Дамовы, рахункі, акты: створаныя бясплатныя беларускамоўныя шаблоны тыповых бізнес-докаў

Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу ініцыявала стварэнне працоўнай групы па перакладзе на беларускую мову пакета тыпавых дакументаў, неабходных для вядзення бізнесу. Адмыслоўцы падрыхтавалі беларускамоўныя шаблоны дзесяці найбольш ужывальных дакументаў: акта выкананых работ, даверанасці, дамовы камісіi, дамовы куплі-продажу, дамовы на аказанне паслуг, загада аб прыёме на працу, пратакола, працоўнай дамовы, рахунка-фактуры і статута.

Пытанне аб неабходнасці мець шаблоны дакументаў на беларускай мове было ўзнята слухачамі першага набору курсаў бізнес-беларускай, распачатых Асацыяцыяй Еўрапейскага Бізнесу.

У распрацоўцы беларускіх тыпавых юрыдычных дакументаў прынялі ўдзел:

  • Алена Анісім, першы намеснік Старшыні ТБМ, навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі
  • Вераніка Мазуркевіч, лінгвіст, выкладчык курсу бізнес-беларускай у АЕБ
  • Кампанія «Праўны пераклад»
  • Iнтэрнэт-агенцтва перакладаў LINGVA-BY

Надалей Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу плануе дапаўняць пакет дакументаў.

«Таму будзем удзячны за іншыя перакладзеныя юрыдычныя дакументы або свае прапановы наконт таго, якіх яшчэ дакументаў не хапае вашай кампаніі для вядзення справаводства па-беларуску», – гаворыцца на сайце арганізацыі.

Да 19 студзеня 2015 года Асацыяцыя праводзіць другі набор на курс па вывучэнні дзелавой беларускай мовы. Прадстаўнікі камерцыйных кампаній атрымаюць магчымасць развіць навыкі вуснай і пісьмовай бiзнес-камунiкацыi на беларускай мове для правядзення дзелавых перамоваў, нарад, прэзентацый, сумоўяў і г.д.

Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнеса рэкамендуе пры падрыхтоўцы дакументаў звяртацца за кваліфікаванай дапамогай юрыстаў. Дадзеныя формы дакументаў прадстаўлены ў якасці ўзораў выключна для адукацыйных мэтаў.

Спампаваць дакументы ў ZIP-архіве

21:40, 13/01/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1505 seconds.