Рэаліці-конкурс #РазамМінск: «Мінчукі пераўзышлі нашы чаканні»

Адборачная стадыя першага летняга рэаліці-конкурсу гарадскіх праектаў #РазамМінск завяршылася 11 жніўня. Кампетэнтнае журы і гледачы праз галасаванне выбралі 23 удзельнікі. Цяпер ім трэба будзе палепшыць Мінск, зрабіць яго зручней, ярчэй і дабрэй.

Каманды ўжо рашуча ўзяліся за ажыццяўленне заяўленых праектаў. Бо па правілах конкурсу, яны павінны цалкам рэалізаваць сваю ідэю да 7 верасня. Пры гэтым разлічваць на фінансаванне ад арганізатараў яны не могуць. Застаецца спадзявацца на падтрымку актыўных мінчукоў. Усе, каму неабыякава развіццё горада, могуць далучацца да агульнай справы і дапамагаць праектам.

«Мінчукі пераўзышлі нашы чаканні. Мы атрымалі звыш 300 ідэй, 39 з якіх аформіліся ў рэалістычныя праекты. Хоць у конкурс трапілі толькі 23 праекта, усе астатнія таксама вартыя рэалізацыі. Наогул на платформе Talaka.by незалежна ад конкурсу рэалізуюцца дзясяткі цікавых праектаў. Так што, калі ў вас ёсць класная ідэя, не варта чакаць асаблівай нагоды. Смела прыступайце да яе ўвасаблення», – лічыць кіраўнік Talaka.by Яўген Клішэвіч.

За поспехамі гарадскіх актывістаў пільна сочаць журналісты. Штотыднёвыя справаздачы аб самых яркіх момантах рэаліці-конкурсу выходзяць на Onliner.by, а таксама па чацвяргах у вячэрнім эфіры радыёстанцыі Радыус-FM.

Прызавы фонд конкурсу складае $2000. 16 верасня будуць названы імёны пераможцаў у чатырох намінацыях: «Лепшы гарадскі праект», «Выбар мінчукоў», спецыяльная намінацыя Talaka.by «Сацыяльны прадпрымальнік» і спецыяльная намінацыя ў рамках карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom – «Дзіцячы горад».

Арганізатарамі конкурсу выступаюць грамадская некамерцыйная платформа Talaka.by, кампанія velcom і інтэрнэт-партал Onliner.by.

За рэаліці-конкурсам #РазамМінск можна сачыць на сайце.

17:00, 13/08/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.165 seconds.