Фолк-фэст «Камяніца» пашырае кірмаш нацыянальнай культуры

Сёмы па ліку фолк-фэст «Камяніца» адбудзецца 5 верасня на тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».

Камяніца
Фота: Юра Сідун, Generation.by

– «Камяніца» ўжо досыць даўно не з’яўляецца проста музычным фэстам. Гэта месца для сустрэчы ўсіх, каго цікавіць нацыянальная культура ў самых розных праявах, – распавядае каардынатар фэсту Сяргей Чэгрынец. – У мінулым годзе ў нас было каля 50 кропак народных промыслаў і забаў, у гэтым годзе мы гатовыя без усялякай аплаты запрапанаваць яшчэ больш месца.

Да ўдзелу ў кірмашы запрашаюцца ўсе, хто працуе ў рэчышчы беларускай нацыянальнай культуры: аматарскія і студэнцкія музычныя калектывы (другая сцэна), прадстаўнікі народных промыслаў (ганчары, пляценне, тэкстыль), візуальнага мастацтва (фатографы, дызайнеры, мастакі), культурных ініцыятыў (вывучэнне мовы, песень, традыцыйных гульняў). Заяўкі неабходна дасылаць да 25 жніўня на адрас kamianica2003@gmail.com з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Фолк-фестываль «Камяніца» быў заснаваны ў 2009 годзе і з таго часу нязменна адбываецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км за аўтарынак "Малінаўка"), дзе на вольным паветры можна пабачыць найбагацейшую ў Беларусі калекцыю драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.

Мерапрыемства збірае разам лепшых беларускіх фолк-артыстаў і замежных гасцей. У мінулыя гады на "Камяніцу" прыязджалі Алег Скрыпка (Украіна), "ДахаБраха" (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Караліна Ціха і Бартэк Палыга (Польшча), "Иван Купала" (Расія), Ahmed Ma Hlad (Чэхія) і шэраг іншых выканаўцаў. Музычная праграма гэтага года будзе абвешчана ў хуткім часе.

Лакацыі фэсту ў сацыяльных сетках: FB, VK

14:01, 10/08/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0772 seconds.