Беларускі «Альбом году» будзе абвешчаны ў сакавіку

На пачатку сакавіка ў сёмы раз адбудуцца музычныя ўзнагароды Experty.by. Лепшыя беларускія альбомы 2014 вызначаць музычныя журналісты з Беларусі і суседніх краін. Генеральный партнёр прэміі – інтэрнэт-правайдэр «Атлант Тэлекам».

Зміцер Безкаравайны
Рэпартаж з мінулагодняй цырымоніі

З мінулага году ўзнагароды арыентаваныя на практычную карысць для музыкаў, якія атрымліваюць перамогі. Галоўны прыз цырымоніі – «Альбом году», уладальнік якога атрымлівае рэкламна-інфармацыйную падтрымку свайго канцэрта ад "Атлант Тэлекам". У мінулым годзе трыумфатарамі ўзнагарод нечакана сталі Сяргей Пукст і яго гурт Pukstband з дыскам "Последний альбом", да таго часу вядомыя толькі ў андэрграўндым асяродку.

На момант выдання "Последнего альбома" гурт Pukstband існаваў хутчэй намінальна. Перамагчы было, безумоўна, прыемна. Але ўласна прыз – добра арганізаваны вялікі канцэрт – адыграў істотную ролю ў тым, што аднавілася наша паўнавартасная канцэртная дзейнасць, – лічыць Сяргей Пукст. – У нашым збольшага інэртным сцэнічным асяродку калектывам цяжка пераверыць сябе на вялікай аўдыторыі, пераверыць, у якім напрамку ісці. Нас той выступ вельмі падтрымаў. Узнікла элементарная матывацыя. Проста стала зразумела, што ёсць пэўныя якасныя крытэрыі, якія надаюць знешне разнароднай музычнай прасторы Беларусі нейкую структуру, нейкую кропку адліку.

Яшчэ адзін прызавы канцэрт пры падтрымцы грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!" ў мінулым годзе атрымаў гурт BosaeSonca, які перамог у намінацыі "Найлепшы беларускамоўны альбом" з дыскам "Адпусці". А гомельскі электроншчык (((О))), які атрымаў "Прыз замежных экспертаў" за альбом "ForeverIAm", пры падтрымцы Experty.by выступіў на шоукейс-фестывалі Vilnius Music Week, дзе быў персанальна ўсхвалены першым мэнэджэрам Pink Floyd Пітэрам Джэнэрам і іншымі замежнымі спецыялістамі.

У межах узнагарод, якія адбудуцца пры падтрымцы беларускага партала Tut.by, таксама будуць адзначаны найлепшыя альбомы ў стылях поп, рок і фолк, найлепшы інструментальны і дэбютны альбом. У галасаванні па выніках 2014 году ўзялі ўдзел 16 беларускіх, 5 замежных, а таксама шэраг народных экспертаў – найбольш актыўных карыстальнікаў сайта. Поўны пералік намінацый, рэгламент узнагарод і спісы пераможцаў мінулых гадоў глядзіце на сайце www.experty.by.

18:55, 19/02/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0917 seconds.