«Найлепшы беларускамоўны альбом 2014» – Akute, Вольскі ці Tonqixod?
Аргкамітэт музычных узнагарод Experty.by абвесціў намінантаў на тытул "Найлепшы беларускамоўны альбом" па выніках 2014 года. Пераможца атрымае рэкламна- інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!".
Намінантамі на ўзнагароду сталі разнастайныя, але выбітныя рэлізы. Моладзевыя куміры Akute патрапілі ў лік прэтэндэнтаў з трэцім альбомам "Рэальнасць і сны", рок-легенда Лявон Вольскі з першай за пяць год сольнай працай "Грамадазнаўства", яскравы малады гурт Tonqixod з дэбютным альбомам "Прадмова".
У мінулым годзе пераможцам намінацыі стаў гурт BosaeSonca з акустычным альбомам "Адпусці".
– Перамога ў мінулым годзе для нас была знакавай. Яна фактычна ўратавала гурт ад прыпынення працы над музыкай (прынамсі, часовай), дала новы запал і жаданне ісці далей, – лічыць лідэр BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў. – Магчыма, у нас не стадыённая музыка, магчыма мы не найлепшыя мэнэджары і рэкламшчыкі саміх сябе, але ў нас заўжды было адчуванне, што мы аб'ектыўна вартыя большага, чым проста канцэрты для невялікай супольнасьці сяброў і знаёмых. Эксперты нам далі адказ на гэтае ўнутранае пытанне: "Так, вартыя". Мы паверылі і пачалі працаваць з іншым настроем. Дзякуючы прызавай падтрымцы "Будзьма беларусамі" адбыўся выдатны канцэрт, які даў нам дадатковы штуршок.
Пераможцы ўзнагарод Eхperty.by – найлепшыя беларускія альбомы 2014 у 12 намінацыях – стануць вядомыя заўтра (10 сакавіка) ўвечары. Лёс прызоў у большасці катэгорый, у тым ліку "Найлепшы беларускамоўны альбом", вызначаюць чатыры журы: два склады беларускіх музычных журналістаў, замежныя крытыкі, а таксама найбольш актыўныя карыстальнікі сайта.
Генеральны партнёр цырымоніі – інтэрнэт-правайдэр "Атлант Тэлекам", які забяспечыць рэкламна-інфармацыйную падтрымку канцэрта пераможцы галоўнай намінацыі – "Альбом года". Агульны спіс намінантаў і намінацый разам з адмысловай музычнай складанкай апублікаваны на сайце Experty.by