Rahis прэзентаваў альбом «Памiж сонцам i хмарамi» пра асаблівасці доўгага беларускага gap year

Гурт Rahis роўна праз 5 год пасля прэзентацыі свайго першага альбому выпусціў у сеціва новую працу «Паміж сонцам і хмарамі», якая прысвечаная пераломным перыядам у развіцці маладога арганізма.

У альбом «Паміж сонцам і хмарамі» ўвайшлі 12 песень, што былі створаныя ў розны час лідарамі гурта Дзянісам Філіпенкам і Змітром Язвінскім, а таксама песня «НЛО», напісаная на словы Глеба Лабадзенкі.



12 трэкаў аб'яднаныя тэмамі пошуку каштоўнасцей, кірункаў і месцаў пад рамантычны акампанемент закаханасці, надзей і мараў.

Імклівы забег у пошуках сябе і жыццёвых выгод часта не дае шанцаў азірнуцца перад важнымі рашэннямі. Часавая мяжа паміж бесклапотнасцю і першай вялікай адказнасцю ў сучаснай беларускай традыцыі неакрэсленая, як гэта бывае ў заходняй культуры праз gap year, які бярэ для сябе моладзь перад універсітэтамі.

«Чарговы пераломны этап здараецца ў жыццi кожнага чалавека пасля гадоў 26. Раптам востра адчуваеш, што перастаў быць падобным на сябе, якім прызвычаіўся быць цягам некалькіх бесклапотных год. Змяняешся, але не ведаеш, кім урэшце станеш. Пераглядаеш каштоўнасці і цікаўнасці, разумееш, што пара вызначацца з нечым вельмі важным і жыць напоўніцу», – распавядае Дзяніс Філіпенка пра загалоўны трэк альбома «Паміж сонцам і хмарамі».

Rahis

Rahis выпускае другі альбом 8 чэрвеня 2015 – роўна праз 5 год пасля прэзентацыі дэбютнага «Сшытка з тэкстамі ў малюнках», які быў натхнёны ўніверсітэцкімі часамі лідараў гурта. За працяглы перыяд склад музыкантаў Rahis змяняўся, але к выхаду другога альбома сфармавалася новае ядро каманды.

«Нам прыемна тое, што адбываецца з гуртом цяпер, усё стала гарманічна ды на свае месцы. Гэта адчуваецца ў гучанні і настроі альбому. Некаторыя знаёмыя па жывых выступах нашым даўнім прыхільнікам песні кшталту «Па праспекце» і «Ямайка» цяпер гучаць зусім па-новаму. Меладычнасць клавіш дадае болей флёру і рамантыкі. Мы імкнуліся, каб кружэлка была сур'ёзнай і сталай у прафесійнай частцы і лёгкай ва ўспрыманні ды настроі. Каб ад праслухоўвання з'яўлялася жаданне змяняцца і надзея на змены навокал», – распавядае Зміцер Язвінскі.

Гурт Rahis утвораны Дзянісам Філіпенкам і Змітром Язвінскім на зломе тысячагоддзяў, калі хлопцы навучаліся ў Дзяржаўным педагагічным універсітэце на факультэце прыродазнаўства. Rahis атрымаў першую вядомасць акустычнымі канцэртамі, а ў 2007 годзе хлопцы пачалі выступаць з электрычнай праграмай. Праз год свет пабачыла першая студыйная праца — максі-сінгл пад назвай «Празь Сеціва», у 2010-м выйшаў першы поўнафарматны альбом «Сшытак з тэкстамі ў малюнках». На клавішах Rahis «Памiж сонцам i хмарамi» грае Аляксандра Клінцэвіч, на сола-гітары — Павал Вялічка, на бас-гітары — Грыня Заслаўскі, на бубнах — Саша Юхнавец, гукарэжысёр гурта — Віталь Кулеўскі.

Фотаздымкі гурта: Юля Сакалоўская, кавер-фота: Юра Сідун


Юра Сідун 23:20, 08.06.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1008 seconds.