Таццяна Хома: «Я ўсё роўна скончу Беларускi эканамiчны ўнiверсiтэт»

Буйнейшая беларуская незалежная газэта "Народная Воля" зьмясьціла вельмі падрабязнае інтэрвію з Тацянай Хома і адміністрацыяй БДЭУ. Правапіс захаваны.

Выдатнiцу Таццяну Хому выключылi з унiверсiтэта за тое, што яна з`ездзiла ў Францыю. За мяжой Таццяна знаходзiлася па справах буйнейшай еўрапейскай студэнцкай арганiзацыi “ESIB — Нацыянальныя студэнцкiя аб`яднаннi Еўропы”. Таццяну абралi ў кiраўнiцтва гэтай арганiзацыi ад Беларусi. Для любой краiны — гэта гонар. Для нашай — пярэпалах. Рэктар БДЭУ, былы мiнiстр эканомiкi Уладзiмiр Шымаў расцанiў паводзiны студэнткi “як адкрытую непавагу да Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага унiверсiтэта” i выдаў загад аб яе адлiчэннi. Дэкану факультэта мiжнародных адносiн, на якiм вучылася Таццяна, была аб`яўлена вымова “за неналежнае выкананне сваiх службовых абавязкаў у частцы кiраўнiцтва выхаваўчай работай на факультэце”.

Гiсторыя з адлiчэннем Таццяны Хома ў адно iмгненне перарасла ў мiжнародны скандал. Справай Таццяны асабiста заняўся мiнiстр адукацыi Швецыi Лэйф Пагроцкi. Нарвежскiя студэнты зрабiлi ў Iнтэрнеце старонку ў падтрымку беларускi. За двое сутак звыш 2000 прадстаўнiкоў больш як 40 краiн свету выказалiся ў падтрымку Таццяны Хома. Днямi Еўрапейская асацыяцыя унiверсiтэтаў прыпынiла супрацоўнiцтва з БДЭУ. Рэктар Уладзiмiр Шымаў вымушаны быў даць тлумачэннi. На афiцыйным сайце БДЭУ з`явiўся яго зварот на рускай i англiйскай мовах. Рэктар пiсаў, што яго “здзiўляе спроба палiтызацыi гэтага факту”; што Таццяна Хома была выключана з унiверсiтэта не за тое, што брала ўдзел у сустрэчы Еўрапейскага саюза студэнтаў, а за “самавольны выезд за межы краiны падчас вучэбных заняткаў”.

На радзiме, у роднай alma mater, нiхто не падаў голас у абарону Таццяны. Студэнты моўчкi прарэагавалi на расправу са сваёй калегай. У той жа дзень, як з`явiўся загад аб адлiчэннi, Таццяну выселiлi з iнтэрната.

— Таццяна, табе не крыўдна, што сябры не падставiлi плячо ў такой складанай, дзiкай сiтуацыi? Што прамаўчалi твае аднагрупнiкi, аднакурснiкi?

 — Наадварот, я адчула, што ў Беларусi студэнцкая салiдарнасць iснуе. Было шмат прапаноў правесцi акцыi, але я не падтрымлiвала гэтыя iнiцыятывы. Я хацела, каб спачатку пра дадзены факт даведалася як мага болей людзей. I даведалася менавiта пра тое, што адбылося. Бо ва унiверсiтэце хтосьцi распускаў плёткi, што як быццам бы мяне затрымалi падчас каменданцкага часу ў Парыжы. Але на самай справе я была ў Рэймсе, ды i каменданцкая гадзiна ў Парыжы не была ўведзена.

Я ведаю, што зараз ва унiверсiтэце студэнты пачалi збiраць подпiсы ў маю абарону. Iх выклiкаюць у дэканат, праводзяць з iмi гутаркi, сэнс якiх зводзiцца да таго, што нiчога неардынарнага не адбылося, што шмат каго выключаюць з унiверсiтэта.

Я ўдзячна i рада таму, што рэакцыя на маё выключэнне насамрэч iдзе вялiкая i прапаноў аб дапамозе паступае вельмi шмат. I, магчыма, паказальная акцыя хутка адбудзецца. Можа, гэта будзе флэш-моб, за якi нельга затрымлiваць людзей. Я разумею, што ў сённяшнiх умовах выйсцi на плошчу — гэта вялiкi грамадзянскi ўчынак, гэта момант iсцiны, у якiм праяўляюцца людзi. Але я нi ў якiм разе не буду крыўдзiцца на тых, хто не гатовы выйсцi адкрыта альбо напiсаць сваё поўнае прозвiшча. Трэба не iх вiнавацiць, а тую сiтуацыю, якая зараз склалася ў краiне.

