Experty.by узнагародзяць індзі-поп і электроніку

Аргкамітэт узнагародаў Experty.by прыняў рашэнне пра стварэнне 12-й намінацыі – «Найлепшы індзі-поп/электронны альбом». За перамогу ў ёй у гэтым годзе будуць змагацца дыскі праектаў (((O))), Mustelide і Vegetables. Гэта першыя абвешчаныя намінанты прэміі па выніках 2014.

Дагэтуль стылістычныя намінацыі адзначалі толькі найлепшыя рок, поп і фолк-альбомы, хаця спектр агледжаных у межах праекта дыскаў быў значна шырэй.

Гэта падвоеная намінацыя, якая аб’ядноўвае дзве памежныя з’явы. З аднаго боку альтэрнатыўную поп-музыку, дзе часцяком можна пачуць элементы электронікі. З іншага боку электроніку, з якой мы аглядаем частку, найбольш набліжаную да альтэрнатыўнага мэйнстрыму. Мы вырашылі, што прыспеў час звярнуць увагу публікі на гэты эксперыментальны сегмент сучаснай беларускай сцэны, які актыўна развіваецца, – тлумачыць кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

Намінантамі гэтага году ў дадзенай катэгорыі сталі артысты, якіх у гэтым годзе часта адзначалі за мяжой. Гомельскі электроншчык (((O))) з альбомам "Motherland" уразіў замежным спецыялістаў на VilniusMusicWeek; праект Mustelide выдаў альбом "Secret" на расійскім індзі-лэйбле «Тёмные лошадки»; гурт Vegetables з дыскам "Now And Then" патрапіў у агляд міжнароднага інтэрнэт-рэсурса Beehype. Намінанты ў астатніх катэгорыях будуць абвешчаны на наступным тыдні.

Генеральны партнёр узнагарод – інтэрнэт-правайдэр «Атлант Тэлекам», пры падтрымцы якога адбудзецца прызавы канцэрт пераможцы галоўнай намінацыі «Альбом года». Пераможцаў прэміі вызначаюць па галасах чатырох журы: штатных экспертаў (4 сталых аўтара), вялікага журы (16 беларускіх музычных журналістаў), замежных экспертаў (журналісты з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны), а таксама народных экспертаў (актыўныя карыстальнікі сайта).

20:10, 24/02/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0935 seconds.