца перад выступам на канцэрце «Антысьнід» ў 2003 годзе. Выбар гучнага імені сярод магчымых ажыцьцявіўся геніяльна проста: адна з сябровак тады яшчэ безназоўнага гурта выцягнула з капелюша лёсаносную паперку (па сакрэту, словы, напісаныя на гэтай і астатніх паперках, былі знойдзеныя ў жыцьцядайнай кніжцы «Бэн Гур»). Так Індра сталася Індрай. З гэтага здарэньня і па цяперашні час асноўны склад гурта застаецца нязьменным, мяняюцца толькі басісты. Ці то Паша такі ўнікальны, што можа ўжывацца з трыма дзеўкамі, ці то прычыняюцца нейкія вышэйшыя сілы, але стабільнага басіста гурт пакуль што не набыў – вакансія пакуль што адкрыта.
Indra выступала на рок-фэстах ў Полацку, ў Езярышчы, разам зь іншымі гуртамі ў клюбах (P&R, Night City), удзельнічалі ў правядзеньні гарадзкіх сьвятаў. Гурт быў адзначаны за лепшы вакал на Рок-коле 2004, трапіў у лік ляўрэатаў Рок-кола 2005.
Гурт мае дзьве іпастасі: рускамоўную і беларускамоўную. Рускамоўныя песьні гурта ў асноўным належаць заўчасна пайшоўшай з жыцьця Натальлі Клімавай. Беларускія тэксты належаць пяру вядомай полацкай паэткі Леры Сом. У любой з гэтых іпастасяў незвычайны па моцы голас Вольгі Андрэевай пакідае незабыўныя ўражаньні.
Першы альбом пад назвай «Ёсьць кантакт!» быў запісаны ў Полацку, туды ўвайшлі рускамоўныя песьні Натальлі Клімавай, Паўла Сьляпцова і беларускія на словы Леры Сом. Другі альбом «Сонцавакол» стаўся вынікам перамогі гурта на інтэрнэт-конкурсе «Зваротны адлік-2006», арганізаваным «Эўрапейскім радыё для Беларусі», запісваўся ён у Беластоку на студыі «Рэмбрандт». Альбом часткова паўтарае папярэдні, тэксты рускамоўных песень Паўла Сьляпцова перакладзеныя Лерай Сом.
У якасьці прэзэнтацыйнага канцэрта новага альбома Індра арганізавала ў Полацку на пачатку сакавіка 2007 года імпрэзу «Ноч Ваўкалака», для ўдзелу ў якой былі запрошаныя менчукі «Уліс» і «Рэха». Ёсьць спадзяванка, што «Ноч Ваўкалака» станецца штогадовым фэстам і будзе дапамагаць маладым беларускамоўным гуртам выйсьці да слухача.
Склад:
Вольга Андрэева – вакал, гітара
Андрэй Галынскі – бас-гітара
Галя Сандова – віялянчэль
Павал Кухто – бубны
Марына Шэф – гітара
Альбом «Сонцавакол»:
Раздрукаваць | Праглядаў 7109|