— Таццяна, ты думаеш, што твая скарга ў Мiнiстэрства адукацыi на загад рэктара аб адлiчэннi сапраўды што-небудзь вырашыць, цi гэта быў проста фармальны крок з твайго боку?

— Хутчэй другое. Я чула, што рашэнне аб маiм выключэннi прымалася вышэй, а рэктар толькi выканаў гэты загад. I таму на станоўчы адказ з Мiнiстэрства адукацыi разлiчваць не прыходзiцца. Калi мяне не адновяць ва унiверсiтэце, я буду звяртацца ў суд. Хаця на суд спадзеву таксама няма.

Для суда мне спатрэбяцца характарыстыкi ад выкладчыкаў. Я ўжо звярнулася на кафедру дзелавой англiйскай мовы. За тры гады, што я вучуся ў БДЭУ, у мяне склалiся вельмi добрыя, акадэмiчныя стасункi з выкладчыкамi кафедры. I яны напiсалi вельмi добрую характарыстыку. У той жа час некаторыя выкладчыкi, якiя таксама могуць засведчыць узровень маёй акадэмiчнай паспяховасцi, сказалi, што iм далi зразумець, што не трэба пiсаць мне характарыстыкi.

— Памочнiк рэктара Аляксандр Куняўскi сказаў у iнтэрв`ю нашай газеце, што цябе адлiчылi з правам аднаўлення ва унiверсiтэце. Калi ўявiць, што ты вернешся ў БДЭУ —- зможаш пасля ўсяго, што здарылася, там вучыцца?

— Крыўда, канешне, ёсць. Я вельмi ганарылася тым, што вучуся ў БДЭУ. Вельмi шмат намаганняў мне прыйшлося прыкласцi, каб паступiць менавiта на факультэт мiжнародных эканамiчных адносiн на бюджэтную форму навучання. У маiх бацькоў няма грошай, каб аплачваць вучобу на гэтым дарагiм, прэстыжным факультэце. З першай спробы я не паступiла. I пайшла вучыцца ў педунiверсiтэт. Дарэчы, займалася там выдатна, у дзвюх сесiях атрымала толькi адну чацвёрку, усе астатнiя — пяцёркi. Тым не менш я яго пакiнула i паступiла ў БДЭУ. I вучылася таксама вельмi добра. I, зразумела, не для таго, каб сысцi з чацвёртага курса.

Я ўсё роўна скончу БДЭУ i атрымаю гэты дыплом.

— Бацькi ўжо даведалiся, якiя прычыны твайго адлiчэння?

— Яны вельмi моцна хвалявалiся за мяне. Бацькi жывуць у Баранавiчах, яны простыя людзi i, канешне, заклапочаны тым, што здарылася. Толькi летам я магу падаваць дакументы на аднаўленне. Што рабiць цяпер? Трэба ехаць у Баранавiчы, шукаць працу. Праўда, у маёй сiтуацыi не ўсё так безнадзейна. У 2006 годзе я рыхтуюся працаваць у ESIB — Нацыянальным студэнцкiм аб`яднаннi Еўропы. Але гэта не азначае, што я пакiдаю Беларусь. Я магу вучыцца завочна. I ўсiм, хто абвiнавачваў мяне ў тым, што я ўсё задумала для таго, каб вучыцца за мяжой, я адказваю так: мне хапае ведаў i розуму, каб паступiць у прэстыжныя замежныя унiверсiтэты звычайным шляхам. Я хачу жыць i вучыцца на радзiме. I, магчыма, толькi для таго, каб не губляць час, вымушана буду адзiн курс скончыць у замежным ВНУ.

Дарэчы, мне вельмi крыўдна, што рэктар БДЭУ, перш чым прыняць такое рашэнне, нават не размаўляў са мною. А я збiралася афармляць “студэнцкi абмен” на наступны семестр, iнакш як бы я магла сумяшчаць працу ў прэстыжным студэнцкiм аб`яднаннi i дзённае навучанне.

— Таццяна, i ўсё ж такi, чаму, на Ваш погляд, з`явiўся такi загад рэктара?

— Напэўна, трэба запытацца ў яго.

Насамрэч, калi я вярнулася ў Беларусь i размясцiла iнфармацыю ў Iнтэрнеце, то атрымала толькi падтрымку. Бо, сапраўды, трэба ганарыцца тым, што мяне абралi ў кiраўнiцтва гэтай арганiзацыi. Яшчэ нiкому са студэнтаў з постсавецкай прасторы не быў аказаны такi гонар.

