У Менску адкрываюцца курсы беларускай мовы для бізнесоўцаў

Ілюстрацыя: Animatarka, Generation.by

Адмысловы курс па вывучэнні бізнес-беларускай адкрывае 5 верасня Асацыяцыя Еўрапейскага Бізнесу.

Да навучання запрашаюць прадстаўнікоў камерцыйных кампаній, якія атрымаюць магчымасць развіць навыкі вуснай і пісьмовай бiзнес-камунiкацыi для правядзення перамоваў, нарадаў, прэзентацый і сумоўяў на беларускай мове. 

«Ідэя стварэння курсаў па вывучэнні бізнес-беларускай з'явілася ў Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу (АЕБ) не выпадкова. Беларуская з'яўляецца адной з афіцыйных моваў у краіне, аднак магчымасці і прапановы па вывучэнні бiзнес-беларускай на дадзены момант адсутнічаюць і было вырашана запоўніць гэты прабел», — піша сайт Асацыяцыі.

Буйныя прыватныя кампаніі ўсё часцей выкарыстоўваюць беларускую мову для прасоўвання сваёй прадукцыі і паслуг. У Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу, у сваю чаргу, вырашылі падтрымаць гэтую тэндэнцыю і надаць бізнес-беларускай большую значнасць праз арганізацыю курсаў па яе вывучэннi на пляцоўцы АЕБ. 

Першы курс заняткаў разлічаны на 4 месяцы з 5 верасня па 12 снежня 2014 г. Для зручнасці слухачоў заняткі будуць праходзіць адзін раз на тыдзень з 9.00 да 10.30 раніцы па пятніцах у сядзiбе АЕБ па адрасе завулак Казлова 7, офіс 535. Па завяршэнні навучання будзе прадстаўлена магчымасць прайсцi распрацаваны Таварыствам Беларускай Мовы стандартызаваны тэст для праверкі ўзроўню ведання беларускай мовы. 

Па пытаннях запісу на заняткі трэба звяртацца да Алесі Курыловіч, менеджара па працы з кліентамі АЕБ, па адрасе электроннай пошты alesia.kurilovich@aebbel.by, альбо па тэлефоне +375 17 245 9834 / + 375 29 167 9948 не пазней за 25 жніўня 2014 г.


17:30, 12.08.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0546 seconds.