Пачалося народнае галасаванне за праекты Шостага конкурсу Social Weekend

24 верасня пачалося народнае галасаванне за праекты-ўдзельнікі Шостага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Спаборнічаюць больш за 150 новых ініцыятыў. Па выніках галасавання 20 з іх трапяць у чвэрць-фінал. Яшчэ 20 праектаў будуць абраныя арганізатарамі і журы конкурсу. Фіналісты атрымаюць больш за 350 000 000 рублёў на рэалізацыю сваіх праектаў.

Цягам месяца ішоў прыём заявак на конкурс Social Weekend 6. З 24 па 29 верасня, беларусы вызначаць, аўтары якіх праектаў змогуць прайсці ў наступны тур і ўмацаваць свае шанцы на рэалізацыю ідэй.

Галасаванне пройдзе на StartIdea.by. Усё, што трэба зрабіць, – гэта зайсці на сайт і аддаць свой голас падтрымкі упадабаным праектам.

«Народнае галасаванне – вельмі важны этап конкурсу. Гэта магчымасць кожнага грамадзяніна Беларусі ўнесці свой уклад у развіццё карысных грамадству праектаў і дапамагчы ўдзельнікам. Фінансаванне ў фінале, безумоўна, неабходнае. Але важныя, і часам больш каштоўныя, слушныя парады дасведчанага чалавека ці іншыя рэсурсы ў "натуральным" выглядзе. Таму мы заклікаем усіх галасаваць, дзяліцца сваім меркаваннем ў каментарах і не заставацца абыякавымі. Магчыма, менавіта ваш голас стане вырашальным і менавіта ў вашым горадзе стане адной праблемай менш, шчаслівых людзей больш, пройдзе адукацыйны форум ці на вуліцах з'явяцца якія радуюць вока аб'екты», – кажуць арганізатары конкурсу.

Таксама арганізатары Social Weekend адзначаюць, што якасць заяўленых праектаў расце. Практычныя ўсе пададзеныя заяўкі – гэта прадуманыя ідэі з выразна пазначанымі мэтамі і крокамі, якім не хапае зусім няшмат для іх рэалізацыі. А аўтары праектаў – людзі, упэўненыя ў тым, што робяць, і гатовыя дзейнічаць. Усе намінацыі («Адукацыйны івэнт» ад Леаніда Лознера, «Здароўе і здаровы лад жыцця» ад мабільнага аператара МТС, «Навучанне насельніцтва» ад Юрыя Мельнічака і іншыя) атрымалі годных прэтэндэнтаў на перамогу.

Па намінацыі «Грамадскі выбар» ад Белгазпрамбанка і краудфандынгавай пляцоўкі «Вулей», генеральнага партнёра Social Weekend 6, прыём заявак працягнецца да 29 верасня. З іх ліку мецэнатаў будзе абрана некалькі праектаў, якія змогуць прайсці падрыхтоўку і прэтэндаваць на выхад у паўфінал конкурсу. Дадзеныя праекты змогуць таксама прэтэндаваць і на любую іншую намінацыю. Заявіць пра сваю ідэю можна ўсё там жа – на афіцыйным сайце SocialWeekend.by.

За два гады свайго існавання Social Weekend дапамог сотням праектаў, на рэалізацыю якіх было пералічана больш за мільярд беларускіх рублёў.

16:40, 28/09/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1891 seconds.