ESIB — гэта буйнейшая студэнцкая арганiзацыя, якая аб`ядноўвае студэнтаў з 35 краiн Еўропы. Гэта апалiтычная арганiзацыя, яна абараняе i змагаецца за эканамiчныя i сацыяльныя правы студэнтаў. ESIB стаў знакамiты пасля 1982 года праз удзел у распрацоўцы i ажыццяўленнi так званай еўрапейскай адукацыйнай прасторы ў межах Балонскага працэсу, у якi, на жаль, не ўваходзiць Беларусь. У адрозненне, напрыклад, ад Расii i Украiны.

ESIB супрацоўнiчае з Саветам Еўропы, ЮНЕСКА, Еўрапейскай асацыяцыяй унiверсiтэтаў. Студэнцкiя групы iснуюць нават пры рознага кшталту парламенцкiх камiсiях, i студэнты могуць уплываць на прыняцце адукацыйнага заканадаўства.

— А як ты стала супрацоўнiчаць з гэтай арганiзацыяй?

— ESIB аб`ядноўвае таксама i нацыянальныя студэнцкiя арганiзацыi. Напрыканцы 90-х гадоў заявы на ўступленне ў гэтую арганiзацыю падавала Задзiночанне беларускiх студэнтаў i БПСМ. Апошнiя атрымалi адмову, таму што з`яўлялiся моладзёжнай арганiзацыяй, а не студэнцкай. А Задзiночанне беларускiх студэнтаў было прынята ў сябры i мае добрыя стасункi i зараз, незалежна ад таго, што на радзiме арганiзацыя была лiквiдавана ў 2001 годзе i, адпаведна, згубiла рэгiстрацыю на Беларусi.

На працягу двух апошнiх гадоў я займалася падтрымкай сувязяў з ESIB ад iмя беларускiх студэнтаў.

ВIЗIТ У БДЭУ

Аляксандр КУНЯЎСКI, памочнiк рэктара:«Яе адлiчылi з правам аднаўлення ва унiверсiтэце»

Загад аб адлiчэннi Таццяны Хома быў падпiсаны рэктарам БДЭУ Уладзiмiрам Шымавым i ўзгоднены першым прарэктарам В.Садоўскiм, прарэктарам па вучэбнай рабоце С.Шаўруком, начальнiкам упраўлення справамi С.Лагутам, старшынёй ППА студэнтаў БДЭУ М.Барэйшам, намеснiкам начальнiка УС па кадравай i прававой рабоце В.Спiравым.

Рэктар Шымаў ад каментарыяў адмаўляецца. Пасля некалькiх безвынiковых спроб звязацца з iм па тэлефоне (сакратарка проста не звязвала са сваiм шэфам) я паспрабавала сустрэцца з Уладзiмiрам Мiкалаевiчам у рэктараце. Аднак i там Шымаў, спаслаўшыся на занятасць, адмовiўся гутарыць з журналiстам “Народной волi”. Дарэчы, ён не палiчыў патрэбным сустрэцца i з амбасадарамi Еўрасаюза, якiя мелi намер абмеркаваць з рэктарам сiтуацыю, якая склалася вакол адлiчэння з унiверсiтэта Таццяны Хома.

Пазiцыю унiверсiтэта ў гэтай скандальнай справе прадставiў памочнiк рэктара Аляксандр Куняўскi. Ён пагадзiўся нават пагутарыць з журналiстам “пад дыктафон”.

— У рэктарат прыйшлi студэнты, — заявiў Аляксандр Куняўскi, — якiя жылi з Хома ў iнтэрнаце, i сказалi, што яна адсутнiчала на занятках. Прарэктар па выхаваўчай рабоце патэлефанаваў дэкану, але той нiчога пра гэта не ведаў. Акрамя таго, па словах студэнтаў, Хома ўзрушае студэнтаў у iнтэрнаце... Паўстала пытанне аб яе адлiчэннi, таму што Хома парушыла дысцыплiну, парушыла Правiлы ўнутранага распарадку. Дэкан факультэта запярэчыў, што яна выдатнiца i г.д. Але пытанне вырашалася на ўзроўнi прарэктараў.

— Вы маглi б назваць прозвiшчы гэтых студэнтаў?

— У нас ёсць прарэктар па выхаваўчай рабоце Генадзь Каралёнак, ён гэтым займаўся.

— Аляксандр Максавiч, а Вам не падаецца, што было прынята вельмi жорсткае рашэнне? Маглi б спачатку аб`явiць вымову, усё ж такi Хома выдатнiца?

— Я працую ў вышэйшай школе шосты год. I тут многа жорсткасцi. Усё нашае жыццё жорсткае.

— А на якой падставе яе адлiчылi?

— Яна без важкай прычыны адсутнiчала на занятках тры днi.

Я хацеў бы адзначыць, што за бягучы год за парушэнне Правiл унутранага распарадку з нашага унiверсiтэта былi выключаны 50 студэнтаў. Хома стала пяцьдзесят першай. Чатыры днi яна знаходзiлася недзе ў Францыi. Яна — чалавек некiруемы...

