З пэдагагічнага ўнівэрсытэта выключылі двух актывістаў студэнцкага руху

Студэнты БДПУ імя М.Танка Люда Асіпенка і Алесь Карцель адлічаныя за "сістэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку". Студэнты з загадам нязгодныя і будуць яго абскарджваць.

Загад падпісаны 14 сакавіка 2006 года рэктарам БДПУ імя М.Танка сп. Кухарчыкам, на падставе дакладных запісак дэканаў факультэтаў, на якіх вучацца Люда і Алесь адпаведна: дэкан факультэту беларускай філялёгіі і культуры сп. Лугоўскі і дэкан факультэту расейскай філялёгіі сп. Старычонак.

Люда Асіпенка і Алесь Карцель вучыліся на 3-м і 4-м курсах адпаведна.

Студэнты вызначаюцца сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, пасьпяховым навучаньнем і з загадам рэктара аб выключэньні нязгодныя.

Люда Асіпенка пракамэнтавала studenty.by сытуацыю зь ейным выключэньнем. 

Л.А.: У дэканаце мне адмовілі выдаць копію загада. Я зьвярнулася ў канцылярыю, пахадзіла па розных кабінэтах - мне адмаўлялі даваць дакумэнты аб маім выключэньні, гаворачы, што я ўжо не студэнтка гэтага ўнівэрсытэта. У выніку  я дамаглася, каб мне далі хоць выпіску з загаду. Там нічога не пазначана, якія ж парушэньні я ажыцьцявіла. Мне незразумелыя падставы, па якіх адбылося выключэньне - гэта незаконна. Зараз я напісала заяву на імя рэктара, каб ён патлумачыў мне прычыны майго адлічэньня. Але ў канцэлярыі падкрэсьлілі, што адказ будзе ў лепшым выпадку праз два тыдні, а ў горшым - больш чым празь месяц.

Яшчэ падчас летняй сэсіі дэкан майго факультэту Лугоўскі мне заявіў, што пытаньне майго выключэньня - справа толькі часу і што ён знойдзе нагоду мяне адлічыць.

Алесь Карцель кажа, што ніякіх парушэньняў унутранага распарадку ўнівэрсытэта не рабіў і ня можа пагадзіцца з загадам рэктара БДПУ.

А.К.:  Мы нязгодныя з загадам рэктара і будзем яго абскарджваць!

Студэнты зьвярнуліся да праваабаронцаў і будуць змагацца за аднаўленьне навучаньня ва ўнівэрсытэце.

tarka 15:00, 15/03/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.