Планы на рэшту лета: 7 модных этна-летнікаў у Беларусі і побач

Канечне, этнавандроўнік улетку дома не сядзіць. Добрыя кірункі для маршрутаў – у аглядзе летнікаў па розных аспектах традыцыйнай культуры Беларусі і суседзяў.

Зусім хутка, 1-5 ліпеня – майстар-класы па традыцыйнай музыцы ў Здзілавіцы на Расточы (Польшча).

Абяцаюць навучанне гранню на музычных інструментах, спевам і танцам з мясцовымі носьбітамі фальклору. Асноўныя выкладчыкі ўсё ж гарадскія. Можна будзе нават навучыцца рабіць музычныя інструменты з кары дрэў, а таксама плесці лапці, капелюшы, саламяных павукоў.

Расточа для польскай традыцыйнай культуры – нешта кшталту Палесся для беларускай, гэткі запаветнік архаікі. Запрашаюць і пачаткоўцаў, і больш вопытных аматараў традыцыйнай культуры. Тэрмін падачы заявак афіцыйна скончыўся, але ніколі не позна паспрабаваць запісацца.

5-19 ліпеня – міжнародная летняя школа традыцыйнай музыкі ў Бялай каля Сулеёва (Лодзьскае ваяводства, Польшча).

Афіцыйна прыём заявак таксама ўжо завершаны, але паспрабуйце напісаць арганізатарам, яны звычайна ідуць насустрач. Удзел каштуе нямала, але выпускнікі школы хваляцца вялікім прагрэсам у сваіх вакальных здольнасцях. Канечне, такая раскоша – 2 тыдні займацца толькі традыцыйнымі спевамі і больш нічым!

Сёлета няма беларускай навучальнай групы, затое ёсць польская, сербская, украінская, магчыма, літоўская і руская. Выбраць трэба адзін накірунак. Акрамя развучвання песень на пэўнай мове навучэнцы займаюцца практыкаваннямі па раскрыцці голасу, а таксама чымсьці кшталту этнасальфеджыо. Па вечарох, як у любым летніку – танцы, супольнае спяванне, размовы. Выдатная магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі, якія цікавяцца тым жа, што і ты, але жывуць у іншай краіне, часамі зусім неблізкай.

8-12 ліпеня – Пятроўскі фэст у Любанскім раёне.

Удзельнікі будуць жыць у вёсцы Шыпілавічы (сенавал, уласныя намёты), а таксама наведаюць Закальное, Ямінск, Дарасіно, дзе іх чакаюць у госці мясцовыя гурты, каб спяваць і таньчыць разам. Майстар-класы па танцах праводзіць этнахарэограф Сяргей Выскварка, па спевах – Вольга Емельянчык, спявачка гурта «Гуда» і кіраўніца полацкага гурта «Варган». Будзе магчымасць пакаштаваць стравы мясцовай кухні.

Гасцямі фэсту стануць таксама гурт «Набіліцы» з вёскі Баранава пад Старымі Дарогамі і Зінаіда Крупская з Вілейшчыны. Такім чынам, будзе магчымасць параўнаць танцавальныя манеры Любаншчыны, Старадарожчыны, Вілейшчыны.

Па вечарох — танцы ў сельскім клубе, магчымасць замацаваць атрыманыя ўдзень веды.

12 ліпеня – кульмінацыя фэсту, свята Пятра і Паўла (па праваслаўным календары). Удзельнікі пройдуць з песнямі і карагодамі па Шыпілавічах, будуць скакаць праз вогнішча і есці рыбную юшку, якую гатуюць у гонар таго, што Пётра, па біблейскім паданні, быў рыбаком.

10-12 ліпеня – майстар-класы па падляшскіх абрадавых песнях у вёсцы Градзіска ля знакамітай Гайнаўкі (Польшча).

Заняткі праводзяць мясцовыя спявачкі Ганна Цеслюк і Надзея Асіпук. Прозвішчы ў бабуль, як бачым, зусім не польскія. Пра падляшскую мову не аціхаюць дыскусіі: усё ж асобная мова ці дыялект беларускай? Вось, будзе магчымасць даведацца, бо ў праграме – песні на мясцовай гаворцы, з Градзіска і суседніх вёсак. Настаўніцы ў свой час таксама вучыліся, ад старэйшых спявачак у гурце «Крыўчанкі». Абяцаюць вясеннія, сенакосныя, жніўныя, вясельныя, хрэсьбінныя песні, лірычныя і калыханкі. Цэлы свет традыцыйнай культуры Падляшша за 3 дні! Спяшайцеся, колькасць месцаў абмежаваная.

15-19 ліпеня – рамесніцкі летнік ля вёскі Азярычына Пухавіцкага раёна.

Гэта зусім недалёка ад Мінска - 35 км, за 2 км ад музейнага комплексу «Дудуткі», добра знаёмага этнавандроўнікам праз канцэрты ды імпрэзы.

Трэба ўласны намёт, пляцоўка летніка знаходзіцца на беразе ракі Пціч. Падчас летніку можна навучыцца лазапляценню, вырабу посуду з дрэва, майстэрству выцінанкі, фарбаванню тканін і нітак. Вечары зоймуць міні-этнаграфічныя паходы, спевы і танцы, а завершыць летнік канцэрт. Арганізатары хочуць паказаць, што засвоіць рамесніцкі занятак можа кожны, як вясковы маладзён, так і просты мінчук. Ніякага адмысловага абсталявання ці матэрыялаў везці з сабой не трэба, усё дадуць на месцы. Сябе прывозьце!

29 ліпеня – 2 жніўнялітоўскі танцавальны летнік у Судове (Сувалкія).

Пакуль няма праграмы, але звычайна гэта цэлыя дні танцаў, а таксама майстар-класы па рамёствах.

2-9 жніўня – танцавальны летнік «Табар» у Келецкім ваяводстве (Польшча).

Навучанне праводзіцца на мясцовым, келецкім, матэрыяле. У асноўным вучаць танцам, але знойдзецца справа і музыкам, і паспяваць можна па вечарох. Падрабязнай праграмы пакуль няма, палякі – гэта вам не немцы, якія плануюць да хвіліны і на год наперад. Але будзе весела!

Фота з архіваў «Пятровіцы» і Азярычынскага летніка.


Алена Ляшкевіч 18:23, 24.06.2015 | Этнавандроўкі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1484 seconds.