Першапачаткова ўсё пайшло ад самiх дзяцей. Студэнт разглядаецца не толькi з таго боку, як ён вучыцца. Студэнт нясе на сабе нейкую выхаваўчую, педагагiчную нагрузку. А калi ён стаў дрэнна ўздзейнiчаць на iншых...

— Як гэта праяўлялася?

— Я ведаю, што дзяўчынка, якая непасрэдна жыла з ёю ў адным пакоi ў iнтэрнаце, казала, што Хома адсутнiчала на занятках тры днi, што яна запрашае студэнтаў на нейкую кватэру на Багдана Хмяльнiцкага, дзе збiраюцца брудна апранутыя маладыя людзi. Пачалi апрошваць другiх дзяўчынак...

— Чаму рэктарат паверыў гэтай студэнтцы, не выслухаў Таццяну Хома? Можа, у дзяўчат проста непрыязныя адносiны, хлопца не падзялiлi ў рэшце рэшт?

— Студэнтка прывяла канкрэтныя факты, iх праверылi. I перш за ўсё тое, што Хома адсутнiчала на занятках. Высветлiлася, што гэта ўжо не першы выпадак на працягу 2005 года.

Рэктар доўга думаў, перш чым прыняць такое рашэнне. Яе адлiчылi з правам аднаўлення ва унiверсiтэт.

Мiхаiл БАРЭЙША, старшыня пярвiчнай прафсаюзнай студэнцкай арганiзацыi БДЭУ:«Двое з васьмi членаў прэзiдыума прафкамагаласавалi супраць адлiчэння Таццяны Хома»

Мiхаiлу Барэйшу я задала толькi адно пытанне: “Чаму прафсаюзная арганiзацыя, якая павiнна змагацца за правы студэнтаў, дала згоду на адлiчэнне студэнткi з унiверсiтэта?”

— Прафкам не можа выступаць адвакатам, — выказаў ён сваё меркаванне. — Прафсаюзная арганiзацыя павiнна ўлiчваць iнтарэсы двух бакоў — i студэнтаў, i адмiнiстрацыi унiверсiтэта.

Мы заўсёды вельмi ўважлiва разбiраемся з выпадкамi адлiчэння студэнтаў, i трэба сказаць, што нярэдка гэта адбываецца з парушэннем закона. Тады прафкам абараняе правы студэнтаў i стаiць на пазiцыi не адлiчваць iх з унiверсiтэта. Што тычыцца студэнткi Хома, то вiдавочна, што яна груба парушыла Правiлы ўнутранага распарадку унiверсiтэта. Студэнтка без дазволу паехала ў краiну, дзе было ўведзена надзвычайнае становiшча. Брала ўдзел у нейкай канферэнцыi маладзёжнай арганiзацыi падчас заняткаў. Чаму яна не паведамiла ў дэканат аб сваiм ад`ездзе? Раней яна iнфармавала кiраўнiцтва, i нiякiх пытанняў не ўзнiкала.

Iнiцыятыва аб яе адлiчэннi зыходзiла з рэктарата. Калi загад быў падрыхтаваны, ён трапiў у прафкам. Мы павiнны былi знайсцi важкiя падставы для таго, каб не пагаджацца з гэтым рашэннем. Бо сiтуацыя сапраўды была нестандартная. Паверце, рашэнне далося нам нялёгка. Двое з васьмi членаў прэзiдыума прафкама галасавалi супраць адлiчэння Таццяны Хома. Калi б мы адназначна прынялi рашэнне iсцi да канца i абараняць студэнтку Хома, то мы б са свайго боку пайшлi на парушэнне Правiл унутранага распарадку. I гэта было б нелагiчна. Таму што прафкам не пагадзiўся б з дакументам, якi ў свой час сам жа i ўзгадняў з адмiнiстрацыяй унiверсiтэта. Калi б такой супярэчнасцi не было, мы б абаранялi студэнтку да канца.

I апошняе. Што тычыцца дысцыплiнарнага пакарання, то ў вучэбным асяродку не iснуе паслядоўнасцi ў вынясеннi такога рашэння. Рэктар прымае рашэнне вынесцi заўвагу, альбо аб`явiць вымову, альбо адлiчыць з лiку студэнтаў у адпаведнасцi з праступкам студэнта. У дадзенай сiтуацыi, магчыма, гэта было жорсткае рашэнне. Тым не менш студэнтам не дазваляецца без важкай прычыны цi хаця б без паведамлення кiраўнiцтва адсутнiчаць ва унiверсiтэце падчас заняткаў. 

11:15, 09/12/2005 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.