Заяўкі на конкурс «Басовішча-2010»: гурты «Мілавіца і Пачвары», Indra і «Кальмары»

Арганізатары фэстывалю «Басовішча» завершылі прыём заявак на конкурсную частку і апрацоўваюць вынікі. А Generation.by працягвае агляд гуртоў, якія сёлета паспрабуюць свае сілы ў змаганьні за галоўныя прызы фэсту 16-17 ліпеня ў Гарадку (Польшча). Інфармацыя, mp3, амбіцыі на перамогу – у аглядзе яшчэ трох гуртоў, чые заяўкі арганізатары фэсту прынялі на конкурс: «Мілавіца і Пачвары», Indra і «Кальмары».

Кожны з гуртоў, чыю заяўку прынялі для разгляду ў межах конкурсу арганізатары Басовішча-2010, адказаў Generation.by на тры пытаньні: ці бываў на Басовішчы раней, якія спадзевы на ўдзел і ці даводзіцца рэдагаваць праграму адмыслова пад конкурс. Таксама дадаем агульную інфармацыю пра канкурсантаў, mp3 выкладаюцца са згоды выканаўцаў.

Мілавіца і пачвары

Горадня / 2002 / панк-рок, мэтал / Помста (mp3)

Музыкі гурта сустрэліся ўвосень 2002-га ў Горадні — так і ўтварыўся калектыў «Мілавіца і пачвары». У 2007-м гурт выдаў трэці альбом «Vendetta» у якім у якасьці вакалістаў спрабуюць сябе ўсе ўдзельнікі — такі своеасаблівы экспэрымэнт. Вынікі гэтай спробы музычныя аматары пачулі ў кастрычніку 2008 года ў Беларусі і ў Галяндыі, куды музыкі былі запрошаны на канцэрт у клюбе «Galleus». Як кажуць удзельнікі калектыву, «Мілавіца і пачвары» — гэта гурт, які ня мае ўзроставых катэгорый і спалучае розныя стылі: ад хэві-мэталу да арт-року.

«Мы былі на Басовішчы ў якасьці гледачоў у 2008 і 2009 гадах. Уражаньні засталіся самыя разнастайныя. Фэст вельмі цікавы: шмат маладых незнаемых гуртоў, сапраўдных аматараў музыкі роднай мовы. Было вельмі прыемна паслухаць выдатныя айчынныя калектывы на юбілейным фэсьце ў мінулым годзе. Спадзяемся, што праз удзел у конкурсе пра нас і нашую творчасьць дазнаецца шмат людзей. Мы граем у розных стылявых напрамках і на розных мовах. Адмыслова для „Басоў“ мы адабралі найбольш цікавыя для беларускай прагрэсіўнай моладзі песьні з нашага рэпэртуару».

Indra

Полацак / 2003 / рок / Дайце руку (mp3)

http://generation.by/mediashare/30/kd2lg9911hovr40jqxykljwcbfknn9-org.jpg

Гурт Indra ўтварыўся ў 2003 годзе і ўжо пасьля свайго першага выступу на фэсьце «Антиспид 2003» быў адзначаны як «Адкрыцьцё году». На наступных фэстах «Рок-кола» гурт перамагае ў намінацыі «Лепшы вакал», а пазьней займаў трэцяе месца. Indra шмат канцэртуе ў Полацку і ня толькі, а таксама ўдзельнікі гурта самі арганізоўваюць фэсты (Live in Rock) і адчынілі ў Полацку рок-клюб. У 2006-м годзе гурт перамог у конкурсе «Зваротны адлік» і атрымаў у якасьці ўзнагароды запіс альбому. Так, у 2007-м года гурт выпусьціў свой дэбютны альбом — «Сонцавакол», запісаны ў Польшчы. Цяпер Indra працуе над другім альбомам.

«Мы выступалі на Басовішчы-2007 у якасьці канкурсантаў. Найперш былі вельмі ўражаны самому ўдзелу ў адзіным сур’ёзным беларускім рок-фэсьце. Было прыемна граць на адной пляцоўцы зь вядомымі музыкамі. Ніякай спэцыяльнай падрыхтоўкі мы ня робім, сьпяваем па-беларуску. Хіба што зараз працуем над песьняй на верш Ларысы Геніюш, бо гэта ўмова ўдзелу ў сёлетнім фэстывалі. Спадзяемся, што дзякуючы ўдзелу ў „Басовішчы“, зможам завяршыць працу над другім альбомам:)»

Kalmary

Бяроза / 2006 / рок / Імпарт Экспарт (mp3)


Выступ «Кальмараў» у менскім «Рэактары» ў траўні 2009-га (рэпартаж). Аўтар фота: Юра Сідун.

Гурт Kalmary паўстаў у 2006 годзе ў Бярозе. Хлопцы кажуць, што граюць у стылi «закуска пад пiва», а іх песьнi заўжды нясуць пазытыўны настрой. У 2007-м «Кальмары» сталі ляўрэатам польскага фэстывалю Sound of Bordeland у г. Wisznice. У 2008-м зьнялі 2 клiпы ў Варшаве на песьні «Ён і Яна» і «Бадмінтон», тады ж песьня «Ён і Яна» трапiла на складанку «НезалежныЯ». У тым жа годзе «Кальмары» перамаглі на фэсьце «Амбасовішча» і ўзялі Гран-пры фэстывалю «Залатая восень» у Берасьці. У красавіку 2010-га тэлеканал «Лад» зьняў кліп на песьню «Імпарт Экспарт». Цяпер гурт рыхтуе да запісу дэбютны альбом.

«Сам гурт „Кальмары“ яшчэ не ўдзельнічаў у фэсьце, а вось некаторыя музыкі ўжо бывалі там у складзе гурта B:N і таксама як гледачы — упершыню гэта было ў 2001 годзе. Успамін самы добры і цёплы ды ўражаньні толькі пазытыўныя — сяброўская атмасфэра і шмат цікавай музыкі заўсёды рабілі гэты фэстываль незабыўным! Спадзевы ва ўсіх заўсёды максымальныя, але так як мы граем ў стылі „закуска да піва“, то, думаецца, не адзін куфаль вып’ецца пад наш выступ:) Што да праграмы, то мы зробім песьню на верш Ларысы Геніюш у бліжэйшы час, а свайго матэрыялу ў нас дастаткова, таму рэпетуем!»

Арганізатары фэстывалю — сябры «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў» у Польшчы — завершылі прыём заявак на конкурс «Басовішча-2010». Фінальную колькасьць прынятых заявак і агляд кожнага з гуртоў чакайце на Generation.by у бліжэйшыя дні

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча». Падрабязьней пра навіны фэсту — у адмысловым разьдзеле bas.generation.by.

tarka 15:40, 17/05/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0564 seconds.