«Крамбамбуля» выдасць апошні альбом, прэзентацыя ў Вільні (+бясплатныя візы)

Крамбамбуля

7 лістапада «Крамбамбуля» прэзентуе ў Вільні новы альбом «Чырвоны штраль», пасля чаго гурт плануе сысці ў лясы. Канцэрт, які ахопіць новы матэрыял і лепшыя песні, адбудзецца ў новай канцэртнай залі Compensa, разлічанай на 4 тысячы гледачоў. Беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы.

«Чырвоны штраль» названы ў гонар культавай віленскай кавярні пачатку XX стагоддзя, дзе збіралася інтэлігенцыя, у тым ліку беларуская. Сярод гасцей былі Янка Купала і браты Луцкевічы. Ёсць звесткі, што ў 1916 годзе менавіта там адбылася знакавая сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты вырашылі імкнуцца не да аднаўлення Рэчы паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а да незалежнай Беларусі, абвешчанай з іх удзелам у 1918 годзе пад сцягам БНР.

– Альбом «Чырвоны штраль» – гэта фантасмагорыя, у якой змяшалася мінулае, сучаснае і будучае Беларусі, адлюстраваныя з уласцівымі «Крамбамбулі» гумарам і іроніяй. Гэта апошні альбом гурта, пасля чаго мы сыдзем у лясы партызаніць. Іншых варыянтаў існавання ў сучасных умовах мы не бачым, – распавядае Лявон Вольскі.

Гурт «Крамбамбуля» быў заснаваны ў 2002 годзе, як праект застольных песень. Вядомасць яму прынеслі хіты «Абсэнт», «Госці», «Турысты». Гэтыя песні спявала ўся Беларусь. Але ў 2004 годзе з шэрагам іншых выканаўцаў «Крамбамбуля» трапіла пад першую хвалю неафіцыйных забаронаў (да канца 2007), у 2011 годзе – пад другую.

На гэты момант на рахунку гурта пяць альбомаў, апошні з якіх – «Драбадзі-драбада», з пераспяванымі па-беларуску традыцыйнымі песнямі краін Еўропы – выйшаў у снежні 2011. Уладальнікі галоўнага прыза на ўзнагародах «Рок-каранацыя 2002». Удзельнікі фестываляў ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Нямеччыне. У розны час у запісах і канцэртах прымалі ўдзел Сяргей Міхалок, Аляксандр Кулінковіч, Гюнэш Абасава.

Бясплатная віза (без консульскага збору) з тэрмінам з 6 да 8 лістапада ўключна выдаецца на падставе набытых у Беларусі квіткоў на мерапрыемства. Працэдура разгляду візавых хадайніцтваў – спрошчаная, таму даведкі з месца працы/навучання, пацверджанні плацежаздольнасці не патрабуюцца.

Падача дакументаў на візу ў Амбасадзе Літвы ў Беларусі (Мінск) і Генеральным консульстве Літвы ў Гродна ўжо адкрытая. Падача ажыццяўляецца толькі па папярэдняй рэгістрацыі на адмысловым сайце. Дакументы на візу могуць быць таксама прадстаўлены ў Візавы цэнтр Літвы па месце жыхарства (Мінск, Гомель, Гродна, Брэст) з аплатай сервіснага збора (18-20 еўра). Апошні дзень падачы дакументаў – 30 кастрычніка. Пакрокавая інструкцыя па атрыманні візы і рэгістрацыя на падачу дакументаў– http://www.graffiti.by/2015/vilnius/.
 

Квіткі: танцпол – 620 тыс. руб., сядзячыя – ад 860 да 1100 тыс. руб. Продаж у Беларусі – у касах і на сайце Kvitki.by, а таксама ў паб-клубе "Графіці" (Мінск, пер.Калініна 16).

Адрас пляцоўкі: Вільня, вул. Kernaves 84 (праз дарогу ад гандлёвага цэнтра Ozas).

Пачатак мерапрыемства: 20.00. Уваход з 19.00.

Інфалінія ў Беларусі: 638-4444 з любога аператара

Лакацыі ў сацсетках: Facebook, VK


 


13:20, 25.08.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0303 seconds.